Польшча — Беларусі: Вызваліце Пачобута — адкрыем пераход «Баброўнікі»

Міністр унутраных спраў Польшчы заявіў, што адкрыццё памежнага пераходу «Баброўнікі — Бераставіца» залежыць ад таго, ці вызваляць беларускія ўлады журналіста Андрэя Пачобута, паведамляе Польскае радыё.

Салідарнасць з Андрэем Пачобутам у Польшчы. Фота Anatol Chomicz / Forum

Салідарнасць з Андрэем Пачобутам у Польшчы. Фота Anatol Chomicz / Forum

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі ды міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы Мар'юш Каміньскі заявіў, што памежны пераход «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю будзе закрыты да моманту, пакуль дзеяч польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі і журналіст Андрэй Пачобут не будзе вызвалены з турмы. Ён сказаў, што «беларускаму боку высланы выразны сігнал» адносна згаданага пытання.

«Як толькі Пачобут будзе вызвалены, на наступны дзень мы адкрыем пераход "Баброўнікі"», – сказаў польскі міністр.

Каміньскі таксама падкрэсліў, што на кожныя дзеянні беларускага рэжыму, накіраваныя супраць Польшчы і палякаў у Беларусі, Варшава адкажа «адэкватна і цвёрда». Чыноўнік паведаміў, што Польшча рыхтуе свой санкцыйны спіс асоб, якія адказныя за рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў.


Варта згадаць, што аўтамабільны пераход «Баброўнікі» (на беларускім баку КПП «Бераставіца») быў закрыты паводле рашэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы 10 лютага. Гэта быў адказ афіцыйнай Варшавы на прысуд вядомаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Беларусі Андрэю Пачобуту, які напярэдадні атрымаў 8 гадоў пазбаўлення свабоды.

Нагадаем, Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў следчай турме Жодзіна, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску, ад верасня 2022-га — у СІЗА ў Гродне.


Працэс над Андрэем Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У кастрычніку беларускія ўлады дадалі Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».