Лукашэнка адмовіўся памілаваць Сафію Сапега

Палітзняволенай грамадзянцы Расіі Сафіі Сапега, затрыманай у траўні 2021 года разам з журналістам Раманам Пратасевічам, адмовілі ў памілаванні. Пра гэта «М*дыязоне» распавёў адвакат Антон Гашынскі.

photo_2023_01_10_18_17_56.jpg

У верасні мінулага году Сапега прайшла першы этап памілавання. «Адміністрацыя калоніі дала станоўчае заключэнне па хадайніцтве Сафіі і прызнала, што ёю прыняты ўсе меры для звароту па памілаванне. Далей яго будзе разглядаць камісія па пытаннях памілавання пры прэзідэнце, на гэта можа сысці каля трох месяцаў», — казаў тады журналістам «Бі-бі-сі» адвакат Антон Гашынскі.

Раней стала вядома, што Сафія Сапега заплаціла праз бацьку штраф у 175 тысяч беларускіх рублёў (каля 68 тысяч долараў). Яго спагнаў суд на карысць больш як 70 пацярпелых сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў. Сафію, якая з'яўляецца грамадзянкай Расіі, асудзілі на 6 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала «Ч*рная кніга Беларусі».

Па словах адваката Гашынскага, па законе без пагашэння шкоды ўлады Беларусі не могуць перадаць асуджаную ў Расію. У вырашэнні пытання аб памілаванні пагашэнне шкоды таксама з'яўляецца ключавой умовай.

Сафія Сапега адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі па выраку суда, які ўступіў у моц 17 траўня — яна прызнана вінаватай ва ўзбуджэнні сацыяльнай варожасці і незаконным зборы звестак аб прыватным жыцці.

Кожнаму пацярпеламу Сапега мусіла выплаціць ад 1 да 5 тысяч беларускіх рублёў. Самыя вялікія сумы суд прысудзіў тром пазоўнікам — намесніку старшыні віцебскага аддзела міліцыі Дзмітрыю Зяцеву, старшыні суда Мазырскага раёна Анатолю Стральчанку і нейкай Ірыне Кашчук (верагодна, суддзя дапусціў памылку друку і гаворка ідзе пра маёра міліцыі Лельчыцкага РАУС Іну Кашчук).

Па словах адваката Гашынскага, такіх маштабных прысудаў — па колькасці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу — да яе справы ў Беларусі не было.

Няма сумневаў, што па ўласным меркаванні камісія па памілаванні палітвязняў рашэнні не прымае — на гэта неабходны дазвол Лукашэнкі. Як бачым, у дачыненні да Сафіі Сапега дазволу дадзена не было.