Хронікі рэпрэсій за 10 студзеня

З дапамогай СМІ і праваабаронцаў сабралі асноўныя факты палітычнага пераследу беларусаў 10 студзеня.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_1.jpg

VК заблакаваў старонкі «Люстэрка» і праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Беларусі.

Гэта было зроблена на запыт Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Следчы камітэт скончыў расследаванне справы ў дачыненні да адваката Аляксандра Данілевіча

 Яго абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся «дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі».

«Падчас расследавання ўстаноўлена, што, нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, адвакат вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму», — гаворыцца ў паведамленні СК.


Палітвязня Аляксандра Раентава перавялі ў жодзінскую турму

У судзе Івацэвіцкага раёна палітвязню Аляксандру Раентаву ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму № 8. Вядома, што ў чэрвені палітвязня змяшчалі ў ПКТ.

Нагадаем, палітвязень першы раз быў жорстка затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам са сваёй сястрой Наталляй. Відэа затрымання разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. Тады Аляксандр атрымаў арышт, на яго сястру была заведзеная крымінальная справа. Па крымінальнай справе ён быў затрыманы ў пачатку снежня. Яго абвінавацілі па арт. 342 КК і па арт. 363 КК. 17 траўня 2021 года Аляксандра пакаралі 5 гадамі калоніі.

Гомельскі актывіст Ілля Міронаў накіраваў скаргу на начальніка ізалятара часовага ўтрымання.

Валанцёр просіць распачаць крымінальную справу ў дачыненні да начальніка гомельскага ізалятара часовага ўтрымання Баравых. На думку Іллі, начальнік ІЧУ парушыў некалькі артыкулаў: «злоўжыванне ўладай» (ч.2 арт. 424 КК) і «пераўвышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК).

У Брэсце пачаўся суд над палітвязнем Юрыем Касцюком, якога таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь.

У Брэсцкім абласным судзе сёння пачынаюць судзіць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК палітзняволенага Юрыя Касцюка, якога вясной вывезлі з Расіі. Справу разглядае суддзя Святлана Крэмянеўская.

Паводле абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя».

Пяць месяцаў Юрый утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх.

Адміністратара тэлеграм-чата «Жыве Лунінец» будуць судзіць па 5 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка, верагодна, ідзе пра Аляксандра Сумара.

Прэс-служба пракуратуры Брэсцкай вобласці паведаміла, што накіравана ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Лунінца. Яго затрымалі ў ліпені 2022 года, а ў канцы лістапада чат быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Таму следства (а таксама пракуратура) абвінавацілі яго ч.1 арт.361-1 КК (Кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).

Таксама мужчыну інкрымінуюць абразы прадстаўнікоў улады, паклёп на Лукашэнку, «падбухторванне» ўдзельнікаў чата да дзеянняў, якія груба парушаюць парадак. Таксама яго абвінавачваюць у «закліках да акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны».


Для пяці фігурантаў «справы ЧКБ» пракурор запрасіў па 12 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе працягваецца завочны суд у рамках «спецыяльнай вытворчасці» па справе «Чорнай кнігі Беларусі», па якой праходзяць адразу пяць чалавек, — Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Усе яны знаходзяцца за мяжой. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Наталля Бугук.

Пяць чалавек абвінавачваюць за адміністраванне Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі» па двух артыкулах КК: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 (незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных). КДБ унёс фігурантаў у «тэрарыстычны спіс».

Прысуд будзе абвешчаны 17 студзеня.

У Светлагорску на працоўным месцы затрымалі Уладзіміра Адзінца.

У мінулую пятніцу ў КЖУП «Светач» прыйшлі сілавікі і затрымалі супрацоўніка Уладзіміра Адзінца. Яму адзелі кайданкі і павезлі, меркавана, у РАУС. Папярэдне вядома, што прычынай сталі каментары ў сацыяльных сетках.

Адміністратару тэлеграм-канала «Спадчына» прызначылі 15 сутак арышту.

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці пераследу адміністратара тэлеграм-канала «Спадчына» Уладзіслава Чаховіча, якога затрымалі 26 снежня. 27 снежня суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Таццяна Палулех асудзіла хлопца на 15 сутак арышту. Уладзіславу інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Вулічнага музыканта, які спяваў у Мінску «Воины Света», адправілі на «суткі».

Пра гэта распавёў былы арыштант, які сядзеў с хлопцам: «Музыку вулічнага дзесьці чысла 30-га нам закінулі. Ён у Мінску «Воины Света» [песня гурта «Ляпіс Трубяцкі»] граў. Сказаў, што нейкая дзяўчынка яго засняла і ў міліцыю відэа адправіла». Прозвішча хлопца, а таксама артыкул, па якім яго судзілі, пакуль невядомыя.

Спявачку Мэрыем, якую затрымалі з-за песні на ўкраінскай мове, пачнуць судзіць 19 студзеня.

Дзяўчыну абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд над ёй распачнецца 19 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Шабуня.

Нагадаем, спявачку затрымалі ў бары «Банкі-бутэлькі» напачатку жніўня пасля выканання твораў украінскага гурта «Акіян Эльзы» на Зыбіцкай — той факт, што дзяўчына спявала песні на ўкраінскай мове, абурыў прапагандыстаў. Пазней Мэрыем прызначылі 30 сутак арышту.

Выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі.

Прычым выдавецтва было пазбаўлена ліцэнзіі ў судовым парадку.

 

Палітзняволенай Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні. Пра гэта распавёў яе адвакат Антон Гашынскі.

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 траўня 2022 году асудзіў Сафію Сапегу да 6 гадоў калоніі. Яе абвінавацілі адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама з яе спагналі на карысць пацярпелых матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на агульную суму 167 500 рублёў.

Камісія па ацэнцы «інфармацыйнай прадукцыі на прадмет экстрэмізму» знайшла яго ў 98,5% выпадкаў.

Пра гэта распавяла дэпутатка Лілія Ананіч, якая і ўзначальвае гэтую камісію: «За перыяд 2021-2022 гг. камісіяй праведзена ацэнка 1400 аб'ектаў даследавання, якія паступілі, з іх у 1379 прыкладах ўстаноўлена наяўнасць прыкмет праявы экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму. Па ўсіх выяўленых матэрыялах прыняты адпаведныя рашэнні».

У Гродне быў затрыманы Сяргей Ботвіч

На камеру хлопец кажа, што яго затрымалі за ўдзел у мітынгах, за заклік да ўдзелу ў іх, заклік «паліць аўтазакі» і да гвалту на адрас міліцыі.

Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы — повар піцэрыі, які ў 2020 годзе стварыў два пратэсныя дваровыя чаты.

Вядомага рэпэтытара Яўгена Лівянта асудзілі другі раз

Яўгена Лівянта не выпусцілі на ворлю, а асудзілі другі раз па адміністрацыйным артыкуле і дадалі яму 10 дзён арышту.

Першы раз заснавальніка рэпэтытарскага цэнтра «100 баллов» Яўгена Лівянта затрымалі 28 снежня і асудзілі на 14 дзён арышту за нібыта «дробнае хуліганства». Таксама затрымалі жонку і дачку Лівянта і саўладальніка цэнтру «100 баллов» Аляксея Іванова.