Выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі
Выдавецтва «Янушкевіч» пазбаўлена выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі, паведамляе «Кнігаўка».
Сёння стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі. Прычым у судовым парадку.
«Найверагодней, быў прыменены артыкул 33 Закона аб выдавецкай справе. Калі не памыляемся, такое здараецца ўпершыню ў найноўшай гісторыі», — адзначаецца ў тэлеграм-канале «Кнігаўка».
Нагадаем, ціск на выдавецтва распачаўся ў 2022 годзе. Спачатку выдавецтва пазбавілі офіса. 22 сакавіка 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Мінску. Пасля гэтага выдавецтва абвясціла распродаж кніг, і хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не сканчалася некалькі дзён.
А менш чым праз месяц пасля гэтага сілавікі закрылі кнігарню выдавецтва, якая здолела папрацаваць толькі некалькі гадзін. Так, 16 траўня ГУБАЗІК зладзіў ператрус у «Кнігаўцы», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове. 200 кніг былі адпраўлены на экспертызу па прыкметах экстрэмізму. Самога Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую пакаралі арыштам.
А ў кастрычніку 2022 года сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з прыватнымі выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы».