Пасля ператрусу ў кнігарні «Кнігаўка» затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы

Пасьля ператрусу ў новай кнігарні «Кнігаўка» зьнікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.

ebd6efad_89ee_4be6_bd7f_e0c16ed797c1_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

Андрэй ноч правёў у Першамайскім РУУС, паведамляе беларускае радыё, прызнанае «экстрэмісцкім». Родныя спрабуюць высьветліць акалічнасьці. У судах няма інфармацыі, ці будуць разглядацца адміністрацыйныя справы Янушкевіча і Карнацкай.

Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Зьмітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнэраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.

Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданьнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.

У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.

22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Менску. Пасьля гэтага выдавецтва абвясьціла распродаж кніг і хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не сканчалася некалькі дзён.

Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасьць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Фармальнай падставай стала парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».