Навіны дня. «Расколатае» грамадства, уплыў санкцый на эканоміку і няспынны махавік рэпрэсій

У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўнае, што адбылося ў краіне сёння, 16 траўня.

samae_halounae.jpg


Можа быць, упершыню за доўгі час беларускія ўлады сказалі праўду па тэлебачанні... па арабскім тэлебачанні. У інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія» прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка агучыў прыкладныя страты Беларусі ад санкцый. Падрабязнасці — тут.
На фоне вайны ва Украіне Беларусь сышла з інфармацыйнай павесткі замежных СМІ. У кароткім дайджэсце разбіраемся, як бачаць нашу краіну за мяжой і чаму нават збоку беларускае грамадства выглядае расколатым.
Сёння трагічна загінуў яшчэ адзін беларус, які абараняў Украіну, — камандзір адной з рот батальёна Кастуся Каліноўскага Павел «Волат». Ён атрымаў смяротнае раненне падчас аперацыі па вызваленні ўкраінскай вёскі.
Медыцына ў турме: што ўяўляе сабой турэмны шпіталь, як працуе сістэма і што гэта значыць для палітвязняў, — чытайце тут.
У Беларусі ўпершыню правялі ўнутрычэраўную карэкцыю прыроджанай заганы развіцця. Гэтую складаную аперацыю правялі на 26-м тыдні цяжарнасці жанчыны.
Весткі з палёў рэпрэсій. 237 чалавек былі затрыманыя з пачатку 2022 года за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Каб «палепшыць паказчыкі», супрацоўнікі сілавых структур збіраюцца «ўдасканаліць» заканадаўства: «хапаць» прапануецца нават за падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс.
Палітзняволеная Вольга Класкоўская, якая знаходзіцца ў гомельскай калоніі, убачылася з маці — ёй дазволілі кароткатэрміновае трохгадзіннае спатканне.
Жыхар Гомеля атрымаў год зняволення за фразу «Падпальваем табакеркі». Мужчыну судзілі па «народным» 342-м артыкуле.
Выйшаў на волю палітвязень Ігар Мыслівец, які быў асуджаны па «справе размаляваных цюкоў»: за размаляваныя ў бчб-колеры цюкі саломы пад Дзяржынскам мужчына адбыў год калоніі.
Палітвязня Мікіту Траццякевіча (байкера, якога абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі) змясцілі ў ШІЗА калоніі «Віцьба». Прычыны і тэрмін прымянення санкцыі невядомыя.
Не паспела кнігарня адкрыцца, як да яе ўжо прыйшлі: у новай кніжнай краме «Кнігаўка» ад выдавецтва «Янушкевіч» сёння пабывалі сілавікі. Ператрус прайшоў пасля таго, як краму наведалі дзяржаўныя прапагандысты.