Палітзняволеная Вольга Класкоўская сустрэлася з маці ў калоніі

Маці палітзняволенай Вольгі Класкоўскай днямі трапіла на кароткатэрміновае спатканне з дачкой у гомельскай калоніі №4. Яны размаўлялі больш за тры гадзіны па тэлефоне і праз шкло.

klaskouskaja_new.png.crdownload

Па словах маці, праз тое, што Вольгу ўтрымлівалі 40 дзён у карцары і тры месяцы ў памяшканні камернага тыпу, у яе з'явіліся праблемы з суставамі і вачамі, а таксама прагрэсуе варыкоз вен, таму ацякаюць ногі. Таксама маці адзначае, што яна вельмі схуднела. Лекар у калоніі прызначыў ёй лячэнне, таму маці пачала перадаваць ёй неабходныя лекі. Але Класкоўская працягвае трымацца добра. Вольга перадала, што ў калоніі бачыць іншых палітзняволеных, у тым ліку і Марыю Калеснікаву. Лістоў ад знаёмых перадаюць няшмат, толькі ад сваякоў. У калоніі палітзняволеная прайшла перанавучанне і цяпер ушывае гузікі, заклёпкі і шые нейкія дробныя рэчы.
Нядаўна камісія жаночай калоніі ў чарговы раз адмовілі Вользе ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Таксама стала вядомая дакладная дата вызвалення Класкоўскай — 14 снежня 2022 года.
Нагадаем, год таму Вольгу асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а ў студзені 2022 — за каментар у адрас брэсцкага міліцыянта. За «абразу прадстаўніка ўлады» Вользе прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. За ўвесь час у няволі Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцар і ў памяшканне камернага тыпу.
Падтрымайце Вольгу: ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Вользе Аляксандраўне Класкоўскай