Стала вядома, як на дзяржаўкцыёнах распрадаюць маёмасць Віктара Бабарыкі
Сам былы кандыдат у прэзідэнты ў гэты час адбывае вялікі «палітычны» тэрмін у наваполацкай калоніі.
Як высветліла «В*цебская вясна», у 2022 годзе на аўкцыён выстаўлялі лоты аднаго з самых вядомых беларускіх палітвязняў, былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Гаворка пра аптычны прыцэл і долі ў статутных фондах розных кампаній. Пры гэтым на некаторых лотах хоць і быў пазначаны завінавачаным былы банкір, але належалі яны, як вынікае з абвестак, ягонаму сыну Эдуарду — таксама палітычнаму зняволенаму, які без суда знаходзіцца за кратамі ўжо больш за два з паловай гады.
Нагадаем, раней у 2021-м з малатка сышоў арыштаваны
аўтамабіль Ford Fiesta Віктара Бабарыкі.
Праз інтэрнэт-пляцоўку «БелЮрЗабеспячэнне» акрамя
Ford Fiesta (яго ў выніку прадалі на таргах у 2021 годзе, пра гэта пісалі
многія СМІ) Віктара Бабарыкі рэалізавалі таксама аптычны прыцэл Victory V8 з
драпінамі на корпусе. На таргі яго ў 2022 годзе выстаўлялі тройчы.
Першы раз прыцэл прадавалі летась у ліпені. Пачатковы кошт
лота складаў 1400 рублёў. У таргах узялі ўдзел восем чалавек, перамог
удзельнік, які прапанаваў суму 5306 рублёў. Аднак аўкцыён прызналі
несапраўдным, бо пераможца не аплаціў пакупку.
Другі раз аўкцыён прайшоў у верасні 2022 года, пачатковую
цану на прыцэл знізілі да 1120 рублёў. У аўкцыёне ўзялі ўдзел сем чалавек,
перамагла стаўка 4 599,40 рубля. Але як і першы раз, лот не аплацілі, аўкцыён
не адбыўся.
Трэці раз прыцэл прадавалі летась у лістападзе. У таргах
узялі ўдзел 11 чалавек. Лот уцанілі да 840 рублёў, яго прадалі за 3 918,6
рубля, на гэты раз прыцэл аплацілі.
Нагадаем, што 59-гадовы Віктар Бабарыка — банкір і грамадскі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта — быў асуджаны на 14 гадоў за «легалізацыю («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам і атрыманне хабару». Ён адбывае пакаранне новаполацкай папраўчай калоніі №1 ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У 2020 годзе шматлікія сацыялагічныя апытанні паказвалі, што электаральны рэйтынг Віктара Бабарыкі — найбольшы сярод патэнцыйных удзельнікаў выбарчай гонкі. Штаб і валанцёры былога банкіра сабралі рэкордную — больш за 400 тысяч — колькасць подпісаў за яго кандыдатуру сярод усіх апанентаў Лукашэнкі на ўсіх выбарах. Менавіта гэтыя подпісы былі ў першую чаргу рэжымам алічбаваныя, а тых, хто іх пакінуў, пазней рэпрэсавалі — звычайна іх звальнялі з працы, калі гэтая праца мела дачыненне да дзяржавы.
Цяпер, як вядом, улады спрабуюць прадаць з малатка кватэру Сяргея Ціханоўскага на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Аднак пакупнікоў пакуль не знайшлося. Імаверна, у тым ліку таму, што людзі ведаюць, каму належыць нерухомасць.