Хронікі рэпрэсій. Ператрусы — па ўсёй краіне, пад іх трапілі больш за 60 чалавек

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 10 сакавіка.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


Праваабаронцам стала вядома пра затрыманні і ператрусы ў Бабруйску. Так, стала вядома пра ператрус у Аляксандра Леаненкі. Андрэя Сініцу затрымалі з самай раніцы пасля ператрусу — яго неаднаразова адпраўлялі ў турму па палітычных матывах у 2020 і 2021 гадах.

* * *

У Гродне затрыманы фатограф Валерый Юдзін. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Валерый — фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса «Твой горад Гродна». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме. Ён захаваў сцяг БЧБ, які да 1995 года вісеў на будынку аблвыканкама.

* * *

Сілавікі абшукваюць лецішчы людзей, раней затрыманых па палітычных матывах

Як паведамляюць праваабаронцы, пасля затрымання ў Бараўлянскім сельсавеце меркаванага «ўкраінскага тэрарыста», нібыта датычнага да дыверсіі ў Мачулішчах, назіраецца актыўнасць сілавікоў і ў іншых садовых таварыствах.

Сёння на станцыі Палонка (Баранавіцкі раён) да гаспадароў адной з дач прыйшлі сілавікі разам з міліцыянтамі. Паведамляецца, што праваахоўнікі праяўляюць асаблівую цікавасць да людзей, раней затрыманых па палітычных матывах — іх па надуманых падставах просяць прыехаць да свайго дома для правядзення ператрусу.

Адзначым, што з пачатку вайны на станцыі Палонка былі заўважаныя расійскія войскі і тэхніка.

* * *

Cёння адбыліся некалькі ператрусаў у вёсцы Малыя Якавічы ў Пружанскім раёне. Нагода для пераследу жыхароў вёскі — паслявыбарчыя пратэсты ў 2020 годзе. Па звестка на 2019 год у гэтай вёсцы жылі ўсяго 53 чалавекі — аднак вядома пра як мінімум два ператрусы і некалькіх затрыманых людзей. Яны зараз знаходзяцца ў ІЧУ і чакаюць суда.

Таксама вядома, што ў саміх Пружанах на тыдні таксама адбываліся ператрусы з гэтай нагоды.

* * *

Сілавікі сцвярджаюць, што толькі за ўчора ГУБАЗіК «адпрацаваў» больш за 60 чалавек. Як заяўляюць у МУС, «намаганні супрацоўнікаў ГУБАЗіК накіраваны на выяўленне схаваных ячэек экстрэмістаў і іх памагатых, у тым ліку асоб, якія фінансуюць злачынную дзейнасць супраць Беларусі. Як правіла, асоб, звязаных з наймітамі і членамі экстрэмісцкіх фарміраванняў, такіх як план «Пер*мога», гатовых супрацоўнічаць з тэрарыстамі. Кропкава спыняецца дзейнасць актывістаў унутры краіны, якія распальваюць варожасць у Інтэрнэце».

21 з «адпрацаваных» прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, 5 — да крымінальнай.

* * *


* * *

Брэсцкага актывіста і блогера Дзмітрыя Гарбунова будуць судзіць 16 сакавіка ў Маскоўскім судзе Брэста па двух крымінальных артыкулах. Гарбуноў абвінавачваецца паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Працэс будзе весці Марыя Аліферук.

Гарбуноў быў затрыманы ў сярэдзіне студзеня і змешчаны ў Брэсцкі следчы ізалятар.

* * *

У Гродне сілавікі затрымалі дзядзьку і цётку жыхаркі Гродна Карыны Маліноўскай, якая з'ехала ў Польшчу і прайшла там трэніроўку ў лагеры B*POL. Пра гэта паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.

На апублікаваным сілавікамі відэа дзядзька Карыны (у паведамленні ён названы яе хросным бацькам) кажа, што зарэгістраваўся ў чат-боце плана «Пер*мога» і знаходзіцца ў пратэстных гарадзенскіх чатах. У роліку выкладзена яго сумеснае фота з Сяргеем Ціханоўскім.

Паведамляецца, што нядаўна была затрыманая і цётка дзяўчыны, нібыта за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках. Па словах Карыны, жанчыну затрымалі 23 лютага, цяпер яна знаходзіцца ў Гродзенскім ізалятары і абвінавачваецца па крымінальным артыкуле, які сваякам не выдаюць.

Раней, у студзені 2022 года, затрымлівалі маці Карыны, якую аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.

21-гадовая Карына Маліноўская пераехала з Гродна ў Польшчу ў 2021 годзе, адкрыла тату-салон у Беластоку.

* * *

10 сакавіка МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго ўнесена 28 чалавек. Сярод іншых — грамадскі дзеяч Анастасія Кухта, 20-гадовы Андрэй Раптуновіч, валанцёр фонду «Краіна для ж*цця» Антон Сташэўскі, «чыгуначны партызан» Віталь Мельнік, фігуранты «справы АГСБ» Зміцер Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурка.

На гэты момант у «спісе экстрэмістаў» значыцца 2531 чалавек.

* * *


* * *

13 лютага ў судзе Партызанскага раёна Мінска Дзмітрыя Ступакевіча асудзілі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Падставай для затрымання стала фатаграфія, якую міліцыянты знайшлі ў Інтэрнэце. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Абвінавачаны знаходзіўся пад вартай да абвяшчэння прысуду і быў вызвалены ў зале суда.

* * *

У медыя з’явілася інфармацыя, што «з дапамогай і пры ўдзеле намесніка ад КДБ» склалі тры спісы нелаяльных супрацоўнікаў Ліцэя БДУ. У гэтыя спісы ўключаныя непасрэдныя ўдзельнікі пратэстаў, асобы, якія «данацілі» грошы на розныя ініцыятывы і тыя, хто ў 2020 годзе ставіў подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты.

* * *

Вярхоўны Суд 10 сакавіка разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня Яўгена Юшкевіча. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Юшкевічу без змен, а скаргу без задавальнення.

Былога следчага і ініцыятара праекта ByChange затрымалі 19 красавіка 2021 года. Больш за месяц у закрытым рэжыме яго судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у 2020 годзе, «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» ў інтэрв'ю і тэкстах у сацсетках, «пагрозу гвалтам» начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт.

26 снежня мінулага года Яўгену Юшкевічу прысудзілі 11 гадоў калоніі.