Судзяць адваката Аляксандра Данілевіча — за тое, што «вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам»

У Мінскім гарадскім судзе сёння, 10 сакавіка, распачынаецца суд над палітзняволеным адвакатам Аляксандрам Данілевічам, паведамляюць праваабаронцы.

Аляксандр Данілевіч

Аляксандр Данілевіч

Аляксандра Данілевіча абвінавачваюць у «дапамаганні ў закліках да санкцый» спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю «экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу».

За кратамі адвакат утрымліваецца амаль 10 месяцаў. Справу палітвязня будзе разглядаць суддзя Таццяна Фалькоўская.

Паводле версіі абвіначання, Аляксандр Данілевіч з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года «шляхам дачы саветаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны, у тым ліку прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе фізічных і юрыдычных асоб». Такія заклікі адрасаваліся замежнай дзяржаве, замежнай і міжнароднай арганізацыям і былі здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту.

Раней Следчы камітэт пісаў, што Данілевіч, «нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Скаапераваўшыся з прадстаўнікамі дэструктыўных ячэек, Герасіменяй і Апейкіным, актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Адным з яскравых прыкладаў злачыннай дзейнасці Данілевіча з'яўляецца падрыхтоўка лістоў і дакументаў на адрас нарвежскай кампаніі «Yara», якая з'яўляецца надзейным буйным пакупніком прадукцыі ААТ «Беларуськалій» — калійных угнаенняў. У сваіх «лістах» ён выклаў заведама ілжывыя звесткі пра палітычную, эканамічную і сацыяльную сітуацыі ў Беларусі. Усю сваю дэструктыўную дзейнасць «адвакат» рэалізоўваў не самастойна, а прыкрываўся так званымі «страйкавымі камітэтамі». Напаследак, у спробе атрымаць грамадскае прызнанне ў шэрагах экстрэмістаў, у сакавіку мінулага года Данілевіч адкрыта размаўляў з экстрэмісцкімі рэсурсамі для стварэння дэструктыўнай інфармацыйнай павесткі».


Нагадаем, 26 снежня 2022 года Мінгарсуд завочна асудзіў спартсменку Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейніка. Паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі») ім прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі. Спартоўцаў прызналі вінаватымі ў тым, што яны праз «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Менавіта гэты перыяд дапамагання Герасімені і Апейкіну ставіцца ў віну адвакату. 20 траўня Данілевіч быў затрыманы.

Адваката абвінавачваюць у тым, што з 17 жніўня 2020 года па 1 сакавіка 2021 года ён падрыхтаваў і адрэдагаваў тэксты не менш чым трох зваротаў ад прадстаўнікоў «стачачных камітэтаў» на адрас нарвежскай кампаніі «Yara». Акрамя таго, Данілевіч даў інтэрв'ю экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу, але не паведамляецца, якому менавіта.

На думку праваабарончых арганізацый, інкрымінуемыя Данілевічу падрыхтоўка лістоў і дакументаў на адрас нарвежскай кампаніі «Yara» як «яркі прыклад злачыннай дзейнасці» з'яўляецца законным дзеяннем у рамках аказання юрыдычнай дапамогі, таму што яны павінны былі заклікаць кампанію «Yara» да захавання стандартаў бізнесу і правоў чалавека і сваіх абавязацельстваў у гэтай сферы, якія замацаваны ў асноўных прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека ААН і карпаратыўных палітыках самой кампаніі.

Нагадаем, адвакат быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Пэўны час сутнасць справы не была вядома, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча вінавацяць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).

Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандр Станіслававіч Данілевіч