Хронікі рэпрэсій. Асудзілі грамадзяніна Украіны, узмацнілі абвінавачванне брату каліноўца

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 9 сакавіка.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2_1.jpg

Вынесены прысуд па справе за «агентурную дзейнасць на карысць Украіны». Суддзя Руслан Царук вынес наступныя прысуды: грамадзяніну Украіны Паўлу Купрыенку прызначылі паводле арт. 358-1 (агентурная дзейнасць) 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, жыхара Гомельшчыны Тараса Мачынскага абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і прысудзілі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, 32-гадовага Дзмітрыя Салавянчыка прызналі вінаватым ва «ўкрывальніцтве слядоў цяжкага злачынства» і прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічыняў (14 800 рублёў).

Стрыечнаму брату намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука дадалі яшчэ тры артыкулы. Справу палітзняволенага жыхара Бабруйска Сяргея Франчука перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Калі раней Сяргею інкрымінавалі толькі «народны» арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), то цяпер яго абвінавачваюць ажно па чатырох артыкулаў — яму дадалі арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне варожасці).

Нагадаем, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага затрымалі ў жніўні. Ёсць інфармацыя, што падчас затрымання Сяргея моцна збілі.

Палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Палітвязень быў затрыманы 29 кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў яму 20 гадоў калоніі. З канца траўня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11, дзе на яго ўвесь час аказвалі ціск: неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА, а нядаўна на 4 месяцы адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Стала вядома, што 23 сакавіка ў Ваўкавыску над ім адбудзецца суд паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Талашка.

У судзе Лідскага раёна асудзілі Ілью Мазоля паводле ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя Аляксандр Мішураў прызначыў Ілью адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Ілью абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пакінуў у тэлеграм-чаце «Ліда 97%» каментары і відэа «з мэтай узбуджэння ў неабмежаванай колькасці карыстальнікаў месенджара «Тэлеграм» пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Суд расцаніў дзеянні Ільі як арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Па палітычнай справе затрымалі беларускага прадпрымальніка Рамана Шокала. Яго вінавацяць у тым, што ён пакідаў каментары ў чатах і ўдзельнічаў у руху за свабодныя выбары. Раману 34 гады. Ён больш за дзесяць гадоў займаецца аптовым і рознічным продажам сістэм асвятлення і іншай электратэхнічнай прадукцыі. Раман — дырэктар дзвюх кампаній у гэтай галіне. Ён быў затрыманы на мінулым тыдні, яму закідаюць удзел у пратэстах два гады таму і каментаванне ў адкрытых чатах. Ці заведзеная супраць яго крымінальная справа — невядома.

За пратэст затрымалі працаўніка аддзела прымусовага выканання Уладзіслава Шукана. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў дэманстрацыі ў 2020 годзе. Уладзіслаў Шукану 25 гадоў. У 2018 годзе ён выпусціўся з Акадэміі кіравання. Працаваць ён пайшоў на дзяржаўную службу, у аддзел прымусовага выканання Мінскага раёна. Там ён меў пасаду рэферэнта.

Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў маршы 16 жніўня 2020 года. Тады на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі сотні тысяч людзей, яны патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і свабодных выбараў.

Да допісу сілавікоў гэтым разам прымацаваныя відэа з лясной тусоўкі з сябрамі, адна з удзельніц якой некалі сфатаграфавалася разам з Нінай Багінскай. Для лукашыстаў гэта цяпер таксама доказ віны чалавека.

Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі сайт «Берасцейская вясна», тэлеграм-каналы і чаты «Віцебская вясна», «STOP LUKA», «БелАЗ для Жизни», «Большевик, ябатьки-3%!», «Вялiкае Сцiклева», «Клецк для жизни!», «Ozercolife_New», «Фаниполь», «Копыль», «Чат Столбцы РАЗАМ», «Ратамка», «Старые Дороги».

Аляксандр Кулага. Фота «В*сна»

Аляксандр Кулага. Фота «В*сна»

Палітзняволены Аляксандр Кулага цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Жыхару Брагіна прысудзілі 2 гады «хіміі» за тое, што ён 16 жніўня 2020 года ў прыёмным аддзяленні бальніцы ў прысутнасці міліцыянтаў і медыкаў выказаў абразы на адрас Лукашэнкі ў выглядзе грубых, нецэнзурных слоў. Свой тэрмін Аляксандр адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 48.