Прысуд Наталлі Дулінай робіць злачыннасць і помслівасць улады відавочнымі для ўсіх

У Мінскім абласным судзе асудзілі палітзняволенную Наталлю Дуліну. Былую выкладчыцу МДЛУ асудзілі на тры з паловай гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2020_10_30_17_39_52_570x270.jpg

Суддзя Вікторыя Паляшчук вырашыла, што віна Наталлі Дулінай паводле часткі 1 народнага артыкула 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), часткі 1 артыкула 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса даказаная і прызначыла тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі. Суд зрабілі закрытым, таму падрабязнасці справы невядомыя.

Наталля Дуліна была затрымана на пачатку кастрычніка мінулага года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў.

У сярэдзіне лістапада 2022-га стала вядома, што Наталлю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК.

Наталля Дуліна — былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ, сябра Каардынацыйнай рады. Яна падтрымала забастоўку і пратэсты студэнтаў.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык пракаментавала прысуд Наталлі Дулінай:

«Такія людзі, як Наталля, такія прысуды, як ёй сёння далі, — яны моцна падсвечваюць розніцу паміж тымі, хто прагне пераменаў, і тымі, хто стаў іх тормазам. Прысуд, пра які мы сёння даведаліся, выкрывае рэжым лепш за любое судовае расследаванне, так што злачыннасць і помслівасць улады робяцца відавочнымі для ўсіх. На адну з лепшых выкладчыц-італьяністак Беларусі супрацоўнікі РАУСа — якія часцяком ні на адной мове свету правільна гаварыць не ўмеюць — складаюць пратакол за дробнае хуліганства, на далікатную жанчыну — кідаюць шэсць сілавікоў для затрымання, на прынцыповага інтэлектуала — заводзяць крыміналку за "парушэнне грамадскага парадку" і даюць тры з паловай гады зняволення тыя, хто амаль цалкам знішчыў прававую сістэму ў Беларусі.

Наталля Дуліна — гэта прыклад няскоранасці і годнасці для мяне асабіста, і, пераканана, для многіх беларусаў. І мы не спынімся, пакуль яе крыўдзіцелі, злачынцы, якія прыкрываюцца судзейскай мантыяй ці службовай формай, не атрымаюць належнага пакарання. Мы працягнем ціснуць на рэжым усімі даступнымі нам спосабамі, каб Наталля і ўсе іншыя асуджаныя па палітычных матывах выйшлі на волю».

Падтрымаць Наталлю можна грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі, тэлеграмамі і лістамі салідарнасці.

СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Наталлі Алегаўне Дулінай