«Калі мяне няма, яны могуць нават мяне біць». Навошта трэба было завочна судзіць Ціханоўскую?

Для чаго ўладам Беларусі спатрэбілася завочна судзіць беларускіх апазіцыянераў, якія знаходзяцца за мяжой? Гэтым пытаннем задаюцца і многія інтэрнэт-карыстальнікі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Увогуле Беларусь не з'яўляецца першапраходцам у сферы практыкі завочнага асуджэння на постсавецкай прасторы. Можна згадаць, як у 2008 годзе суд у Алма-Аце прызнаў Рахата Аліева, былога зяця Нурсултана Назарбаева і актыўнага крытыка яго рэжыму, вінаватым у цэлым шэрагу злачынстваў, уключаючы стварэнне крымінальнай групоўкі і выкраданне людзей.
У выніку Аліеў быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Сам ён на працэсе не прысутнічаў, паколькі з 2007-га атрымаў палітычны прытулак на Захадзе. Дарэчы, праз некаторы час ён загінуў пры загадкавых абставінах.
Аднак прэцэдэнты завочнага асуджэння палітыкаў у экс-СССР дастаткова рэдкія. Таму інтэрнэт-кам'юніці не магло абмінуць навіны з Беларусі. Нагадаем, што на гэтым тыдні былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Святлану Ціханоўскую завочна прыгаварылі да 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму па справе Каардынацыйнай рады. Яна і іншыя абвінавачаныя прызнаны вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, публічных закліках да захопу ўлады.
Каментуючы навіны з залы суда, карыстальнікі сацыяльных сетак цікавяцца: навошта спатрэбіўся гэты завочны прысуд? Усім відавочна, што Ціханоўская і іншыя асуджаныя будучы за мяжой не адправяцца за краты.Адсюль шматлікія жартаўлівыя пытанні на адрас суддзяў накшталт, «чаму Света атрымала так мала? Трэба было (Ціханоўскую) да расстрэлу прыгаварыць і ўзнагароду за яе злаўленне паабяцаць». Таксама Лукашэнку прапануюць у будучыні расстрэльваць завочна прысуджаных спецыяльнай зброяй пад назвай «бульбапатрон».
Згадалі ў сетках і стары анекдот, які ўдала ілюструе сітуацыю з беларускай Фемідай:

— Абрам Майсеевіч, вы ведаеце, калі вас няма, пра вас такое гавораць!— Перадайце ім, што калі мяне няма, яны могуць нават мяне біць.


Наогул тэма таго, што з палітычнымі апанентамі можна разбірацца завочнымі прысудамі, вельмі весяліць народ. У сетках здзіўляюцца: чаму да гэтага часу не асуджаны Барак Абама за тое, што ён рэгулярна мочыцца ў расійскіх пад'ездах. Таксама прадказваюць хуткі завочны суд над кіраўніцтвам NATO і спрачаюцца, колькі гадоў на такім працэсе завочна атрымае Джо Байдэн?


Сеткавыя «ябацькі» ў сваю чаргу спрабуюць даказаць, што прысуд можа мець сур'ёзныя наступствы для Ціханоўскай і яе каманды. Напрыклад, у выпадку змены рэжыму ў краінах Балтыі літоўцы выдадуць лідара «збеглых». Яшчэ адна арыгінальная версія: бюджэт Літвы неўзабаве не зможа вытрымліваць «офіс Светы», і беларускую лідарку давядзецца дэпартаваць на радзіму.
Прысуд апазіцыянерам спрабуюць інтэрпрэтаваць як нейкі негалосны загад спецслужбам на затрыманне Ціханоўскай і нават яе ліквідацыю. Згадваюць, што Раман Пратасевіч таксама смяяўся з Бацькі, а зараз яму не да смеху. «Рана ці позна меч адплаты іх дастане, і нехта моцна пра гэта пашкадуе», — вяшчае адзін з адэптаў АГЛ. Не выключаюць, што ў справу можа пайсці нават і «навічок».
Нарэшце, лукашысты мяркуюць, што суровы вердыкт павінен перасцерагчы Ціханоўскую ад спробаў вяртання на радзіму як мінімум у 2024-м, калі адбудуцца выбары Усебеларускага народнага сходу. Абранне «хурала», нагадаем, павінна стаць уверцюрай да прэзідэнцкай кампаніі 2025-га, у якой АГЛ нібыта не збіраецца ўдзельнічаць.
Трэба сказаць, што ўсе тэорыі лаяльных дыктатару каментатараў наконт прыгавору перакрэслівае адзін факт: Лукашэнка асабіста адпусціў Ціханаўскую ў Літву пасля выбараў 2020-га. «У яе (Ціханоўскай) не было грошай з'ехаць, я ўзяў у касе аднаго прадпрыемства 15 тысяч і даў ёй», — распавядаў ён пазней. Атрымліваецца, як адзначае шмат хто, што кіраўнік РБ сам адпусціў «ворага народа» і ў дадатак здзейсніў крадзеж. У гэтым плане цяперашні завочны суд выглядае вельмі нягегла.
І яшчэ адзін пракол улады з завочным прысудам. Ён прымусіў многіх успомніць пра ўжо крыху прызабытыя выбары 2020-га і нязручныя для ўлады пытанні аб фальсіфікацыях і хто ў выбарах насамрэч перамог. Здаецца, задача была зусім адваротнай і заключалася ў тым, каб канчаткова перагарнуць гэтую старонку гісторыі.Урэшце, дыскутуюць на форумах і пра магчымую рэакцыю офіса Ціханоўскага на прысуды. А некаторыя нават даюць офісу парады. Па-першае, як «дзейнаму законнаму прэзідэнту» Ціханоўскай прапануюць «накласці вета на рашэнне суда ў Мінску». Па-другое, ад яе чакаюць парытэтнага адказу. «Няхай Ціханоўская арганізуе свой суд і выносіць завочны прысуд Лукашэнку. Магу пайсці сведкам», — піша адзін з юзераў.