СМІ: у Гомель прывезлі вайскоўцаў з прыкметамі радыяцыйнага апраменьвання
СМІ паведамляюць, што ў РНПЦ Гомеля зноў завезлі вайскоўцаў з РФ.
«У РНПЦ на бягучы момант знаходзяцца 22 вайскоўцаў РФ, як мяркуецца, двое маюць сімптомы радыяцыйнага апраменьвання. Яны знаходзяцца на спецыялізаваным абследаванні», — паведамляе найстарэйшая ў Беларусі «газета з карцінкамі», прызнаная «экстрэмісцкай», са спасылкай на мясцовыя гомельскія выданні.
Вайскоўцаў РФ абслугоўваюць беларускія і расійскія спецыялісты.
Раней паведамлялася, што расійскі медыцынскі персанал РФ пакінуў медустанову на мінулым тыдні. Гэтую ж інфармацыю пазней пацвердзілі іншыя СМІ і тэлеграм-каналы.
Нагадаем, што ў ходзе ўварвання Расіі ва Украіну ў раёне Чарнобыля расійскія салдаты рылі акопы проста ў Рудым лесе, які атрымаў сваю назву ад загінулых чырвона-карычневых соснаў і лічыцца адным з самых небяспечных месцаў у зоне адчужэння. Да сённяшняга дня гэты лес з'яўляецца адной з самых радыеактыўна забруджаных тэрыторый у свеце. 29 сакавіка супрацоўнікі ЧАЭС расказалі агенцтву «Reuters», што расійскія вайскоўцы, на якіх не было ахоўнага адзення, удыхалі там радыеактыўны пыл.
Мінабароны РФ гэтую інфармацыю не пракаментавала.