Што здарылася? Лукашэнка на гадавіну аварыі на ЧАЭС не паехаў у чарнобыльскую зону
Прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады ўсклалі кветкі да памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля» ў Мінску, але Лукашэнкі не было і сярод іх. Пры гэтым, дзе сёння Лукашэнка, афіцыйныя СМІ не паведамляюць.
Традыцыйна Лукашэнка наведваў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС рэгіёны ў гадавіну гэтай буйной тэхнагеннай катастрофы. Сёння, 26 красавіка 2023 года, у дзень чарговай гадавіны, дзяржаўныя СМІ Беларусі прысвяцілі нямала ўвагі выездам Лукашэнкі ў чарнобыльскія рэгіёны і сустрэчам з жыхарамі гэтых мясцовасцей, якія адбыліся ў мінулыя гады.
Аднак пра ягоную сённяшнюю актыўнасць нічога не паведамілі. Інфармацыі аб прыездзе Лукашэнкі ў чарнобыльскую зону сёлета няма. На сайце Лукашэнкі апошняй стаіць навіна пра ягонае віншаванне прэзідэнту Ізраіля з нагоды 75-годдзя незалежнасці.
Учора Лукашэнка лётаў на верталёце на хакей у Гродна. Пры гэтым, як заўважылі назіральнікі, яго верталёт паляцеў на захад з боку рэзідэнцыі «Азёрны» (тая, што пад Астрашыцкім гарадком).
Потым ён быў заўважаны ўжо ў Брэсцкай вобласці, пры накіраванні ў Белавежскую пушчу. Паводле неафіцыйных звестак, Лукашэнка правёў 4,5 гадзіны ў раёне рэзідэнцыі Віскулі.
Значна пазней яго прэс-служба вырашыла паказаць кадры палёту на верталёце, назваўшы гэта «інспекцыяй Гродзенскай і Брэсцкай абласцей», што толькі пацвердзіла звесткі, што ён лётаў на верталёце.
Летась Аляксандр Лукашэнка таксама не ездзіў у традыцыйны тур па пацярпелых ад Чарнобыля рэгіёнах. Назіральнікі гэта звязвалі з пачаткам вайны Расіі з Украінай, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Памежныя раёны тады былі замініраваны.