Асабісты інтарэс Лукашэнкі — перажыць украінскі наступ без наступстваў для сябе
«Я ваяваць не хачу», «будзе вам мір, не хвалюйцеся». Лукашэнку ў Ветцы нібыта падмянілі: рыторыку варажнечы («я вам зараз пакажу, адкуль напад рыхтаваўся») змяніў на міралюбівую, маўляў, ні Украіна, ні Захад на нас не збіраюцца нападаць.
Па адной версіі, Лукашэнка прымярае на сябе ролю голуба міру.
Па іншай, Лукашэнка распачаў прэзідэнцкую гонку: пераважная большасць беларусаў выступае супраць вайны, вось Лукашэнка і абяцае мір, які не здольны забяспечыць.
Што насамрэч стаіць за яго «міралюбствам»?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Лукашэнка вельмі ўцягнуўся ў вайну
— І не першае, і не другое. Лукашэнка цудоўна разумее, што Украіна размаўляць з ім пра «мірныя дамовы» не будзе; Расія, можа, і жадала б выкарыстаць Лукашэнку, ці Кітай захацеў бы задзейнічаць у сваім «мірным плане», але з таго нічога не атрымаецца. Пакуль не выглядае на тое, што яго могуць нейкім чынам выкарыстаць. Пакуль што кітайска-французская ініцыятыва не выкрышталізавалася, заявы Францыі і Кітая адрозніваюцца паміж сабой. Але калі нават гэта ініцыятыва стане фундаментам будучых дамоўленасцей, то пакуль цяжка ўявіць, што Лукашэнка нейкім чынам можа да гэтага спрычыніцца ці нават абмеркаванне гэтай ініцыятывы можа адбывацца ў Мінску. Проста Лукашэнка вельмі ўцягнуўся ў вайну. Канешне, яму хацелася б паўтарыць «мінскія дамовы» (той вопыт аказаўся пазітыўным, нездарма яму так падабаецца згадваць часы мінулыя), але такая верагоднасць выглядае не вельмі рэалістычнай.
Калі вайна да таго моманту завершыцца і рызыка новай вайны знікне (а такі сцэнар уявіць сабе вельмі цяжка, як і тое, што Лукашэнку ніхто не будзе чапаць), то Лукашэнка сапраўды можа задумацца пра тое, каб сысці з прэзідэнцкай пасады, пры гэтым не пакідаючы ўладу, напрыклад, заняўшы пасаду старшыні УНС.
Калі сітуацыя не зменіцца, застанецца напружанай (а менавіта так выглядае), то ў яго не будзе магчымасцей сысці, ён застанецца, каб «утрымаць краіну». Гэта не пусты лозунг: асобы з яго атачэння больш слабыя, у іх няма лукашэнкаўскага вопыту (як ні круці, а знаходзіцца ва ўладзе амаль 30 гадоў), да таго ж яны безыніцыятыўныя.
Давайце паглядзім на вопыт перадачы ўлады на постсавецкай прасторы. У каго атрымалася? Атрымалася ў Аліева, у Бердымухамедава, але ж яны перадавалі ўладу сваім сынам. Не пайшоў такім шляхам толькі Карымаў, бо памёр; але ў яго ж — паводле афіцыйнай версіі яго біяграфіі — не было сыноў, а перадаць дочкам — справа тонкая на Усходзе. Аналагічная гісторыя з Назарбаевым, у якога таксама няма сыноў. Ён абраў сваім пераемнікам Такаева, лічыў, што не памыляецца, але, як мы бачым, з Такаевым ён прамахнуўся. Як гэта ні парадаксальна гучыць, транзіт атрымаўся і ў Ельцына, бо Пуцін абраў іншы палітычны курс, але свайго папярэдніка і яго сям‘ю не чапаў.
У Лукашэнкі, у адрозненне ад Назарбаева, ёсць магчымасць перадаць уладу сваім сынам. Сам ён кажа, што гэтага не будзе (толькі хто паверыць Лукашэнку?), але зусім проста ўявіць, што старэйшы сын стане прэзідэнтам, а сам Лукашэнка пяройдзе на пасаду старшыні УНС. Для яго гэта была б найлепшая магчымасць. Бо калі нават зрабіць прэзідэнтам Качанаву — чалавека, які выглядае абсалютна лаяльным, гэты варыянт не з’яўляецца гарантыяй на 100 адсоткаў.
Мне падаецца, перамога Масквы Лукашэнку асабліва не цікавіць, а ягоная рыторыка хоць і абавязковая, але не ад душы. Лукашэнка той чалавек, які заўсёды пераследуе ўласны інтарэс, а ўласны інтарэс — перажыць вайну, а сёння — украінскі наступ без адмоўных наступстваў для сябе. Што гэта значыць? Першае: каб не прыйшлося ваяваць, каб беларускя войскі не былі кінуты ва Украіну. І другое — каб баявыя дзеянні не перакінуліся на тэрыторыю Беларусі. Гэта, канешне, малаверагодна, але хто ведае, як будзе разгортвацца ўкраінскі наступ? Калі ў Расіі справы пойдуць вельмі цяжка, то ў гэты момант Крэмль можа скарыстацца беларускім рэсурсам.
Больш за тое, ад форс-мажораў і правакацый ніхто не застрахаваны. Літаральна ўчора ў Бранскай вобласці пусцілі пад адхон цягнік з нафтапрадуктамі. А цягнік, як аказалася, беларускі. Лукашэнка, відаць, зробіць усё, каб замяць гэта здарэнне. Няма ніякай інфармацыі, хто стаіць за гэтай дыверсіяй; хутчэй за ўсё, гэта справа рук украінскіх дыверсантаў, але яны звычайна не прызнаюць свайго ўдзелу ў акцыях на чужой тэрыторыі. Але ж Лукашэнка праўду будзе ведаць. І вось той самы выпадак, калі Лукашэнка абсалютна не зацікаўлены рэагаваць: калі ўкраінцы прызнаюць, што яны напалі на беларускі цягнік, Мінску трэба будзе рэагаваць. А якія магчымасці для адказу ёсць у Лукашэнкі? Такія, як у Украіны — разарваць дыпламатычныя адносіны. Ці нацыяналізаваць украінскую маёмасць, якая знаходзіцца ў Беларусі. Гэта калі трэба грукнуць дзвярыма, але без рашучых крокаў. Але баіцца ён іншага: таго, што на такія дзеянні прыйдзецца адказваць, што расійскі бок прымусіць яго адказваць.
Менавіта з гэтымі акалічнасцямі звязана рыторыка Лукашэнкі. Яна такая міралюбівая дзеля таго, каб супакоіць насельніцтва, таму што чуткі пра тое, што Беларусь можа быць уцягнута ў баявыя дзеянні, прысутнічаюць, а па-другое, гэтыя мэсэджы адрасаваны Украіне. Мы ж па-ранейшаму не ведаем, ці ёсць камунікацыя з Украінай, ці ідзе камунікацыя з Захадам. Лукашэнка нібыта сказаў, што камунікацыя з Захадам прысутнічае, але гэта проста словы: ягоныя словы ніхто не пацвердзіў. Мне здаецца, гэта яшчэ адзін пасыл украінцам: мы не жадаем ваяваць, толькі не правакуйце нас рэзкімі рухамі.
Прэзідэнцкая кампанія па сярэднеазіяцкім сцэнары
— Як могуць выглядаць гэтыя прэзідэнцкія выбары?
— Безальтэрнатыўных выбараў чакаць не варта. Калі будзе вылучацца сам Лукашэнка ці нехта ад ягонага імя, то ўсё роўна пойдзе некалькі кандыдатаў, магчыма, 3-4. Ніхто ў дэмакратыю гуляцца не стане, хутчэй, выбары пройдуць па сярэднеазіяцкім сцэнары: усе гульцы будуць з лукашэнкаўскай паляны — сам Лукашэнка, умоўны Васкрасенскі, і яшчэ некалькі фігур кшталту Гайдукевіча-старэйшага і Улаховіча на ранейшых выбарах. Усе гэтыя кандыдаты будуць ствараць масоўку, бо ўсе астатнія фігуры, якія прысутнічаюць у публічнай прасторы, яшчэ большыя Лукашэнкі за самога Лукашэнку.
Розніца паміж дзвюма камбінацыямі толькі ў колькасці выніковых працэнтаў: калі гэта Лукашэнка, то яму намалююць 80+ адсоткаў, калі ўмоўная Качанава, то вынік будзе трохі іншы — працэнтаў 60. Але гэтыя лічбы нічога прынцыпова не мяняюць. Гэта выбары без выбару. Калі яны праходзяць без удзелу Лукашэнкі (але пры гэтым ён застаецца ў палітыцы), то працэс будзе не такі просты, ён прымусіць Лукашэнку пахвалявацца. Але сур’ёзных дэмакратычных кандыдатаў на выбарах быць не можа: усё зачышчана.
Магчымы яшчэ адзін варыянт: сам Лукашэнка з той ці іншай прычыны ў выбарах не ўдзельнічае, але лукашэнкаўскі клан застанецца ва ўладзе і ўсё-ткі вырашыцца на выбары, тады магчымы ўсё ж нейкі пераходны варыянт. Але немагчыма сабе ўявіць, як яны без Лукашэнкі падчас больш-менш празрыстых выбараў паспрабуюць захаваць уладу без маніпуляцый і фальсіфікацый.
Апошні тыдзень я адсочваў усплёск актыўнасці вакол Віктара Бабарыкі — уся актыўнасць вакол ягонай справы паказвае, што ён захаваў істотны патэнцыял. На наступных выбарах (без Лукашэнкі, без лукашэнкаўцаў), калі яны будуць больш-менш дэмакратычныя, у Бабарыкі ёсць сур’ёзныя шанцы ўзначаліць Беларусь.
Лукашэнка і не думае пра сыход
— Пры якіх умовах Лукашэнка не пойдзе на прэзідэнцкія выбары?
— Я думаю, Лукашэнка не пойдзе на выбары, калі ў яго будуць сур’ёзныя праблемы з фізічным здароўем, з-за якіх ён будзе проста не ў стане ўдзельнічаць у кампаніі. Калі здароўе хоць трохі, але будзе яму дазваляць, то тады ён, безумоўна, будзе балаціравацца. Лукашэнка належыць да тых палітыкаў, якія да апошняга не сыходзяць з улады, якія нават з бальнічнага ложка будуць кіраваць.
І другі варыянт: калі ён палічыць, што сітуацыя спакойная і стабільная і сістэме нічога не пагражае. Што для гэтага трэба? Па-першае, павінна скончыцца вайна нейкім трывалым пагадненнем, якое выключае апасенні, што вайна ў любы момант можа аднавіцца. І другі момант: калі супрацьстаянне з Захадам не будзе насіць абсалютна жорсткі санкцыйны характар, а Масква адчэпіцца ад яго. У такой сітуацыі Лукашэнка можа сысці. Магчымы нават нейкія дамоўленасці з Захадам наконт гарантый бяспекі — у выпадку сыходу.
Але верагоднасць такога сцэнара невялікая. Я не выключаю, што нават у 2020 годзе, падчас разгару палітычнага крызісу, Лукашэнка ўсур’ёз думаў над тым, каб вытрымаць гэты тэрмін, каб захаваць выбудаваную ім сістэму, а потым кантралявана сысці і назіраць з правам вета. Але тады ён пралічыўся. З пачаткам вайны кампанія перабудовы дзяржаўнага ладу спыніліся і паказвае, што на дадзены момант пра сыход і думаць асабліва не трэба.