Улады прапаноўвалі Віктару Бабарыку заклікаць беларусаў спыніць пратэсты

Палітвязню і палітыку Віктару Бабарыку ўлады прапаноўвалі «пайсці на кампраміс», калі той выканае пэўныя ўмовы, аднак ён адмовіўся. 

Віктар Бабарыка падчас суду

Віктар Бабарыка падчас суду

Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на расповед былога палітвязня Вадзіма Хіжнякова, які вызваліўся з Наваполацкай калоніі, дзе сустракаўся з Бабарыкам.

Вадзім Хіжнякоў — гарадзенскі прадпрымальнік, якога прысудзілі да 2,5 года паводле арт. 64 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»): ён нібыта ўдзельнічаў у збіцці супрацоўніка АМАП у Віцебску на акцыі пратэсту 2020 года.

У Гродзенскім СІЗА Хіжнякоў сустракаўся з Вітольдам Ашуркам, а ў Наваполацкай ВК-1 — з Віктарам Бабарыкам. Паводле яго слоў, ён перасякаўся з палітыкам часта, але не падоўгу, паколькі адміністрацыя папраўчай установы імкнулася перашкаджаць зносінам палітвязняў.


Так, яму ўдавалася перакінуцца словам з Бабарыкі ў каранціне, курылцы і нават у прыбіральні, дзе няма праслушкі і камер. Тым не менш пасля некалькіх размоў у курылцы Хіжнякова выклікалі на размову ў адміністрацыю:

— Мяне папярэдзілі жорстка пра тое, што я не павінен, не маю права і наогул забаронена [мець зносіны з Бабарыкам], будуць у наступны раз караць за такія размовы.

Са слоў экс-палітвязня, агулам іх з Бабарыкам размовы занялі прыкладна тры гадзіны:

— Казалі і пра асабістае жыццё, і пра тое, што яго прывяло ў кандыдаты ў прэзідэнты, чаму ён адважыўся на гэта, што ён думае пра агульную палітычную сітуацыю, як ён бачыць развіццё падзей у краіне.

Вадзім Хіжнякоў падкрэсліў, што Бабарыка не шкадаваў пра свае ўчынкі, нават нягледзячы на суровы прысуд:

— Ён казаў, што зрабіў усё правільна, што выбар яго правільны. І што ён здзейсніў учынак. Ён казаў, што мужчына ад асобіны мужчынскага полу адрозніваецца тым, што прымае рашэнне і павінен гэта рашэнне ўвасабляць. Ён прыняў рашэнне і яго ўвасабляў.

Нагадаем, экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020-га. 6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд вынес прысуд фігурантам «справы „Белгазпрамбанка“». Бабарыка атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі загадзя злачынным шляхам. Сам экс-банкір сваю віну не прызнаў.


Пры гэтым улады прапаноўвалі Бабарыку «пайсці на кампраміс», аднак той не пагадзіўся і праз гэта дагэтуль падвяргаецца ціску:

— Яму прапаноўвалі добра выказацца пра Васкрасенскага — гэта першае. Тады якраз была такая акцыя, калі Васкрасенскі павінен быў заклікаць людзей пісаць прашэнні аб памілаванні. Другое — ён павінен быў публічна выступіць і заклікаць людзей спыніць супраціўляцца, спыніць пратэсныя дзеянні, «жыць, як жылі раней».

Трэці пункт, які прапаноўвалі Бабарыку, са слоў Хіжнякова, — «заклік да расійскага пункту гледжання»: палітык павінен быў казаць, што «Расія — наш найлепшы хаўруснік і толькі з Расіяй мы зможам развівацца».

Аднак Бабарыка адказаў, што «ніколі на гэта не пагодзіцца»:

— Ён сказаў, што згодны пайсці на кампраміс толькі ў выпадку, калі выпусцяць усіх палітвязняў, а ён можа застацца ў якасці закладніка — толькі пасля гэтага можна нешта абмяркоўваць.

Нагадаем, увечары 26 красавіка з'явілася інфармацыя пра тое, што Віктар Бабарыка, зняволены ВК — 1 Наваполацка, у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу — нібыта са слядамі збіцця і пнеўматораксам. Раніцай 27 красавіка блізкім палітыка ўдалося пацвердзіць факт яго шпіталізацыі ў хірургічнае аддзяленне.

Дзяржорганы каментаваць сітуацыю адмовіліся.


27 красавіка штаб Віктара Бабарыкі паведаміў, што экс-банкір заставаўся ў шпіталі, яго не збіраліся куды-небудзь перавозіць, паколькі транспарціроўка была жыццёва небяспечная. Аднак у наступныя дні пра дакладнае месцазнаходжанне Бабарыкі ў яго камандзе не ведалі, убачыць яго не ўдалося. 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі папраўчай калоніі заявіў, што зняволены Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць сваё пакаранне. Аднак ніякіх пацверджанняў гэтым словам у сілавых структурах не прывялі.

Сваякі Бабарыкі сёння, 2 траўня, спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС. У прыёме ім адмовілі, між тым пра лёс палітыка па-ранейшаму няма ніякіх вестак.