«Зняволеных змяшчаюць у цывільныя бальніцы нячаста»: Былы турэмны лекар тлумачыць, што магло здарыцца з Бабарыкам
Праваабаронца і былы турэмны лекар Васіль Завадскі лічыць, што відаць, сапраўды, уладамі аддадзены негалосны загад больш жорстка ставіцца да палітвязняў.
З 25 красавіка былы прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыказнаходзіцца ў гарадской бальніцы Наваполацка. Былы турэмны лекар Васіль Завадскі па той інфармацыі, якая ёсць аб здароўі палітыка, разважае на старонках «Н*шай Н*вы», што магло здарыцца з палітвязнем.
Васіль Завадскі больш за 20 гадоў адпрацаваў у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, з 1998 па 2010 год быў начальнікам медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
А ў 2017 годзе заснаваў і кіраваў праваабарончай арганізацыяй «ТаймАкт», якая займалася праблемамі зняволеных.
«З таго мізэру вядомай інфармацыі нельга зрабіць адназначных высноў, — кажа правабаронца. — Па-харошаму, Міністэрства ўнутраных спраў ці Міністэрства аховы здароўя мусілі б зрабіць заяву ці выдаць прэс-рэліз і патлумачыць: што сталася, што прывяло да такога выніку, у якім стане цяпер знаходзіцца Бабарыка. Але страусіная пазіцыя дзяржаўных ведамстваў дае падставы для выказвання розных думак і версій».
Васіль Завадскі дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт таго, што магло адбыцца.
«Апошнім часам Бабарыка знаходзіўся ў камеры ПКТ, дзе знаходзяцца не дзясяткі зняволеных, а ўсяго толькі адзін або некалькі чалавек. Заходзячы з гэтага, можна дапусціць, што ў камеру быў змешчаны канфліктны чалавек, які і распачаў бойку.
Пнеўматоракс (менавіта такі дыягназ пераважае ў інфармацыі незалежнай прэсы) можа быць выкліканы пераломам рабра (рэбраў), у выніку чаго пашкоджаная плеўра і лёгкае», — разважае Васіль Завадскі.
Аднак, калі гэта сапраўды быў пнеўматоракс, то ці не быў гэта спантанны пнеўматоракс? Што ў такім разе магло б яго выклікаць?
«Спантанны пнеўматоракс здараецца па шэрагу ўнутраных прычын, звязаных з агульным станам здароўя», — адзначае лекар.
Чаму Віктару Бабарыку не аказалі медычную дапамогу ў медчасці калоніі? Завадскі разважае.
«Нельга сказаць, што гэта эксклюзіўны выпадак, але зняволеных змяшчаюць у грамадзянскія бальніцы нячаста. Звычайна кіраўніцтва месцаў зняволення ўсялякімі спосабамі імкнецца пазбегнуць шпіталізацыі зняволенага ў цывільную лякарню, таму што для гэтага неабходна забяспечыць шэраг няпростых дзеянняў: хвораму (пацярпеламу) трэба забяспечыць канвой, трэба зняць дзяжурных з калоніі і частку накіраваць на ахову хворага, што цяпер, відаць, і адбываецца з Бабарыкам. Ведаем, пад якой пільнай увагай Віктар Бабарыка знаходзіцца ў калоніі з самага пачатку. У штаце медчасці калоніі няма хірурга і няма магчымасці аказаць дапамогу пры пнеўматораксе.
Але тое, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў грамадзянскую бальніцу, а не павезлі, напрыклад, у турэмны шпіталь у Мінску, таксама сведчыць, што сітуацыя з яго здароўем Бабарыкі даволі сур’ёзная», — мяркуе Васіль Завадскі.
Надзвычайнае здарэнне з Віктарам Бабарыкам адбылося на фоне інфармацыйнай блакады Міколы Статкевіча, Максіма Знака, Ігара Лосіка (апошні таксама адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК-1). Адчуванне, што на вядомых зняволеных ціск істотна ўзмацніўся.
«З аднаго боку, да знакавых асоб, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, заўсёды прыкаваная ўвага грамадства. Аднак пералічаныя факты прымушаюць задумацца, што сапраўды аддадзены негалосны загад больш жорстка ставіцца да палітвязняў. Мы ведаем, што да Віктара Бабарыкі ў калоніі ставяцца жорстка ад самага пачатку, але яго звычайна каралі за кантакты з іншымі зняволенымі», — кажа Васіль Завадскі.