«У Беларусі да гвалтаванняў швабрамі адзін крок». Былы турэмны лекар пра катаванні і сяброўства з Мікалаем Аўтуховічам
Былы турэмны лекар, праваабаронца і старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Завадскі з лютага 2021-га жыве ў Вільні. З'ехаў з Беларусі пасля ператрусу ў офісе прафсаюзу, дзе міліцыянты знайшлі патрон, якога там «быць не магло», піша Радыё Свабода.
«Сам працаваў у пенітэнцыярнай сістэме, добра ведаю гэтыя прыкметы. Да арышту заставалася аддаць загад», — кажа ён.
Васіль дзякуе лёсу, што хапіла асцярожнасці выехаць у Літву не наўпрост з Беларусі, а самалётам з Масквы. За праведзены ў Вільні час Васіль Завадскі сузаснаваў праваабарончую арганізацыю «Лекары за праўду і справядлівасць», якая ўзялася за медычную і юрыдычную дапамогу ахвярам катаванняў у беларускіх турмах.
«Швабры могуць і ў Беларусі прыдацца»
Васіль Завадскі ў размове згадвае расійскі «кейс са швабрамі» — жудасныя катаванні вязняў турэмнай бальніцы ў Саратаве, пра якія нядаўна стала вядома дзякуючы смеласці беларуса Сяргея Савельева. Паводле відэазапісаў, якія былы расійскі зняволены перадаў праваабаронцам, катаванні і гвалтаванні адбываліся з ведама турэмнага начальства і кіраўніцтва Федэральнай службы выканання пакаранняў па Саратаўскай вобласці. Чаму гэта здарылася і ці не можа атрымацца гэтак, што беларускія турэмшчыкі пяроймуць прыклад суседзяў з усходу? Былы турэмны лекар Васіль Завадскі такога не выключае.
«Не думаю, што там быў адмысловы загад якога вышэйшага начальніка. Хутчэй дапамаглі маўклівая згода начальства і заахвочванне падначаленых па выніках аператыўнай дзейнасці», — мяркуе Васіль Завадскі і адзначае, што гэткія ж умовы склаліся і ў беларускіх вязніцах, асабліва ў ізалятарах, дзе да судоў трымаюць палітычных вязняў. Там таксама для «пераходу на швабры» асаблівы загад не патрэбны, лічыць праваабаронца.
«Дубінкі для гвалтавання пратэстоўцаў у нас ужо ўжывалі. Да таго, што адбываецца ў Расіі, нам засталося, можа, некалькі крокаў. Рэпрэсіі ўсё больш жорсткія, збіццё і гвалт пратэстоўцаў не расследуюць, за здзекі даюць кватэры і дзяржаўныя ўзнагароды, званні прысвойваюць. Ужо год адмыслова нагнятаецца атмасфера не тое што страху — жаху. Таму ўсё магчыма», — кажа пра падзеі на радзіме Васіль Завадскі.
«Сярод начальства адбылася адмоўная селекцыя»
Васіль Завадскі паводле прафесіі лекар-псіхіятар, у пенітэнцыярнай сістэме адпрацаваў амаль 25 гадоў. Служыў лекарам у некалькіх калоніях, у тым ліку ў Навасадах, з 2008 па 2010 узначальваў медычную службу Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. З удзячнасцю згадвае гады, калі дэпартаментам кіравалі Сяргей Кадушкін, а за ім Уладзімір Коўчур. Васіль Завадскі называе гэты час кароткім перыядам рэформаў, калі абыходжанне з вязнямі станавілася больш гуманным.
«Тады назіраўся навуковы падыход да працы. Мы сталі кантактаваць з грамадскімі арганізацыямі, працавалі па праграме ААН, на вачах умовы мяняліся да лепшага. Але ўсё развярнулі ў адваротны бок, сярод начальства адбылася адмоўная селекцыя. Хто нешта хацеў палепшыць, таго прыбіралі. Прафесіяналаў замянілі кар’ерысты, у асноўным выхадцы з унутраных войскаў. Былыя калегі расказваюць, як цяпер: паказуха на першым месцы, а законам сталі словы Лукашэнкі „иногда не до законов“. Нашая сістэма, як і ўся дзяржаўная сістэма, за 27 гадоў дэградавала», — перакананы Васіль Завадскі.
Прапаноўвалі збітага вязня прызнаць нецвярозым
Вядома, што ў беларускіх вязніцах таксама катуюць, але як да гэтага ставяцца лекары, якія там працуюць? Ці могуць яны спыніць катаванні?
Васіль Завадскі падзяліўся тым, што ведае ад былых калегаў і вязняў: у следчых ізалятарах практыкуюцца гэтак званыя «прэс-хаты», дзе зняволеных на загад адміністрацыі збіваюць іншыя вязні. Але сам Васіль Завадскі ў следчых ізалятарах не працаваў, а толькі ў калоніях. «Там такога не сустракаў», — кажа былы лекар.
«У СІЗА — чаму? Бо там з падследных выбіваюць патрэбныя паказанні, каб нібыта раскрыць злачынства. Могуць і самі збіваць, але часцей дзейнічаюць рукамі іншых арыштантаў. А ў калоніях іншая сістэма ціску: там карцар, яшчэ могуць пазбавіць перадач, спатканняў, нават арганізаваць новы тэрмін нібыта за парушэнне правілаў. Магчымасцяў шмат і без «прэс-хаты», — кажа былы турэмны лекар.
Ці магчыма гэтую сістэму спыніць ці хаця б паслабіць? Паводле Васіля Завадскага, у турэмнага лекара такіх магчымасцяў няма, але бываюць выпадкі, калі і ад ягонага сумлення нешта залежыць.
«Неяк да мяне прывялі на агляд збітага вязня, і ахоўнік просіць, каб пазначыў у справаздачы, што той нецвярозы. Я абурыўся і адмовіўся. Больш з такімі прапановамі не звярталіся», — згадвае Васіль Завадскі.
«Памылка, якая каштавала працы»
У 2010 годзе Васіль Завадскі 9 месяцаў прабыў у вязніцы КДБ ужо як арыштант, адкуль адправіўся пад суд па 328-м «антынаркатычным» артыкуле і атрымаў 2,5 года зняволення. З іх за кратамі адбыў крыху больш за год, бо год знялі па амністыі і залічылі дзень у СІЗА за паўтара. Пра той выкрунтас лёсу Васіль кажа шчыра: «Памыліўся. Калега папрасіў для сябе лекі, якія ў аптэцы не прадаваліся, а ў турме былі. Я пазваніў па тэлефоне, каб прынеслі, што той прасіў. Не трэба было гэтак рабіць, але адмовіць не змог. Аказалася, размову праслухоўвалі, мяне затрымалі. Віну прызнаў, адседзеў. Як кажуць, на свабоду выйшаў з чыстым сумленнем. Вызваліўся і пайшоў у грамадскую арганізацыю да Мікалая Аўтуховіча. На той момант мы ўжо былі добра знаёмыя».
«Ён моцны, яго не зламаюць»
З Мікалаем Аўтуховічам Васіль Завадскі пазнаёміўся ў 2005 годзе, падчас першай адседкі прадпрымальніка з Ваўкавыску. Тады Мікалай Аўтуховіч, якога асудзілі за нясплату падаткаў, трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць накладзенага на яго падатковай інспекцыяй штрафу ў мільён долараў. А Васіль Завадскі як супрацоўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў прыйшоў у камеру да затрыманага, каб угаварыць яго спыніць галадоўку.
«Мікалай аказаўся разумным чалавекам, мяне паслухаў і спыніў галадоўку. Праўда, потым ужо прызнаўся, што больш даверыўся ня мне, а інфармацыі з іншых крыніц, што ўлады збіраюцца адмяніць тое рашэнне суда. Гэтак і аказалася, ён выйшаў на волю, і потым мы пасябравалі», — згадаў Васіль Завадскі.
У сярэдзіне 10-х гадоў Завадскі і Аўтуховіч стварылі праваабарончую арганізацыю па дапамозе вязням. Назву «Тайм акт» прыдумаў ён, а рухавіком арганізацыі быў Аўтуховіч, кажа Завадскі.
«Чаму „Тайм акт“? У перакладзе — „час дзеянняў“. Ідэя была ў тым, што прыйшоў час дапамогі людзям, якія аказаліся ў складаных умовах, за кратамі, і не толькі палітычным вязням — а любым, каму цяжка. Але разгарнуцца нам асабліва ўжо не ўдалося. З кожным годам працаваць было ўсё складаней. Летась Мікалай увогуле перайшоў на паўлегальнае становішча. Бо апасаўся, што яго прэвентыўна „закрыюць“, і справядліва апасаўся. А ў тое, што ён нібыта рыхтаваў тэракты, я не веру. Гісторыя, пра якую кажуць з тэлевізара, больш падобная да правакацыі», — мяркуе Васіль Завадскі.
Праваабаронца перакананы, што яго сябра Мікалай Аўтуховіч годна вытрымае выпрабаванні, якія зноў выпалі на яго долю.
«Фактычна ён пастаўлены цяпер перад выбарам: жыццё альбо смерць. Іншыя кажуць, што ў такіх умовах трэба пагаджацца на ўсё, што прапануюць, інакш не выжыць. Але ведаю, які Мікалай моцны чалавек. Ім яго не зламаць», — мяркуе сябра Аўтуховіча.
«Перамога непазбежная, гэта толькі пытанне часу»
Летась падчас прэзідэнцкіх выбараў Васіль Завадскі быў назіральнікам ад праваабарончай арганізацыі «Тайм акт». Назіраў Васіль за тым, як галасавалі жыхары пасёлку Бальшавік пад Мінскам. Там жа і сам прагаласаваў 9 жніўня. Кажа, што на свае вочы пераканаўся ў завышэнні яўкі падчас датэрміновага галасавання і фальсіфікацыях у асноўны дзень.
«Спачатку мяне нават дапусцілі сядзець і лічыць выбарцаў на самім участку. Старанна фіксаваў яўку і штодня падаваў скаргі, што даныя прыкладна ўтрая завышалі. Потым гэтак і аказалася ў выніковым пратаколе. З недзе 1350 выбарцаў, якія прагаласавалі, 450, траціна, нібыта прагаласавалі датэрмінова. А 9 жніўня ўжо і на ганак не пусцілі, не тое што назіраць за падлікам. Але было бачна і звонку, што Лукашэнка не перамагае», — перакананы Васіль Завадскі.
Далейшае, кажа былы назіральнік, таксама было сумным.
«Пратакол вывесілі ўжо ноччу. І вывесілі не з боку вуліцы, а знутры памяшкання. Збеглі, як мы казалі, „праз задні праход“, бо людзей забаяліся», — кажа праваабаронца.
Паводле Васіля Завадскага, баяцца сябрам камісіі было чаго. Бо з іх пратаколу выходзіла, што Лукашэнка нібыта атрымаў галасоў утрая больш за Ціханоўскую, хоць усе бачылі, што большасць людзей на выбары прыйшлі з белымі стужкамі, і не толькі маладыя, але і сярэдняга ды старэйшага веку.
«Людзі з пляцоўкі перад сельсаветам разыходзіліся вельмі расчараваныя. І нават злыя. Мы ўжо мелі інфармацыю з суседніх участкаў, з тых жа Бараўлянаў, што там перамагае Ціханоўская. У людзей з Бальшавіку былі падобныя настроі, а тут такі падман... Але калі пачаліся пратэсты, а потым людзі выйшлі на вуліцы з кветкамі — як сапраўднага паветра дыхнуў. Такі быў душэўны ўздым — гэта незабыўна», — згадвае Васіль Завадскі леташнія падзеі канца жніўня — пачатку верасня. Паводле Васіля Завадскага, тыя падзеі былі сапраўднай рэвалюцыяй, а яе вынік толькі адкладзены.
«Што перамога будзе, тут я веру яшчэ больш, чым на радзіме. Перамога непазбежная, гэта толькі пытанне часу», — кажа Васіль Завадскі. Ці не беспадстаўная яго вера? Былы доктар пералічае прычыны, якія, на ягоную думку, адкрыюць шлях да пераменаў: гэта ціск грамадства, моцныя санкцыі Захаду і пагроза страты суверэнітэту Беларусі з боку Расіі, якая прымусіць Лукашэнку шукаць паратунку праз дамову з народам.