«Вялікую патрэбу маюць». Як дактары, якія з'ехалі з Беларусі, дапамагаюць пацярпелым суайчыннікам у Літве
Лекары, якія ўцяклі з Беларусі ад пераследу, стварылі ў Літве арганізацыю для дапамогі пацярпелым суайчыннікам. На радзіме на гэтых дактароў завялі крымінальныя справы, у Вільні яны дапамагаюць справіцца з псіхалагічнымі праблемамі іншым палітычным уцекачам і іх сем’ям, піша «Свабода».
Васіль Завадскі і Алег Дарашкевіч не былі знаёмыя ў
Беларусі. Сустрэліся ўжо тут, у Літве.
«Не ўяўляю, што я б проста выцерся ад пляўка ўлады»
«У мяне было ў паштовай скрыні некалькі позваў для яўкі ў міліцыю, а я ўжо адсядзеў 14 сутак за ўдзел у маршы пенсіянераў, мяне арыштавалі адразу пасля маршу. А потым яшчэ пачалі прыходзіць міліцыянты, на допыт выклікаць у РУУС», — распавядае тэрапеўт Алег Дарашкевіч.
Алегу Дарашкевічу 67 гадоў. Некалі ён працаваў у Інстытуце
неўралогіі, потым дапамагаў пацярпелым у Чарнобыльскай аварыі. Пасля выхаду на
пенсію Дарашкевіч працаваў у мінскім Парку высокіх тэхналогій, займаўся
праектамі па дыягностыцы захворванняў. Пасля выбараў 2020 года пачаў актыўна
ўдзельнічаць у маршах пенсіянераў. Арышт на 14 сутак, кажа, яму даўся вельмі
цяжка і фізічна, і псіхалагічна. Перажыць такое ў другі раз ён быў не гатовы.
«Я аддзелены ад сваёй любімай сямʼі, ад дзяцей, ад унукаў.
Мне, вядома, вельмі цяжка. Але я лічу, калі б мы паступіліся сумленнем і
моўчкі згаджаліся з тым гвалтам, які супраць нас улада ўжыла, мы б яшчэ горш
сябе адчувалі. Не ўяўляю сабе, што я б жыў проста з тым, што я выцерся ад
пляўка ўлады», — кажа Алег Дарашкевіч.
«Патрэбу ў дапамозе маюць і былыя вязні, і сваякі
зняволеных»
Васіль Завадскі 25 гадоў працаваў у ведамстве, якое адказвала за медыцыну ў турмах і калоніях. Пасля звальнення ён стварыў у Беларусі грамадскую арганізацыю па абароне правоў зняволеных.
«Адмова ў медычнай дапамозе, нядопуск лекараў туды — гэта
адзін і элементаў сістэмы па стварэнні атмасферы страху ў грамадстве», — кажа
былы кіраўнік медычнай службы дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі
Васіль Завадскі.
У Літве лекары спрабуюць дапамагчы суайчыннікам, якія
пацярпелі ад рэпрэсій, справіцца з дэпрэсіяй і трывогай.
«Вялікую патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе маюць не толькі
тыя людзі, якія прайшлі адміністрацыйны арышт, самі адбылі, але і іх блізкія,
сваякі, асабліва сваякі людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні», —
працягвае Завадскі.
Ад перажытага стрэсу — фобіі і панічныя атакі
Медыкі гавораць, што праз перажыты стрэс у многіх уцекачоў з Беларусі развіваюцца фобіі, аж да маніі пераследу і панічных атак.
«Калі мы працуем з роднымі палітвязняў, то бачым, што яны
перажываюць велізарны постстрэс, посттраўму. Гэта адна палова бяды, а другая
палова — гэта дзеці. Да нас да ўсіх стала даходзіць цяпер, што дзеці таксама
напоўніцу ўцягнутыя», — адзначае дырэктар дзіцячага хоспісу ў Горадні Вольга
Вялічка.
Вольга Вялічка — адна з сузаснавальнікаў арганізацыі
беларускіх лекараў у Літве. Апошнія 13 гадоў жыцця яна прысвяціла рабоце ў
дзіцячым хоспісе ў Горадні. У 2007 годзе яна стварыла грамадскую арганізацыю і
кіравала хоспісам. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Вольга была незалежнай
назіральніцай ад штабу Віктара Бабарыкі. З гэтага пачаліся праблемы —
ператрусы, праверкі ў хоспісе і дзве крымінальныя справы.
Цяпер Вольга Вялічка працуе ў прыватнай беларускай школе ў
Вільні, паралельна спрабуе знайсці грошы, каб дзіцячы хоспіс у Горадні мог
працягваць працу. Па словах Вольгі, грошай у грамадскай арганізацыі на
ўтрыманне хоспісу ёсць на тры месяцы.
«Я не змагла сказаць сабе, што трэба быць па-за палітыкай,
трэба думаць пра сябе. Трэба думаць пра крэдыты, пра ўсё тое, пра што зараз
думаюць многія беларусы. Нават цяжкахворыя дзеці знаходзяцца ў гэтай сістэме, і
сістэму трэба мяняць. І гэта шанц», — працягвае Вольга.
У абарону Вольгі Вялічкі і дзіцячага хоспісу ў лістападзе 2020 года выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Быў апублікаваны заклік спыніць пераслед Вольгі з палітычных прычынаў. Заклік не дапамог, Вольга з сямʼёй была вымушана з'ехаць. Цяпер яна разам з Васілём Завадскім і Алегам Дарашкевічам спрабуе дапамагчы сваім калегам, іншым палітычным уцекачам, зняволеным і іх родным.