«7 шляхоў»: Беларусь у сэрцы і думках

Журналісты «Еўрарадыё» зрабілі фільм «7 шляхоў». Яго героі — дваццаць беларусаў, якія ў розны час і з розных абставінаў пакінулі радзіму, але засталіся з ёю ў думках і ў сэрцы. 


Здымкі праходзілі ў 2021 годзе ў Варшаве, Берліне і Кіеве. Іронія лёсу ў тым, што за час стварэння фільма ўлады Беларусі закрылі мінскі карпункт «Еўрарадыё» і аўтары фільма самі аказаліся ў статусе мігрантаў.
Рэжысёр фільма — Улад Рубанаў — свой журналісцкі шлях пачынаў у «Новым Часе». Напярэдадні прэм'еры ён адказаў на некалькі пытанняў НЧ.
— Сярод герояў фільма — людзі, якія пакінулі краіну на тле пратэстаў мінулага года, і тыя, хто ўжо шмат гадоў жыве не на радзіме. Ёсць нават тыя, хто нарадзіўся не ў Беларусі. Ці выпадковы быў падбор персанажаў?

— Невыпадковы. Мы хацелі паказаць рознасць, але адзінства беларусаў. Беларусы вельмі розныя, але ў нас ёсць шмат агульных турбот: за родных, радзіму, будучыню. Калі чалавек адносіць сябе да беларусаў, калі ён змагаецца за лепшую будучыню Беларусі без гвалту дыктатуры — ён мусіць ісці адным шляхам разам з намі. Шмат гадоў людзі, якія змагаліся за Беларусь, былі вымушаны з’язджаць. І так хваля за хваляй. Але ніхто з тых, хто з’ехаў 11, 20, 25 гадоў таму, не забыў, дзе яго дом. Так, нехта мімікрыраваў — бо шмат гадоў існуючая палітычная сітуацыя пакідала на іх шмат псіхалагічных шрамаў. Але адзін з герояў фільма кажа: «Да 2020 года мне было сорамна, што я беларус, а зараз я ганаруся гэтым».
Гэты фільм — спроба паказаць, што мы разам, мы беларусы, нягледзячы на тое, з'ехаў чалавек, ці не. Нельга лічыць чалавека здраднікам, калі ён пакінуў межы Беларусі: мы змагаемся не толькі ўнутры краіны, мы змагаемся па ўсім свеце. І таму — толькі разам, сіламі беларусаў усяго свету, зможам перамагчы.
 — У гэтым фільме ты і сам выступаеш у якасці героя. Чаму?
— Таму што для мяне гэта вельмі асабістая гісторыя: я сам вымушаны знаходзіцца па-за межамі Беларусі, не маючы магчымасці пабачыць родных, вечарком пашпацыраваць па сваім раёнчыку, завітаць у бар да сваіх сяброў. І калі я працаваў над гэтым фільмам, моцна ўразіўся, наколькі падобныя мае думкі да думак герояў: адны пытанні, адны мары, аднолькавыя страхі і сумневы.

— Што самае цяжкае было ў працы над фільмам?
— Шчыра кажучы, зараз я ўзгадваю ўсю працу над фільмам як жахлівы сон: не верыцца, што мы змаглі гэта зрабіць за колькі месяцаў. Суткі без сна, стрэсы, шмат чаго не атрымлівалася спачатку: тэхніка здыхала, зыходнікі страчаліся... Усё атрымалася, як кажуць, «не дзякуючы, а насуперак». Я адзін гэта не вывез бы. Дзякуй людзям, якія дапамагалі, крытыкавалі і падтрымлівалі. І асабліва я б не выцягнуў гэта без прадзюсара, з якім мы цалкам уклаліся ў гэты фільм. Але, на жаль, дзеля яго бяспекі не магу назваць імя.
Прэм'ера фільма «7 шляхоў» адбудзецца 29 кастрычніка, а 20-й гадзіне на ютуб-канале «Еўрарадыё».