У Беларусі за 10 гадоў знік «цэлы абласны цэнтр» занятых у эканоміцы
У Беларусі ў апошнія 5 гадоў назіраецца перманентнае скарачэнне колькасці пенсіянераў, галоўная прычына чаго — павелічэнне ўзросту выхаду не пенсію. І па ідэі, адначасова павінна павялічвацца колькасць занятых у эканоміцы. Чаго, аднак, не адбываецца. А нават наадварот — іх таксама становіцца ўсё менш.
Колькасць працоўнага насельніцтва ў Беларусі скарачаецца ўжо шмат гадоў, і не толькі (а цяпер – і не столькі) з прычыны дрэннай дэмаграфіі або эканамічнай бязладзіцы. У 2021-м гэты працэс нават паскорыўся: тэмпы падзення колькасці занятых у эканоміцы ў гэтым годзе — самыя высокія за апошнія 5 гадоў, вышэй, чым у “пандэмійны” 2020-ы, і ўжо набліжаецца да ўзроўню крызісных 2015-16 гг, піша Інфабанк.
Але ж цяпер у Беларусі, наадварот — фінансава-эканамічнае аднаўленне, уздым знешняга гандлю, рэальны рост ВУП, стабільнасць беларускага рубля, і, галоўнае — рост заробкаў у доларавым эквіваленце да найбольшых за 7 гадоў (у верасні – $574).
Ці гэта не падстава для паляпшэння сітуацыі з занятасцю, зніжэння “гастарбайтэрства” беларусаў за мяжу ў пошуках лепшай долі, павелічэння колькасці работнікаў?
Тым не менш, дынаміка ў сферы занятасці ў Беларусі — негатыўная, і нават з тэндэнцыяй да далейшага пагаршэння.
За 9 месяцаў 2021-га колькасць працуючых у краіне стала менш на 46,5 тыс. чал. (на 1,1%). Гэта — найбольшае скарачэнне за гэты перыяд года за апошнія 5 гадоў.
Вынік — падзенне колькасці занятых у эканоміцы людзей да гістарычнага мінімуму ў верасні 2021 года — 4 млн 263,3 тыс. чалавек.
За 10 гадоў (верасень 2021-га да верасня 2011-га) працуючых у Беларусі стала менш ужо на 407 тыс. чалавек (гэта — “мінус цэлы абласны цэнтр работнікаў”).
Паколькі эканамічных прычын з'ехаць з краіны цяпер нашмат менш, застаюцца толькі фактары:
— бягучай “палітычнай” эміграцыі — уцёкаў ад магчымага пераследу ўладаў
— эміграцыі на негатыўных чаканнях, на стратах надзей на хуткае кардынальнае паляпшэнне сітуацыі ў краіне, асабліва на фоне ўведзеных санкцый і наймацнейшага знешнепалітычнага пагаршэння, якое не хутка вырашыцца.
Але калі першы фактар эміграцыі – «палітычнай» -- часовы: гэтыя людзі калі-небудзь абавязкова вярнуцца, то другі фактар — на негатыўных чаканнях — самы небяспечны для Беларусі будучыні.
З'язджаюць у такім выпадку самыя маладыя, актыўныя і амбітныя людзі, якія не вераць, што змогуць рэалізавацца ў сённяшняй Беларусі. А гэта пазбаўляе краіну эканамічных пасіянарыяў, якія маглі б быць «лакаматывам» новай эканомікі. Яны, хутчэй за ўсё, так і застануцца жыць і працаваць у іншых краінах.