Павел Лібер, стваральнік «Голасу»: Нам яшчэ будаваць новую краіну — трэба, каб людзі былі гатовыя

Павел Лібер, стваральнік платформы «Голас», што выкрыла фальсіфікацыі на выбарах прэзідэнта Беларусі, распавёў DW пра задачы пры правядзенні рэферэндуму і пра «віртуальную Беларус».

Павел Лібер

Павел Лібер


На выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе анлайн-платформа «Голас» адыграла важную ролю ў раскрыцці фальсіфікацый вынікаў галасавання. Каманда з IT-спецыялістаў стварыла праграму для кантролю за сумленнасцю падліку галасоў. Выбаршчыкаў заклікалі дасылаць фота іх бюлетэняў. Усяго на платформе было зарэгістравана 1,6 млн чалавек. Пасля гэтага праграма апрацавала ўсе бюлетэні і апублікавала альтэрнатыўныя вынікі выбараў. Паводле гэтых дадзеных перамог не Лукашэнка.

У інтэрв'ю DW распрацоўшчык «Голасу», былы супрацоўнік беларускай IT-кампаніі EPAM Павел Лібер распавёў, як ён прыйшоў у палітыку, што цяпер адбываецца з «Голасам» і беларускім IT-сектарам і якія новыя праекты ён рыхтуе для беларусаў.

— Летась платформа «Голас» раскрыла масавыя фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Чым займаецца «Голас» цяпер?

— «Голас» як інструмент адыграў сваю ролю ў жніўні 2020 года. Яго задачай было падлічыць анамаліі на выбарчых участках, і ён з гэтым справіўся. Сёння «Голас» — гэта інструмент інфармавання і атрымання зваротнай сувязі. Наша аўдыторыя налічвае больш за мільён чалавек. Мы працягваем выпускаць навіны, праводзім галасаванні сярод аўдыторыі. Магчыма, задзейнічаем «Голас» пры рэферэндуме па новай Канстытуцыі Беларусі.

Цяпер «Голас» не патрабуе вялікай працы, таму наша каманда сфакусавалася на іншых прадуктах для беларусаў. Мы распрацавалі і запусцілі праект анлайн-кансультацый з лекарамі. У тым ліку, працуем над Digital Solidarity, агрэгатарам фондаў узаемадапамогі. Гэта значыць, мы выкарыстоўваем «Голас» як тэхналагічны акселератар, які дазваляе нам хутчэй рабіць іншыя прадукты.

— Як можна выкарыстоўваць «Голас» пры правядзенні рэферэндуму?

— Гэта самае складанае пытанне, на якое нашым аб'яднаным дэмакратычным сілам трэба будзе знайсці адказ. Да чаго яны будуць заклікаць: галасаваць «за», «супраць» або паставіць абедзве галачкі, каб зрабіць бюлетэнь несапраўдным, мы не ведаем. Але мы можам выкарыстоўваць «Голас» як інструмент падліку галасоў.

Рэферэндум будзе цяжкім з-за адсутнасці нармальнага выбару. Але гэта важная падзея — як і любы акт плебісцыту. Гэта магчымасць для беларусаў сабрацца яшчэ раз разам і выказаць сваё меркаванне.

— «Голас» прызналі экстрэмісцкай платформай. Як гэта паўплывала на вашу працу?

— Гэта нас засмуціць, але не спыніць (смяецца). «Голас» імкнецца захоўваць нейтральнасць, гэта самастойная ініцыятыва, мы не падтрымліваем ніякія палітычныя партыі. Але сёння гэта ўжо нікога не цікавіць. Здаровы сэнс у краіне страчаны. Думаю, статус «экстрэміста» звязаны з маючым адбыцца рэферэндумам: рэжым ведае, што «ГоласA будзе працаваць. Дарэчы,«экстрэмістамі» і «ценявым цэнтарвыбаркамам» нас называла яшчэ Лідзія Ярмошына (кіраўніца ЦВК Беларусі) да прэзідэнцкіх выбараў. Нам не прывыкаць, мы робім сваю працу далей.

— Як фінансуецца ініцыятыва?

— «Голас» не фінансуецца ніякімі арганізацыямі, гэта нашы асабістыя грошы і час. Для нас важна, што гэты інструмент, праз які мы маем зносіны з мільёнам беларусаў, не звязаны ні з якімі замежнымі арганізацыямі. Паколькі айцішнікі сёння — не самыя бедныя людзі, мы можам сабе дазволіць інвеставаць свае грошы і час.

— Вы кажаце, што IT-спецыялісты — не самыя бедныя людзі. Але навошта айцішнікам палітыка? Яны ж і так сябе добра адчувалі ў Беларусі.

— Калі мы стваралі «Голас», мы рабілі гэта не для перамогі Віктара Бабарыкі або Святланы Ціханоўскай. Мы адчувалі, што ў нас ёсць праблемы з празрыстасцю выбараў і з правамі чалавека. Гэта было рашэнне за справядлівасць. З часам мы ўбачылі, што ўсё роўна, хто ты і колькі ты атрымліваеш. Цябе заўсёды могуць спыніць, збіць, усё адабраць і ніякія законы цябе не абароняць.

— Як вы ацэньваеце эміграцыю IT-спецыялістаў сёння? Аркадзь Добкін з EPAM казаў пра 10-15% якія з'ехалі. Вы згодныя з гэтай ацэнкай?

— Я больш песімістычны. На сёння, па розных ацэнках, ужо выехала 10-15 тысяч чалавек. Гэта велізарныя лічбы, і працэс працягваецца. Частка спецыялістаў з'ехала на час у Грузію ці Украіну, адкуль яны фармальна працягваюць працаваць выдалена на беларускі офіс, але ў бяспецы. Гэтаму спрыяе і візавы рэжым: у Грузіі можна знаходзіцца год без візы, ва Украіне — паўгода. Калі сітуацыя працягне пагаршацца, колькасць тых, хто з'ехаў, вырасце да 30-40%, а ў горшым выпадку — да 50%.

— PandaDoc — гучны выпадак, калі сам бізнес быў перанесены ў іншую краіну. Ці варта чакаць зыходу IT-кампаній з Беларусі? Ці ўмовы ў Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) наколькі прывабныя, што такое наўрад ці здарыцца?

— Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, умовы ў ПВТ змяніліся. Гэта сігнал. Безумоўна, кампаніі будуць з'язджаць — за добрымі спецыялістамі і за бяспекай для бізнесу. Сёння IT-кампаніі спрабуюць захаваць бізнес у Беларусі. Але калі айцішнікі працягнуць пакідаць краіну, на фоне эканамічнага крызісу ўлады будуць больш патрабаваць грошай ад IT-сектара, і адток кампаній ўзмоцніцца. Суседнія краіны гэта разумеюць. Напрыклад, Украіна актыўна пераваблівае праграмістаў і прапануе выгадныя ўмовы для IT-бізнесу. Гэта велізарная, хутка развіваецца сфера, якая ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе толькі расці.

— У чым унікальнасць беларускага IT-сектара? Наколькі беларускія спецыялісты ў гэтай сферы цэняцца на сусветным рынку?

— Заходнія заказчыкі добра працуюць з беларускімі праграмістамі па двух прычынах. Па-першае, у нас моцная тэхнічная адукацыя і добра развіта партнёрства паміж IT-кампаніямі і тэхвузамі. Ужо на другім-трэцім курсе студэнты навучаюцца на практыцы, а да моманту заканчэння ўніверсітэта яны выпускаюцца моцнымі спецыялістамі. Гэта наша вялікая канкурэнтная перавага. Па-другое, наш беларускі менталітэт. У нас высокі ўзровень адказнасці, які не дазваляе кінуць праект на паўдарогі або сказаць «я гэтым займацца не буду». У еўрапейскіх або амерыканскіх праграмістаў такі ўзровень адказнасці сустракаецца радзей.

— Вы самі плануеце вярнуцца з палітыкі ў IT?

— Я не планую сыходзіць у палітыку. Гэта вымушаная сітуацыя, у якой я зараз знаходжуся. У IT-асяроддзі ёсць жарт: усё роўна айцішнікі захопяць свет, таму няма сэнсу марнаваць час на такое прамежкавае звяно як палітыка.

Безумоўна, я хачу вярнуцца. На самай справе ўсе прадукты, якія мы зараз распрацоўваем, мы робім для будучай Беларусі. Напрыклад, праект анлайн-кансультацый з лекарамі. У будучай Беларусі гэта можа стаць выдатнай сістэмай тэлемедыцыны. Чакаць, пакуль Міністэрства аховы здароўя створыць нешта падобнае — я баюся, да таго часу ў нас не застанецца людзей у Беларусі.

— Ці засталіся ў IT-сектара яшчэ лабісты ў Беларусі?

— На мой погляд, сёння ні ў аднаго сектара ў Беларусі не засталося ніводнага лабіста. Лабізм цяпер немагчымы. Любая канструктыўная рыторыка рэжымам будзе трактавацца як здрада. IT-сектар не будуць чапаць да таго часу, пакуль ён прыносіць адчувальны прыбытак без істотных укладанняў: не патрэбныя ні станкі, ні нават офісы. Але калі эканамічны крызіс моцна прыцісне, безумоўна, паспрабуюць націснуць і на IT. Тады кампаніі плаўна пераедуць у суседнія краіны, альбо будуць працаваць на рэжым.

— Вы падаецеся аптымістам. Што вам дапамагае ім заставацца?

— Той факт, што мы не вярнуліся ў сітуацыю «як раней», надае мне аптымізму. Ціск на беларускі рэжым узмацняецца. Пад гэтым ціскам ён здзяйсняе ўсё больш дзіўных неабдуманых учынкаў, толькі пагаршаючы сітуацыю. Як паказвае гісторыя, хутка гэта скончыцца. Час ва ўсіх сэнсах працуе на існуючыя дэмакратычныя сілы.

Цяпер важна беларусам захоўваць сябе як нацыю, не згубіцца па ўсім свеце. Мы рыхтуем іншы вялікі прадукт, свайго роду «віртуальную Беларусь». Спадзяюся, праз 3-4 месяцы мы яго выпусцім. Гэта экасістэма, у якой могуць жыць кам'юніці-прадукты, сэрвісныя прадукты, ідэнтыфікатары таго, што людзі — беларусы. Беларусы змогуць падтрымліваць беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся, а галоўнае — адчуваць, што мы — адна нацыя, нягледзячы на абставіны раз'яднанасці. Мы вельмі яе баімся, таму што раз'яднанасць, памножаная на час, можа прывесці да страты ўспамінаў, з чаго ўсё пачыналася.

А нам яшчэ будаваць новую краіну — трэба, каб людзі былі гатовыя.