Усіх фігурантаў «справы студэнтаў» этапавалі ў калоніі
Праваабаронцам стала вядома, што дванаццаць фігурантаў «справы студэнтаў» ужо пачалі адбываць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
Алану Гебрэмарыям, Ксенію Сырамалот, Вікторыю Гранкоўскую, Таццяну Екельчык, Марыю Каленік, Анастасію Булыбенка, Яну Арабейка, Вольгу Філатчанкаву, Касю Будзько этапавалі ў гомельскую жаночую калонію, піша «Наша Ніва».
Падтрымаць дзяўчын лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Ягора Канецкага этапавалі ў трэцюю калонію «Віцьба».
ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба
Іллю Трахтэнберга накіравалі ў папраўчую калонію №15.
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183
Глеба Фіцнера этапавалі ў шклоўскую калонію №17.
ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
«Справа студэнтаў» — працэс, што ішоў над 10 студэнтамі, маладзёжным лідарам Аланай Гебрэмарыям і выкладчыцай Вольгай Філатчанкавай.
Іх абвінавачвалі па ч. 2 арт. 17 (злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове) і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у пратэстах восенню 2020 года. Усе былі затрыманыя ў лістападзе: суд пачаўся ўвесну, а прысуд быў вынесены 16 ліпеня.
Усе атрымалі па два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі, за выключэннем Глеба Фіцнера, яго асудзілі на два гады калоніі.