Прысуд па «справе Судаленкі» адклалі на лістапад: знікла падсудная валанцёрка «Вясны»

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля з 3 верасня ідзе закрыты суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка


13 кастрычніка пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Тацяны Ласіцы — па 3 гады пазбаўлення волі, для Марыі Тарасенкі — 2,5 гады пазбаўлення волі.

18 кастрычніка павінны былі працягнуцца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не з’явілася на суд. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд перанеслі на 20 кастрычніка, але Марыю не знайшлі да гэтага часу, піша Радыё Свабода.

На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэння крымінальнай справы супраць Марыі Тарасенкі ў асобную вытворчасць, але суддзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень.

26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае следства па крымінальнай справе супраць Судаленкі і Ласіцы. Прысуд будзе вынесены прыкладна ў сярэдзіне лістапада.

Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні» (ч. 2 арт. 342 КК).

Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыедзе, а Леанід і Тацяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 года адпаведна.

Як распавёў у сваіх лістах Судаленка, у віну яму ставяцца:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
  • відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомлю Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.