Праект Gulagu.net атрымаў новыя відэа катаванняў у расійскіх калоніях
Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Дождж» паведаміў заснавальнік праекта Уладзімір Асечкін.
Відэа з катаваннямі яшчэ ў чатырох калоніях атрымаў праваабарончы праект Gulagu.net.
Па словах праваабаронцы, інфарматары выйшлі з ім на сувязь пасля публікацыі відэа з катаваннямі ў саратаўскім сухотным шпіталі № 1 ФСВП.
«Відаць, вельмі шмат людзей, якія маюць доступ да гэтага сакрэтнага відэаархіва ў Расіі, прасякнуліся прыкладам Сяргея Савельева і вырашылі нам дапамагаць. Цяпер як мінімум чатыры чалавекі паэтапна адпраўляюць нам файлы, якія сапраўды пацвярджаюць, што падобнае адбывалася як мінімум яшчэ ў чатырох установах Федэральнай службы выканання пакарання», – падкрэсліў Уладзімір Асечкін.
Ён адзначыў, што яго праект і раней пісаў аб парушэннях у гэтых установах, але дакументальных пацверджанняў не меў.
На наступным тыдні Gulagu.net плануе апублікаваць дакументальны фільм аб катаваннях у турэмным шпіталі Саратава, дзе назаве імёны супрацоўнікаў ФСВП і зняволеных, якія ўдзельнічалі ў гэтым. Так, паводле слоў Асечкіна, спіс вязняў, якія дзяжурылі падчас катаванняў, налічвае 15 імёнаў.
Справа аб катаваннях у расійскіх калоніях
У пачатку кастрычніка праваабарончы праект Gulagu.net аб'явіў аб атрыманні сакрэтнага відэаархіва з катаваннямі і згвалтаваннямі асуджаных у расійскіх папраўчых установах Іркуцкай, Саратаўскай і Уладзімірскай абласцей.
Следчы камітэт Расіі распачаў пяць спраў аб групавых гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару (п. «а» ч. 2 арт. 132 КК) і аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі ФСВП з ужываннем гвалту (п. «а» ч. 3 арт. 286 КК) у саратаўскай калоніі.
Аказалася, што архівы перадаў праекту беларускі ІТ-інжынер Сяргей Савельеў, які адбываў тэрмін за перавозку і збыт наркотыкаў.
Сяргей Савельеў незадоўга да гэтага пакінуў Расію і знаходзіцца ў Францыі, дзе плануе атрымаць палітычны прытулак. Пра тое, як яму ўдалося сабраць відэаархіў таго, што адбываецца ў ФСВП і як ён дабіраўся да Парыжа, Савельеў распавёў «Рускай службе Бі-бі-сі».
23 кастрычніка МУС Расіі аб'явіла яго ў вышук. Сёння стала вядома, што ў Расіі ён завочна арыштаваны. Сяргею Савельеву ставяць у віну неправамерны доступ да камп'ютарнай інфармацыі.