Расійскі варыянт мяккай сілы
У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, што і прадэманстраваў у кастрычніку беларус Сяргей Савельеў.
«У нашым (расійскім. — С. Н.) залюстаркоўі абнародаванне злачынстваў, якія здзяйсняюцца дзяржавай, не руйнуе яе асновы, а працуе на ўмацаванне дзяржавы. Відэа ў спалучэнні з беспакаранасцю тых, хто варочае швабрай, і з дэманстратыўным пераследам чалавека, які гэта відэа апублікаваў, фактычна робіцца, хай і грубай, хай і бязлітаснай, але агітацыяй за ўладу: супраціў бессэнсоўны, трывай — інакш цябе чакае швабра.
Відавочна, гэты прынцып зразумелы і ўладзе, і калі шукаць палітычную канспіралогію ў сюжэце Федэральнай службы выканання пакаранняў, то прыкладна такую — яны спецыяльна знялі гэтыя ролікі і спецыяльна адправілі Савельева з імі ў Францыю, каб усе ўбачылі, да якой ступені ўсё страшна і непапраўна».
Пра што гэтая цытата, запазычаная з артыкула расійскага журналіста Алега Кашына «Інфарматар Gulagu.net у вышуку. Дзяржава бярэ на сябе адказнасць за швабру», які быў апублікаваны на сайце republic.ru?
Яна пра «нашу Расію», пра тое што даўно не з’яўляецца таямніцай для тых, хто не разглядае дзяржаўныя СМІ ў якасці крыніцы інфармацыі.
Чалавек, «які гэта відэа апублікаваў», — Сяргей Савельеў, беларус, праграміст, былы зняволены, які адбыў свой тэрмін у абласной сухотнай бальніцы (ОТБ-1) Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) Саратаўскай вобласці.
Пра тое, якім чынам просты зняволены стаў уладальнікам сарака гігабайтаў відэа, што складаюць дзяржаўную таямніцу, распавядае стваральнік і кіраўнік праваабарончай сацыяльнай сеткі Gulagu.net Уладзімір Асечкін:
«Склаліся некалькі фактараў разам. Па-першае, гэта гіганцкі правал з боку кіраўніцтва ОТБ-1, галоўнай катавальні Паўднёвай федэральнай акругі. Іх вялікая памылка была ў тым, што яны паставілі на пазіцыю днявальнага зняволенага — айцішніка з Беларусі. Днявальны — гэта тое ж самае, што сакратар. Сяргей з лютага 2016-га да лютага 2021 года працаваў у кабінеце начальніка аддзела бяспекі — па сутнасці, выконваў усю працу за яго і меў доступ да кампутараў і сістэмы відэаназірання. Гэта адбываецца паўсюдна, адміністрацыйныя супрацоўнікі ўстаноў ФСВП часта перакладаюць вялікую частку сваіх службовых абавязкаў на вязняў-актывістаў».
У XXI стагоддзі з яго электроннымі прыбамбасамі слова канчаткова саступіла месца выяве, і не таму, што, у адпаведнасці з прароцтвам героя фільма «Масква слязам не верыць», кіно, тэатр, кнігі і газеты замяніла «адно суцэльнае тэлебачанне». Яго папулярнасць па-ранейшаму высокая, але ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што работнікі дзяржтэлебачання ўжо не першы год едуць з кірмашу.
Наадварот, для Gulagu.net і падобных ім НДА надыходзіць час экспанентнага росту эфектыўнасці. Таму яны і накіроўваюць свае рэсурсы на выкуп відэаархіваў. Што б там ні казалі, але ў Федэральнай службе выканання пакаранняў і ў падобных да яе ёй структурах часам яшчэ сустракаюцца прадстаўнікі віду Homo sapiens, якім нішто чалавечае не чужое.
Сяргей Савельеў — гэта асаблівы выпадак. Гэта самы маштабны зліў інфармацыі за ўсю гісторыю Расійскай Федэрацыі. Нездарма МУС Расіі абвясціла яго ў федэральны вышук — відавочна, з жадання аддзячыць за бескарысліва зробленую працу.
Але калі Сяргей Савельеў — асаблівы выпадак, то нічога ўнікальнага ў дзейнасці саратаўскай сухотнай бальніцы (ОТБ-1) спецыялісты не знаходзяць. Зноў працытую Уладзіміра Асечкіна: «Ёсць некалькі такіх катавальняў: саратаўская ОТБ-1, краснаярская ОТБ-1, іркуцкае СІЗА №1, ВК №3 Омску, у Кіраве ёсць катавальня... адна катавальня на 3–4 рэгіёны. Гэта спецустановы, дзе рэалізуюць спецмерапрыемствы — катаванні пад кантролем ФСБ. Туды звозяць людзей нібыта па падазрэнні на сухоты, а там замест лячэння іх чакаюць катаванні, іх збіваюць, гвалцяць, прымушаць людзей да стукацтва, самаагаворвання і агаворвання тых, на каго хочуць распачаць крымінальную справу».
Жаданне распараджацца сваім лёсам у беларусаў у крыві
Наколькі дзейнасць прафесійных расійскіх катаў зацікавіла дзяржаўныя СМІ Беларусі? Набіраю ў пошукавіку газеты «СБ. Беларусь сегодня» імя і прозвішча беларускага айцішніка. Знаходжу некалькі цёзак, але не больш за тое. Другі раз закідваю пошукававы невад, з дапамогай словазлучэння «саратовский ОТБ-1». І зноў безвынікова.
Няўжо тэма абароны правоў чалавека не цікавіць журналістаў самай саліднай газеты краіны? Ды не. На «правы чалавека» газета адгукнулася тысячамі спасылак. Абмяжуюся апошняй, ад 25 кастрычніка: «Шпакоўскі: тое, што адбываецца ў Еўропе, далёка ад тых уяўленняў пра дэмакратыю і правы чалавека, якія нам спрабуюць трансляваць заходнееўрапейскія структуры».
Прачытаў. Больш чым пераканаўча. «Францыю ліхаманіць ужо некалькі гадоў. Усё пачалося з пратэстаў «жоўтых камізэлек». Зразумела, не абышлося без пандэміі, якая «была выкарыстана французскім урадам для таго, каб паспрабаваць забараніць рознага кшталту масавыя мерапрыемствы».
Які дысананс з айчынным падыходам у барацьбе з эпідэміяй! Цытую паводле сайту president.gov.by: «Мы ж не ўсё ведаем пра гэту хваробу. І кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам так, як ён лічыць патрэбным».
Паводле Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), у Беларусі тройку лідараў сярод калектыўных каштоўнасцяў узначальваюць мір (97%), бяспека (96,4%) і... свабода (96%). Вось такія мы свабодалюбныя! Жаданне распараджацца сваім лёсам у нас у крыві. Таму ўсялякія спробы навязаць беларусам што-небудзь — і не важна, ці ідзе гаворка пра аўтарытарную ўладу, ці пра нашэнне маскі ў грамадскіх месцах, — асуджаныя.
***Паводле амерыканскага палітолага Джозэфа Наю, мяккая сіла (soft power) — гэта здольнасць атрымліваць жаданыя вынікі ў адносінах з іншымі дзяржавамі за кошт прывабнасці ўласнай культуры, каштоўнасцяў і знешняй палітыкі, а не прымусу або фінансавых рэсурсаў.
Ці варта вопыт саратаўскай сухотнай бальніцы (ОТБ-1) разглядаць у якасці элемента мяккай сілы «рускага свету»? У мяне няма адказу на гэтае пытанне. У краіне, у якой кожны мае права распараджацца сваім лёсам, кожны мае права і фарміраваць сваё стаўленне да «рускага свету».