Дэпутат бундэстага — пра збіццё Бабарыкі: «Агідна, як дыктатар Лукашэнка злоўжывае сваёй уладай»
У ноч з 24 на 25 красавіка палітзняволены палітык і экс-банкір Віктар Бабарыка трапіў у хірургічнае аддзяленне наваполацкай бальніцы. Што здарылася і дзе цяпер знаходзіцца былы кандыдат у прэзідэнты, невядома. «Нямецкая хваля» паразмаўляла з яго адвакатамі.
Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка вясной 2020 года збіраўся балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі і многімі лічыўся на той момант галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак зарэгістравацца кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы і ўзяць удзел у выбарах Бабарыка не змог: былы банкір быў затрыманы 18 чэрвеня паводле справы аб «арганізацыі на базе "Белгазпрамбанка" злачыннай групы, якая займалася вывадам грошай за мяжу». Разам з Віктарам Бабарыкам затрымалі і яго сына Эдуарда, які і цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Бабарыку-старэйшага да 14 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы вінаватым у парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч.3 арт.430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч.2 арт.235). Асуджаны сваёй віны не прызнаў.
У банкаўскай сферы Віктар Бабарыка працаваў з 1995 года. У 2000-м стаў старшынёй праўлення «Белгазпрамбанка» («дачкі» расійскага «Газпрамбанка») і кіраваў ім на працягу 20 гадоў. За гэты час банк увайшоў у пяцёрку найбуйнейшых у Беларусі. Бабарыка таксама быў вядомы як мецэнат: ён заснаваў фонд дапамогі хворым дзецям, фінансаваў выпуск кніг нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пры яго садзейнічанні ў Беларусь быў вернуты арыгінал Бібліі Францыска Скарыны, карціны знакамітых мастакоў-выхадцаў з Беларусі — Марка Шагала, Хаіма Суціна, Льва Бакста. Гэтыя палотны пасля «засвяціліся» ў крымінальнай справе «Белгазпрамбанка».
Віктару Бабарыку цяпер 59 гадоў. Акрамя сына Эдуарда ў яго ёсць дачка Марыя, якая жыве ў Аўстраліі. Жонка экс-банкіра загінула ў 2017 годзе ў Партугаліі, калі займалася дайвінгам.
«Гэта самая жорсткая калонія»
Прызначаны судом тэрмін Бабарыка адбывае ў папраўчай калоніі ў Наваполацку. «Гэта самая жорсткая калонія, — расказвае «Нямецкай хвалі» былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які таксама частку свайго тэрміну адбываў у наваполацкай калоніі і параўноўвае яе з канцлагерам. — Туды адпраўляюць людзей для таго, каб яны адчулі ўсю "радасць жыцця". Гэта значыць супрацоўнікі адміністрацыі не хаваюць, што зэк павінен пакутаваць. Медыкі ў калоніі, калі да іх нехта звяртаецца, кажуць: "А вы што, у санаторый прыехалі? Вы думаеце, вас тут лячыць будуць?"».
Паводле інфармацыі былых адвакатаў Віктара Бабарыкі і яго штаба, з лютага ад экс-банкіра не было навін. «Ад Бабарыкі не паступае пісьмовая карэспандэнцыя, сваякоў і адвакатаў да яго не дапускаюць. Апошнім часам ён увесь час знаходзіцца ў ШІЗА», — падзяліўся Глеб Германчук, прэс-сакратар палітыка.
20 сакавіка затрымалі апошняга адваката Бабарыкі, які працягваў працаваць — разам з яшчэ пяццю адвакатамі, якія прадстаўлялі інтарэсы вядомых беларускіх палітвязняў. А 27 красавіка з'явілася інфармацыя, што Бабарыка шпіталізаваны з калоніі ў бальніцу Наваполацка. Як паведамлялася, палітык быў дастаўлены ў бальніцу са слядамі такога жорсткага збіцця, што яго нават не пазналі, пакуль не ўбачылі прозвішча. У бальніцы Наваполацка пацвердзілі, што экс-банкір быў змешчаны ў аддзяленне хірургіі, яму зробленая аперацыя.
Дэпутат бундэстага: Агідна, як дыктатар Лукашэнка злоўжывае сваёй уладай
Гэтую інфармацыю пацвердзіў і экс-адвакат Віктара Бабарыкі Ілля Салей: «Сітуацыя сапраўды катастрафічная, перш за ўсё праз тое, што інфармацыі аніякай няма. Але гэта досыць распаўсюджаная практыка для такіх выпадкаў у Беларусі, і Віктар не стаў выключэннем. Наколькі я разумею, праходзіць нейкая кампанія па поўнай ізаляцыі палітычных лідараў ад знешняга свету і інфармацыі, па ўздзеянні на іх ужо, магчыма, не толькі маральна, але і фізічна».
Аляксандр Кабанаў прызнаўся, што здзіўлены паведамленнямі пра тое, што здарылася: «Таму што задача начальніка калоніі — не дапускаць агалоскі такіх выпадкаў. Сама адміністрацыя калоніі перыядычна займаецца тым, што збівае людзей, ставіць на расцяжкі. І гэта тычыцца не толькі палітычных, гэта ведаюць усе, хто там быў. Але яны навучыліся гэта рабіць так, каб чалавека не клалі ў бальніцу, каб не было сінякоў, каб ён не мог потым паскардзіцца».
На паведамленні пра шпіталізацыю Віктара Бабарыкі адрэагаваў дэпутат бундэстага Петэр Хайдт, які ўзяў над палітвязнем сімвалічнае шэфства: «Мы зыходзім з таго, што яго катавалі, альбо што ў выніку свайго зняволення ён як мінімум сур'ёзна хворы. Прысуд яму — гэта ганьба. Агідна, як дыктатар Аляксандр Лукашэнка зноў злоўжывае сваёй уладай. Калі б у яго было хоць трохі прыстойнасці, ён неадкладна вызваліў бы Бабарыку».
«Яму не давалі спакойна сядзець»
Яўген Пыльчанка, яшчэ адзін былы адвакат Віктара Бабарыкі, успамінае, што яшчэ ў 2021 годзе ў калоніі неаднаразова парушаліся законныя правы і інтарэсы палітыка. Стан яго здароўя не дазваляў працаваць у створаных умовах: тэмпературны рэжым, што перавышае норму, нездавальняючыя вентыляцыя і рэжымы праветрывання. «Мы спрабавалі неяк гэта вырашыць праз звароты са спасылкамі на нарматывы, якія павінны выконвацца. У нейкі момант, здаецца, нешта выправілі з вентыляцыяй або пачалі адчыняць акно, ужо можна было больш-менш працаваць», — працягвае Пыльчанка.
Акрамя таго, паводле інфармацыі былых адвакатаў палітыка, з самага пачатку ўтрымання ў калоніі яму былі забароненыя кантакты з іншымі зняволенымі. «Ён сам гэта разумее і сам адхіляецца ад размовы, таму што разумее, што будуць праблемы, — удакладняе Аляксандр Кабанаў. — Калі ён толькі прыехаў у калонію, яму дапамаглі паднесці сумкі. Чалавек падышоў, не ведаючы пра яго нічога. Проста звычайны зэк падышоў, падняў сумкі і адразу ж паехаў у ШІЗА на 60 сутак, не разумеючы, што адбываецца. Людзей, якія з ім віталіся, маглі закрыць у ШІЗА на 10 сутак, маглі — на 30 сутак. Як начальніку заманецца».
Таксама абмяжоўваліся зносіны Віктара Бабарыкі са сваякамі і адвакатамі. «Нам стварылі такія ўмовы, што мы маглі прыязджаць толькі ў непрацоўны час пасля шостай вечара, — кажа Яўген Пыльчанка. — Але тым не менш мы маглі рэгулярна яго наведваць. Калі мяне выключалі з калегіі адвакатаў, адначасова пачаўся этап, калі да яго перасталі пускаць адвакатаў».
Акрамя абмежавання кантактаў, адміністрацыя калоніі таксама абмяжоўвала вольны час Бабарыкі: «Яму не давалі спакойна сядзець. Яго ўвесь час загружалі, на чытанне і напісанне лістоў у яго заставаліся хвіліны на працягу дня, — расказвае Пыльчанка. — Гэта вельмі лёгка робіцца ва ўмовах калоніі. Прыдумаць занятак для зняволенага проста. Фактычна ён увесь час знаходзіўся ў стане напружання, адміністрацыя ўвесь час нешта для яго прыдумляла, каб ён адчуваў ціск».
На дадзены момант няма інфармацыі, дзе і ў якім стане знаходзіцца Віктар Бабарыка. Таксама, як паведаміла ў сваім відэазвароце Святлана Ціханоўская, сын палітыка Эдуард Бабарыка ўжо два месяцы знаходзіцца ў лякарні. Што стала прычынай яго шпіталізацыі, таксама невядома.
У Еўрасаюзе адрэагавалі на сітуацыю вакол Віктара Бабарыкі. Еўрапейскія палітыкі заклікалі рэжым «гарантаваць яму бяспеку і аказаць неадкладную і належную медыцынскую дапамогу, а таксама даць яму доступ да сваіх адвакатаў і сям’і».
«ЕС зноў заяўляе пра сваё патрабаванне неадкладнага і безагаворачнага вызвалення Віктара Бабарыкі і ўсіх палітзняволеных. ЕС працягне намаганні для забеспячэння справядлівасці для ахвяр і прыцягнення вінаватых да адказнасці», — гаворыцца ў заяве Еўрапейскага саюза.
Раней з заявамі наконт Бабарыкі выступілі МЗС Літвы, пасольства ЗША ў Мінску, дэпутаты Еўрапейскага парламента, Каардынацыйная рада, Абʼяднаны пераходны кабінет і Святлана Ціханоўская.