Хронікі рэпрэсій. Пракуратура перамагла «экстрэмісцкую» падушку ў інтэрнэт-краме

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 красавіка.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


28 красавіка суддзя Савецкага раёна Мінска Аляксандр Якунчыхін прысудзіў пластычнага хірурга Аляксея Дужага да двух гадоў «хіміі» за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе, паведамляе тэлеграм-канал медыкаў.

Аляксей быў затрыманы 14 лютага 2023 года прама на працоўным месцы. У дачыненні да яго была заведзена справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

* * *

28 красавіка МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі «чыгуначных партызан» Сяргея Плешкуна і Юрыя Сяльвіча, адваката Яўгена Папакуля, завочна асуджанага Валерыя Цапкалу, адміністратара супольнасці «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!» Уладзіміра Буцькаўца. Цяпер у спісе 2755 чалавек.

* * *

У Беларусі 6 новых палітвязняў: 3 беларусаў, 2 украінцаў і 1 паляк. Гэта Сямён Акула, Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы), Міхаіл Сталярчук і Дзмітрый Гудзік (грамадзяне Украіны), Руслан Лабанок, Арцём Вайцяховіч. Па даных праваабаронцаў, у Беларусі прызнаны палітвязнямі 1500 чалавек. У рэальнасці гэта лічба значна вышэйшая.

* * *

На 28 красавіка ні супрацоўнікі бальніцы, ні прадстаўнікі калоніі не могуць пацвердзіць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх. Яго месцазнаходжанне і стан невядомы.

Паводле інфармацыі, прадстаўленай 27 красавіка персаналам бальніцы, на канец дня Віктар Бабарыка знаходзіўся ў хірургічным аддзяленні ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Любая транспарціроўка была небяспечная для жыцця.

* * *

У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўненне. У спіс трапіў кантэнт медыя-праекта «Позірк» (тэлеграм-канал і старонкі ў сацсетках) і YouTube-канал «Свае / Чужыя Андрэй Стрыжак». Таксама ў спіс трапіла песня ўкраінца Арэста Лютага «Ах, Бандэро!», выкладзеная на Youtube яшчэ ў 2012 годзе.

* * *

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд бабруйчаніну Сяргею Франчуку, які з'яўляецца стрыечным братам намесніку камандзіра палка Каліноўскага Вадзіму Кабанчуку. Яму прызначылі тры гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Мужчыну судзілі за арганізацыю або актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), за абразу Лукашэнкі (арт. 368), прадстаўніка ўлады (арт. 369) і распальванне варожасці (арт. 130).

* * *

Стала вядома, каго затрымалі ў Гродне падчас аблаў за апошні месяц. Сярод затрыманых — прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека. Спачатку яму далі 1800 рублёў штрафу за» распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў«, але пазней выставілі абвінавачанне ў «паклёпе на Лукашэнку». Пакуль Віктар быў у СІЗА, у яго памерла маці.

Раней мужчына быў актыўны ў колах прадпрымальнікаў і абараняў іх у судах, а таксама судзіўся з падатковай. Цяпер ён у СІЗА-6 у Баранавічах.

Таксама сярод затрыманых — былы чэмпіён Еўропы па каратэ-кекусінкай, 30-гадовы гродзенец Давід Ацьман. Ён выйграў тытул чэмпіёна ў 2021 годзе. Мужчына валодаў фітнес-клубам «Тытан», а праўладныя СМІ яшчэ нядаўна называлі яго «волатам з Гародні».

Яшчэ адным затрыманым стаў Аляксандр Сыраежка (Сыр). Ён былы музыка знакамітых гарадзенскіх гуртоў «КальЯн» і «Dzieciuki».

Акрамя іх на відэа паказаны яшчэ чацвёра затрыманых. ГУБАЗіК сцвярджае, што гэта толькі частка тых, да каго прыйшлі падчас зачысткі. Ці на волі цяпер частка затрыманых людзей, не паведамляецца.

* * *

Пракуратура Савецкага раёна Мінска праводзіла маніторынг гандлёвых сетак у пошуках ідэалагічнай крамолы і такі знайшла яе ў дзвюх папулярных інтэрнэт-крамах — Ozon і Wildberries.

Паводле прэс-службы пракуратуры, былі «выяўлены факты публічнай дэманстрацыі неабмежаванаму колу асоб з мэтай наступнай прапановы да набыцця інтэрнэт-крамай OZON дэкаратыўнай падушкі з нанесенай на яе выявай палос бел-чырвона-белага колеру, а інтэрнэт-крамай Wildberries — сцяга з нанесенай на яго выявай палос бел-чырвона-белага колеру, вершніка белага колеру на кані з мячом і шчытом у руках».

На думку пракурорскіх работнікаў, «гэтыя выявы падобныя (магчыма змешванне) да інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай судом экстрэмісцкімі матэрыяламі». Таму пракурор раёна загадаў кіраўнікам арганізацый прыбраць гэтыя тавары з асартыменту.

* * *

Мінчанку Дзіну Зялёнку затрымалі за каментары. Відэа з ёй з'явілася ў каналах ГУБАЗіК. Дзяўчыне 23 гады. Яна з Мінска, летась скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і стала дыпламаванай перакладчыцай з англійскай і арабскай моў.

Ва ўніверсітэце дзяўчына ўдзельнічала ў алімпіядах па перакладзе тэкстаў, а ў яе рэзюмэ пазначана, што яна перакладала тэксты для структур Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

У відэа сілавікоў сцвярджаецца, што яна «праверыла» сябе ў фэйкавым боце BYPOL і неўзабаве да яе прыйшлі. Але не факт, што гэта праўда. На рэсурсах, якія захоўваюць гісторыю акаўнтаў, бачна, што некалі яе тэлеграм-акаўнт называўся яе ўласным імем. Такім чынам, яна магла актываваць і сапраўдны бот Байпола або не актываваць яго ўвогуле, а прыйшлі да яе з-за неабароненасці яе акаўнта.