Хронікі рэпрэсій за 2 траўня
Навіны сённяшняга палітычнага пераследу. 2 траўня сілавікі прыйшлі на ААТ «Мінскі мясакамбінат», затрыманыя некаторыя супрацоўнікі.
Палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» этапавалі ў калоніі
2 траўня стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калонію №9 у Горках, Валянціна Стэфановіча — у папраўчую калонію №15 у Магілёве, а Уладзя Лабковіча — у папраўчую калонію №17 у Шклове.
Нагадаем, 21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе «Вясны» суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім прызначаны вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі (праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну). Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла.
Пачалі судзіць палітзняволеную адвакатку Анастасію Лазарэнка
У судзе Анастасію пазбавілі абароны — яе адваката зрабілі сведкай па справе.
У Мінскім гарадскім судзе 2 траўня пачынаюць разглядаць справу 40-гадовай адвакаткі Анастасіі Лазарэнкі. Працэс вядзе суддзя Святлана Чарапанава. Палітзняволеную судзяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за «зліў дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы», а таксама за кансультацыі пад Акрэсціна ў жніўні 2020-га. На волі ў яе засталіся сталы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.
Палітзняволеную адвакатку абмежавалі ў праве на абарону — аднаго з яе адвакатаў выклікалі ў якасці сведкі, таму абараняць ён Анастасію больш не можа. Па інфармацыі праваабаронцаў, здарылася гэта незадоўга да сканчэння следчых дзеянняў.
Адвакатку затрымалі 2 чэрвеня 2022 года — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да Анастасіі з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы.
Спачатку супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы». Але пазней ёй прад'явілі абвінавачванні паводле арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці) і ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Паводле следства, яна нібыта арганізавала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», калі праводзіла кансультацыю пад Акрэсціна ў жніўні 2020 года.
Палітвязня, журналіста НЧ Мікалая Дзядка змяшчалі ў ШІЗА
Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя гродзенскай турмы № 1 змясціла палітвязня ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што лёг спаць на некалькі хвілінаў раней дазволенага. У лютым палітвязеня таксама закідвалі ў ШІЗА.
Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі (і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. 28 чэрвеня палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у знявленні на яго аказваецца ціск — толькі летам ён 44 дні бесперапынна ўтрымліваўся ў ШІЗА па надуманых прычынах.
Палітвязню Артуру Чарняўскаму ўзмацнілі пакаранне
Палітвязню, які адбываў абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №24, найверагодней узмацнілі пакаранне. Гэта вынікае з маго, што паштоўкі з Днём народзінаў, якія яму накіроўваліся, не дайшлі да адрасата. Адна з такіх паштовак вярнулася ў Светлагорск. На паштовым адпраўленні можна прачытаць пазнаку «за выездом».
Артур быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК на 2 гады «хіміі».
Вядома, што 13 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гродна Артура пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Справу вёў Руслан Гурын. Меркавана, Чарняўскага дадаткова асудзілі і ўзмацнілі рэжым зняволення.
У Мінску па «народным» артыкуле судзяць экс-менеджарку канала «Беларусь 2» Вольгу Гладкую
Суд Маскоўскага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы былой супрацоўніцы тэлеканала «Беларусь 2» Вольгі Гладкай. Экс-менеджарку абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядае суддзя Лідзія Цяліца.
Вольга — экс-менеджарка канала «Беларусь 2», была затрыманая 27 лютага 2023 года. Яна звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў верасні 2020 года.
Вядома таксама, што абаронцы спрабавалі дамагчыся вызвалення жанчыны пад грашовы заклад, паколькі яна мае праблемы з сэрцам і патрабуе пастаяннага медыкаментознага лячэння. Аднак яе пакінулі пад вартай.
Стрыечнага брата прадстаўніка штабу палка Каліноўскага Сяргея Франчука будуць судзіць другі раз запар
У Мінскім гарадскім судзе 28 красавіка Франчука асудзілі на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), распальванні варожасці (ч.1 арт 130 КК), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Стала вядома, што ўжо 13 траўня ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска адбудзецца разгляд крымінальнай справы супраць Франчука паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Працэс будзе весці суддзя Вольга Серакова.
У Нароўлі арыштоўвалі мясцовага актывіста Мікалая Віткоўскага
Пра гэта стала вядома толькі цяпер. Мужчыну змяшчалі пад арышт на 10 сутак за падпіскі на «экстрэмісцкія» паблікі і «непадпарадкаванне» супрацоўнікам міліцыі, паведамляюць праваабаронцы Гомеля.
Вядома, што Мікалая шмат разоў затрымлівалі ў 2020 годзе.
Эма Сцепулёнак — на волі
Цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю палітзняволеная былая настаўніца з Мёраў Эма Сцепулёнак. Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне мінулага верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт.
Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда.
З 16 снежня пенсіянерка пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4. Па інфармацыі праваабаронцаў, Эма Антонаўна цалкам адбыла свой тэрмін і выйшла на волю.
Сваякам Віктара Бабарыкі адмовілі ў сустрэчы з кіраўніцтвам Дэпартамента выканання пакаранняў МУС
Сваякі хацелі даведацца падрабязнасці пра месцазнаходжання і стан здароўя Віктара, а таксама атрымаць магчымасць пабачыцца з ім.
73-гадовага Барыса Кучынскага адправілі ў калонію: яму ўзмацнілі пакаранне
Нагадаем, спачатку 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна Кучынскага асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» — дзяржабвінавачванне тады запытвала пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады. Мужчыну судзілі за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» — паста аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка.
Пасля судовага працэсу пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд — у выніку Гродзенскі абласны суд яе задаволіў і прысудзіў Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам у 150 базавых велічынь (4 800 рублёў), а таксама пакрыць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5 000 беларускіх рублёў.
У Гомельскай вобласці працягваюцца затрыманні
Праваабаронцам стала вядома, што затрыманыя як мінімум 6 мужчын. Як бачна па відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, некаторых затрымлівалі наўпрост на працоўным месцы. Сярод затрыманых — Ігар Ступакоў, Павел Буланаў, Павел Данкаў.
Таксама ў відэа ўсе затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы. Адзін з іх распавядае, што пісаў каментары з заклікам далучацца да пратэстаў, а яшчэ адзін кажа, што рабіў ахвяраванні ў BYS*L.
Жыхару Фаніпаля прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэснай акцыі ў 2020 годзе
Суд Дзяржынскага раёна вынес прысуд 37-гадоваму жыхару Фаніпаля Максіму Палуянчыку, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч.1 арт. 342 КК. Справу разглядаў суддзя Сяргей Крупец.
Паводле абвінавачання, Максім 14 жніўня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па вуліцы Брэсцкай ў Фаніпалі. Паведамляецца, што хлопец быў апрануты ў белую цішотку і чырвоную байку.
«Чаму вы так апрануліся?» — цікавіўся на судзе прадстаўнік абвінавачання.
«Таму што гэта маё паўсядзённае адзенне» — адказаў абвінавачаны.
У Пінску затрыманы прадпрымальнік — ён пакідаў каментары супраць вайны ва Украіне
У відэа ГУБАЗіКа гаворка ідзе пра 28-гадовага прадпрымальніка з Пінска Ягора Дашэвіча. Яго вінавацяць у каментарах, якія ў асноўным тычацца вайны ва Украіне — мужчына крытыкаваў дзеянні беларускіх уладаў.