Падаць ёсць куды: Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі ў Індэксе свабоды прэсы-2023
Беларусь з пункту гледжання свабоды прэсы па-ранейшаму знаходзіцца ў чырвонай зоне, гэта значыць сітуацыя характарызуецца як «вельмі дрэнная». У рэйтынгу, падрыхтаваным «Рэпарцёрамі без меж» (RSF), наша краіна знаходзіцца на 157-м месцы са 180 (год таму займала 153-ю пазіцыю).
Беларусь займае месца паміж Палясцінай і Нікарагуа і названа «самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы да ўварвання Расіі ва Украіну». «Беларусь працягвае пераслед незалежных СМІ і іх рэпарцёраў», — адзначаецца ў картцы краіны.
Ніжэй за Беларусь — Турцыя, Куба, М'янма, Кітай, Расія і іншыя краіны. Аўтсайдарамі рэйтынгу сталі азіяцкія краіны: В'етнам (178-е месца), які паспяхова закрыў сезон палявання на незалежных журналістаў і каментатараў; Кітай (179-е месца), які з'яўляецца найбуйнейшай у свеце турмой для журналістаў і адным з вядучых экспарцёраў прапагандысцкага кантэнту; што не здзіўляе, Паўночная Карэя (180-е месца).
Умовы для журналістыкі дрэнныя ў сямі з дзесяці краін
Па традыцыі Індэкс свабоды прэсы штогод абнаўляецца 3 траўня — у Сусветны дзень свабоды друку. У ім ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах.
У рэйтынгу за 2023 год адзначаецца, што ў 31 краіне сітуацыя ацэньваецца як «вельмі дрэнная», у 42 краінах — «складаная», а яшчэ ў 55 — «праблематычная». У той жа час характарыстыку «добрая» ці «даволі добрая» атрымалі 52 краіны.
Умовы для журналістыкі лічацца дрэннымі ў 7 з 10 краін і здавальняючымі толькі ў 3 з 10, адзначаюць «Рэпарцёры без меж».
RSF падкрэслівае негатыўнае ўздзеянне вайны ва Украіне, якая дазволіла пачаць заключную аперацыю па зачыстцы расійскага медыяландшафту ў 2022 годзе.
Трывожная тэндэнцыя: размыванне мяжы паміж журналістыкай і дэзынфармацыяй
Паводле ацэнак RSF, у 118 краінах палітычныя дзеячы або рэгулярна, або сістэматычна ўцягнуты ў маштабныя кампаніі па дэзынфармацыі ці прапагандзе. Межы паміж сапраўдным і ілжывым, рэальным і штучным, фактам і артэфактам становяцца размытымі, што ставіць пад пагрозу само права на інфармацыю.
Таксама арганізацыя звяртае ўвагу на бітвы прапаганды, кажучы пра сітуацыю ў Расіі (164-е месца ў рэйтынгу):
— Сусветны індэкс дэманструе вельмі высокую валацільнасць існуючых сітуацый, са значнымі ўздымамі і спадамі, беспрэцэдэнтнымі зменамі, — пракаментаваў вынікі генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар. — Гэта нестабільнасць з'яўляецца вынікам падвышанай у многіх краінах агрэсіўнасці ўлад і росту колькасці праяў варожасці да журналістаў як у сацыяльных сетках, так і ў рэальным жыцці. Нестабільнасць таксама з'яўляецца следствам росту індустрыі вытворчасці сімулякраў, якая фарміруе і распаўсюджвае дэзынфармацыю, а таксама дае інструменты для яе вытворчасці.
Сёмы год запар на 1-м месцы Індэкса застаецца Нарвегія. На 2-м і 3-м — Ірландыя і Данія, адпаведна. У пяцёрку краін з найлепшымі паказчыкамі таксама ўвайшлі Швецыя і Фінляндыя.
ЗША (45-е месца) знізіліся на тры пазіцыі. Амерыканскія рэспандэнты негатыўна ацанілі становішча журналістаў (недахопы мясцовай заканадаўчай базы, шырока распаўсюджаны гвалт), нягледзячы на ўсе намаганні адміністрацыі Байдэна.
А Еўропа названа рэгіёнам, дзе ўмовы для журналістыкі лічацца найбольш спрыяльнымі, асабліва ў краінах Еўрапейскага Саюза.
Паводле Б*ларускай асацыяцыі ж*рналістаў