«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 3: Як людзі ў пагонах мяне «за мянта сваталі»

У папярэдніх частках дзённікаў вы даведаліся, як начальнік калоніі выхоўваў мяне з дапамогай дзіцячай літаратуры і як палітвязні тролілі працаўнікоў брэсцкага СІЗА. Сёння распавяду, як супрацоўнікі калоніі раілі мне ўладкаваць асабістае жыццё, як тарашкевіца паставіла ў тупік аператыўніка і як я троліла аднаго з начальнікаў у размове пра татуіроўкі.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas.jpg


Частка 1
Частка 2

«Лепей за мянта, чым за вашых Матолькаў»

Сілавікі вельмі часта агучвалі такую думку: усе нашы праблемы (жанчын, што выйшлі на пратэсты) — з-за таго, што ў нас няма мужоў, і мы ўзялі ўдзел у народным паўстанні нібыта ад няма чаго рабіць. Маўляў, вас ніхто не чакае дома, у вас няма паўнавартасных сем’яў.
«Вось быў бы ў цябе муж нармальны, ніколі б не пусціў на вуліцу — браць удзел у гэтых беспарадках!» — такое я чула неаднойчы.
«А, разведенка… Все понятно!» — злосна сплюнуў губазікавец-касталом, што затрымліваў мяне ў кастрычніку 2020 года.
— Ну, вот зачем тебе это все нужно, Оля? — неаднойчы пытаўся намеснік начальніка па рэжымнай і аператыўнай працы гомельскай калоніі Станіслаў Кавалёў. — Перестань ерундой заниматься. Выходи замуж, рожай еше ребенка. Да, кстати, и замуж лучше выходи за мента. Самого мента, конечно, не поймут. Но это уже совсем другая история.
— У сэнсе — за мянта? Ха-ха! — іранічна ўдакладняю ў Кавалёва.
— Знаешь что?! Лучше уж за мента, чем за ваших Мотолек, которые только и умеют что языком молоть! — пераканана рэзюмаваў Кавалёў.
Падобныя думкі рэгулярна выказваў і начальнік калоніі Талсцянкоў.
І шмат хто з іншых службоўцаў.
З Талсцянковым камунікацыя ў прынцыпе была вельмі складанай. У адрозненне ад Кавалёва. Хаця той таксама быў даволі жорсткім чалавекам, выглядаў апантаным прыхільнікам рэжыму, называў усіх палітвязняў злачынцамі, але разам з тым у часе нашых размоў заўсёды добра рэагаваў на жарты, падхопліваў іх, добразычліва рэагаваў на тролінг і пачынаў троліць у адказ.
Але так адбывалася толькі тады, калі мы перамаўляліся сам-насам.
У прысутнасці ж іншых супрацоўнікаў, асабліва кіраўніцтва, падпалкоўнік надзяваў маску жалезнага чалавека і паводзіў сябе адпаведна. Але ў яго вачах усё роўна (нават падчас пасяджэнняў так званых камісій па пакаранні) часта можна было заўважыць хітрыя чорцікі.
«Абаяльны карнік» — далі яму мянушку жанчыны-палітвязні.
Але наколькі ён мог быць абаяльным, настолькі мог быць і жорсткім. Кавалёў неаднойчы саджаў мяне ў ШІЗА і патрабаваў ад супрацоўнікаў, каб складалі на мяне рапарты.
Аднак пры гэтым жартаваў і ўсміхаўся. Вось і зразумей, што ў чалавека ў галаве. І як такія супрацьлеглыя якасці ў адной асобе могуць спалучацца.
У Талсцянкова ж пачуццё гумару адсутнічала спрэс.
Жартаваць з ім было небяспечна.

«Я не понимаю вашего белорусского языка!»

Крыху пра стаўленне людзей у пагонах да беларускай мовы і беларускамоўных палітвязняў.
У маёй сям’і карыстаюцца дзвюма мовамі. Матуля і дачка — рускай і беларускай, тата прынцыпова беларускамоўны. Я двухмоўная. Крыху прыстасаванская пазіцыя, часта папракаю сябе за гэта, бо лічу, што цалкам мушу перайсці на родную мову.
Ад жніўня 2020 года — на хвалі народнага паўстання — я амаль што цалкам перайшла на беларускую, а са службоўцамі ў часе знаходжання за кратамі размаўляла прынцыпова збольшага па-беларуску.
Гэта таксама была своеасаблівая форма пратэсту.
Як яны на гэта рэагавалі? Па-рознаму. У асноўным нармальна, шмат хто нават добразычліва. Але здараліся і вельмі непрыемныя выпадкі, хамскія наезды, абразы.
Мову я ніколі не дазваляла абражаць і заўсёды секлася з людзьмі ў форме ў гэтым пытанні да апошняга: гэта было справай гонару.
Першы такі скандал, калі я мусіла ўстаць на абарону беларускай мовы, адбыўся ў жодзінскім следчым ізалятары. Замову на атаварку я заўсёды складала па-беларуску. І вось аднойчы адчыняецца «кармушка», жанчына-кантралёр са злосцю вымаўляе маё прозвішча і шпурляе ў камеру мае пакупкі.
Бачу, што сярод іх далёка не ўсё. Шмат што з паперкі выкраслена, а менавіта словы «пернікі», «сурвэткі вільготныя», «асадка», «запалкі».
— В следующий раз, уважаемая гражданка, оформляйте свой заказ по-русски! — раздражнёна кідае кабета ў форме. — Я не понимаю ваш белорусский язык! Я приехала из Москвы и не учила его! Все, что не понимаю, буду вычеркивать из вашего списка!
— Не маеце права. Гэта дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Абавязкова напішу скаргу ў Генпракуратуру аб парушэнні вамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
— Вы неадекватная! — супрацоўніца з ляскатам зачыніла «кармушку».
Скаргу я напісала ў той жа дзень.
За сцены СІЗА папера так і не выйшла, але мяне выклікаў на размову выхавацель ізалятара і прапанаваў усё замяць.
Ён цалкам стаў на мой бок і сказаў, што абавязкова з той супрацоўніцай правядзе прафілактычную гутарку.

Сёння — мова, а заўтра — бунт у калоніі?

— Оля, ну ты же совсем не знаешь белорусского! Я вот когда читаю твои письма, за голову берусь — там столько ошибок! Везде одни мягкие знаки! — выказаў неяк папрок аператыўнік гомельскай калоніі Трушкін.
— Вы калі-небудзь чулі пра такі від правапісу, як тарашкевіца? — цікаўлюся з усмешкай.
Трушкін змаўчаў, але па вачах было бачна: не зразумеў, пра што гаворка. Непахвальна паківаў галавой, пакрактаў, на гэтым і разышліся.
— Да хватит тут уже понтоваться со своим белорусским! Переходи на русский! Я очень хорошо отношусь к белорусскому языку, но эти ваши оппозиционные понты мне уже надоели! — дакараў мяне неяк Кавалёў.
«Ці ёсць пытанні? — аднойчы звярнуўся да мяне па-беларуску ў часе абыходу ШІЗА начальнік калоніі. — Калі няма, то да пабачэння».
Талсцянкоў даволі лагодна ставіўся да беларускай мовы, як і большасць супрацоўнікаў калоніі. Вельмі шмат хто з іх называў мяне менавіта «Вольга», а не «Ольга», прычым вымаўлялі гэта не іранічна-абразліва, а добразычліва.
Менавіта супраць мовы адміністрацыя нічога не мела, іх насцярожвала іншае: калі палітвязень гаворыць па-беларуску, то прыцягвае да сябе дадатковую ўвагу.
У калоніі ты павінен проста быць шэрай масай, «часткай статка», не мусіш вылучацца. Беларускамоўны палітвязень заўсёды вылучаецца з натоўпу, ён адметны, яго слухаюць з цікаўнасцю. А гэта ў разуменні службоўцаў — «отягчающие обстоятельства».
Такі чалавек у вачах супрацоўнікаў выглядае асабліва ненадзейным элементам, патэнцыйным завадатарам, мяцежнікам. Сёння — мова, а заўтра, чаго добрага, бунт у калоніі ўздыме.
«Я не буду отвечать на ваш вопрос, пока вы не зададите его по-русски! — са злосцю выгукнуў калісьці ўжо былы начальнік брэсцкага СІЗА Вашкевіч. — Я из семьи потомственных военных, всю жизнь переезжал из страны в страну — и что, я везде должен был учить местные языки?!» — роў ён на мяне.
Усе аргументы датычна таго, што спадар Вашкевіч цяпер знаходзіцца ў Беларусі і як службовец мусіць валодаць абедзвюма мовамі і не мае права дыскрымінаваць вязня па моўнай прыкмеце, на яго не ўздзейнічалі. Палкоўнік, наадварот, заводзіўся яшчэ больш.
Такія палкоўнікі, такія часы ў Беларусі…
Скарга на супрацьзаконныя дзеянні Вашкевіча так і не паспела выйсці за сцены СІЗА, бо яго неўзабаве звольнілі. Акалічнасцей не ведаю: магчыма, палкоўнік папросту сышоў на пенсію.
Так ці інакш, але новы кіраўнік СІЗА Лук’яновіч (якога таксама неўзабаве знялі з гэтай пасады) да беларускай мовы ставіўся зусім па-іншаму. Лагодна, добразычліва, часта нават адказваў па-беларуску.

«Змея особо ядовитая»

Неяк з адным з кіраўнікоў Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці Андрэем Шабулдаевым у нас зайшла гаворка пра татуіроўкі.
Той запытаўся, ці ёсць яны ў мяне.
— Ага, на світанку туманнага юнацтва набіла сабе пошленькую ружу на руцэ: цяпер не ведаю, як ад гэтай ганьбы пазбавіцца, — адказваю.
— Понятно. Ну это можно сделать лазером без проблем. А новые татуировки собираешься делать?
— Вядома! — адказваю бадзёра. — Буду набіваць на пальцах «ЛОРД» (паводле зонаўскай субкультуры расшыфроўваецца як «легавым отомстят родные дети»), на шыі — «КОТ» («коренной обитатель тюрьмы»), а на назе будзе наколата «ЗОЯ» («змея особо ядовитая»).
Шабулдаеў трохі разгубіўся, зглынуў сліну. Павісла паўза. Але ў выніку ён жарт ацаніў, пачаў залівіста, шчыра смяяцца.
— Ну-ну, я тебя понял, — са смехам падсумаваў палкоўнік. — Но это же такая шутка, да? — на ўсялякі выпадак удакладніў ён.
— Якія ж тут жарты, грамадзянін начальнік, я абсалютна сур’ёзна, — зноў не ўтрымалася я ад тролінгу.

«Заканспіраваныя лозунгі» з паштоўкі

Невялікі штрых да нораваў адміністрацыі і яе маральных каштоўнасцей.
Выклікаюць мяне неяк у аператыўку — азнаёміць з актам аб знішчэнні маёй паштоўкі. Фармулёўка службоўцаў — «циничный характер корреспонденции».
— І што ж там такога цынічнага? — пытаюся ў кіраўніка аператыўнага аддзела Алёхіна.
— Ну вот эта ваша фраза — «добро победит зло!»
— Не разумею вас… Вы хіба маеце штосьці супраць? Паводле вашай логікі, зло павінна перамагчы дабро?..
— Да хватит вам уже! Это все ваши законспирированные оппозиционные лозунги! Знаем мы все эти ваши штучки… Поэтому и пресекаем…
Уявіце сабе: нават такая бяскрыўдная фраза не ўпісваецца ў сістэму каштоўнасцей гэтых людзей. Гэта страшна.
«Да вы все преступники, враги народа!» — рэхам адгукаецца ў маёй галаве крык тамтэйшых начальнікаў. Дужа пачынае сціскаць скроні.
Калі было асабліва нясоладка, успомнілася фраза Якуба Коласа (ён яе занатаваў у часе зняволення на цяперашняй Валадарцы): «Лепей тры гады ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць».
А дабро ўсё роўна пераможа!
Працяг будзе