«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 1: Як людзі ў пагонах выхоўвалі мяне «Денискиными рассказами»

Вольга правяла 791 дзень за кратамі, з іх амаль 5 месяцаў — у ШІЗА і ПКТ. 14 снежня 2022 года яна вызвалілася, а неўзабаве з'ехала ў Швейцарыю. І цяпер можа сама расказаць, праз што ёй давялося прайсці, пра людзей, з якімі звёў лёс у гэты няпросты перыяд. Эксклюзіўна ў «Новым Часе» — «Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай.

photo_2023_04_19_21_08_46.jpg


Я ўжо прызвычаілася да пачуцця бяспекі.
У беларускіх рэаліях гэта такая раскоша.
Дакладней будзе казаць, што гэтага пачуцця бяспекі, калі ты знаходзішся ў Беларусі, увогуле няма.
Ужо больш за два месяцы я знаходжуся ў Швейцарыі. Зніклі параноя, пачуццё трывожнасці. Адносна добра ўжо сплю па начах. Спакойна размаўляю па тэлефоне і нават вымаўляю падчас размоў прозвішча… ну самі ведаеце каго — не баючыся пры гэтым, што за мной праз 15 хвілін прыйдуць. Добра, калі б яны яшчэ проста прыходзілі, а то ж адразу дзверы могуць з нагі вынесці. Людзі ў пагонах там такія. Сур'ёзныя хлопцы — мовячы зонаўскім жаргонам, ваты не качаюць.
Пасля вызвалення з калоніі 14 снежня 2022 года не было ніводнага моманту, калі б я пачулася свабоднай. Да мяне гэтае пачуццё прыйшло толькі пасля экстраннай эвакуацыі — і тое не адразу.
У Беларусі ж увесь час над табой вісіць дамоклаў меч. Уражанне такое, нібыта хтосьці кінжал табе загнаў пад рэбры — па сутнасці ты ні на секунду не можаш расслабіцца, псіхіка пастаянна напружаная.
Увесь час чакаеш, што за табой знову прыйдуць. Колькі дадуць на гэты раз? Што прышыюць?
Цяпер ужо і не верыцца часамі, што яшчэ нядаўна даводзілася няспынна жыць у гэтым пекле.
Як у дурным сне!
Але, на жаль, гэта была рэальнасць.


Ужо два месяцы я спакойна хаджу па вуліцах: не азіраючыся, не рэагуючы нервова на машыны і мікрааўтобусы, што праязджаюць міма. Падпісалася на ўсе «экстрэмісцкія» каналы. Не шугаюся, калі бачу людзей у форме (хаця іх тут амаль што і не бачна).
Спакойнае, нармальнае, размеранае жыццё ў бяспечнай Швейцарыі — пра такі цуд за кратамі можна было толькі марыць. Мы так прызвычаіліся там да ўсяго ненармальнага…
Але ад цяжкіх, пякельных успамінаў нідзе не схавацца…
Яны ўвесь час усплываюць, ціснуць, прымушаюць сэрца шалёна калаціцца.
Гэтым разам яны пераносяць мяне ў брэсцкае СІЗА.
Зіма, пачатак года 2022-га…

Афрыканскія жарсці і кубачак, абкручаны салам

«Лашок-петушок!» — камера пырснула смехам, а ў супрацоўніка СІЗА вочы зрабіліся такімі круглымі, што, здавалася, выпадуць з арбіт.
«Сандра, ты што, зараз жа ў карцар пойдзеш, а там вельмі халодна, гэта табе не Гана!» — торгаю сваю сукамерніцу-афрыканку.
«Мент, уключы рызетку!» — не сунімаецца Сандра, звяртаючыся да прадольнага (дзяжурнага супрацоўніка-кантралёра) па-беларуску. Яна ўвайшла ў смак, падагрэтая адрэналінам гарачая афрыканская кроў бурліць і патрабуе перфомансу.
«Класковская, сюда! — задыхаючыся ад лютасці, кліча мяне да «кармушкі» прадольны. — Зачем ты обучила гражданина Африки плохим словам? Делать нечего?! Я знаю точно: это твоя работа! Больше никто здесь такой дичью не занимается! Пойдете в карцер вместе!»
Уключаю дурніцу: «Ды не, грамадзянін начальнік, гэта яна па радыё пачула. Я яе толькі беларускай мове навучаю, не больш за тое».
«Конечно! — з ляскатам зачыняецца кармушка. — Допрыгаешься скоро вместе со своей африканкой!»
«Вольга, давай возьмем з сабой у карцар сала», — жаласна просіць Сандра ўжо па-ангельску. І хуценька бяжыць да батарэі. Рэч у тым, што мая сяброўка з Ганы не магла есці, як яна сама гэта называла, «халодную ежу». Звычайныя прадукты пакаёвай тэмпературы для яе былі халоднымі, яна абавязкова мусіла іх разагрэць перад тым як есць. Гэта датычылася ўсяго — і сасісак з шапіка, і каўбасы, і сыру. Так што сасіскі і кавалкі сала на батарэі былі звычайнай з’явай для нашай камеры.
У Сандры існаваў і іншы метад, так бы мовіць, падагравання ежы.
На гарачым кубку. Вада ў алюмініевым кубачку награвалася кіпяцільнікам, пасля вакол кубачка Сандра закручвала сала, а сыр клала на кубачак і награвала яго парай.
Дарэчы, дык хто яна такая, гэтая Сандра? І як яна, ураджэнка далёкай Ганы, трапіла ў засценкі брэсцкага СІЗА?

«Мне страшна ад вашай дыктатуры»

Сандра нарадзілася ў Гане. Атрымала эканамічную адукацыю. Працавала ў мясцовым банку. Выйшла замуж, нарадзіла сына.
Праз нейкі час развялася, з працы звольнілі, цяжка захварэла маці. Канцы з канцамі сям’я зводзіла з вялікай цяжкасцю.
Хтосьці нараіў Сандры ехаць у Нямеччыну. Пазычыўшы даволі вялікую суму грошай, тая абходным шляхам ірванула ў кірунку «агнёў вялікага горада». І не адна, а з малодшай сястрой.
Пры нелегальнай спробе пераходу беларуска-польскай мяжы абедзвюх затрымалі беларускія памежнікі.
Завезлі ў нейкую вайсковую часць, выпісалі вялікі штраф. А пасля завялі крымінальную справу за спробу незаконнага перасячэння мяжы і падробку дакументаў.
І вось Сандра і яе сястра ў брэсцкім СІЗА №7.
У розных камерах. Разгубленыя, збянтэжаныя. Чакаюць суда і не страчваюць надзеі, што беларускія ўлады дазволяць ім застацца ў Беларусі.
«Ты хоць ведаеш, у якую краіну патрапіла, што тут за палітычны рэжым?» — з сяброўскім папрокам звяртаецца да Сандры наша сукамерніца, палітзняволеная Воля Ялцэвіч.
«Заткніся і дай лепей сала!» — абдымае Сандра Волю. Камера выбухае смехам.
Але Воля не сунімаецца і ладзіць для Сандры падрабязны лікбез па змрочных палітычных рэаліях сучаснай Беларусі.
Праз паўгадзіны расповеду ў Сандры пачынаюць трэсціся рукі.
«Якая такая дыктатура?! Чаму мне раней ніхто пра гэта не сказаў?» — крычыць Сандра страшным, не сваім голасам.
«І што зараз з намі будзе?! — голас стаў зусім сіпатым. — Нас могуць забіць тут?»
«Не, напачатку з цябе зробяць «гародніну», «частку статка», а пасля прымусяць уступіць у БРСМ», — уключаецца ў размову іншая сукамерніца.
«Хопіць, не палохайце вы яе ўжо так, — заступаюся за сваю афрыканскую сяброўку. — Сандра, не слухай ты іх, усё будзе добра!»
Тая глядзіць на мяне з недаверам: «Слухай, а можна я таксама стану палітвязнем? Хачу, каб мяне таксама ўсе так любілі і шмат лістоў пісалі».
«Падыдзі да відэакамеры і крыкні «Жыве Беларусь!», — іранічна кажу ёй. — І пажадана што-небудзь кепскае пра Лукашэнку скажы. Кепскае — ну, гэта ў сэнсе праўдзівае. Хаця ў прынцыпе і не трэба такіх высілкаў — яшчэ адзін-два падобныя дыялогі з супрацоўнікам СІЗА, і станеш беларускім палітвязнем».
Сандра не спала амаль што ўсю ноч. Варочалася, узнімалася. Раніцай прызналася мне: маўляў, шакаваная тым, што адбываецца ў Беларусі, што для яе гэта нечаканае, страшнае адкрыццё і што цяпер яна вельмі баіцца.
Разам з тым праз нейкі час у яе вачах заскакалі хітрыя чорцікі: «Слухай, я ведаю, як дапамагчы ўсім вам і Беларусі. Ведаю шмат шаманаў у Афрыцы, і калі вярнуся на радзіму, то пайду да іх, зраблю ляльку вуду з вусамі і…»
«Ой… Цішэй з гэтым… — кіўком галавы паказваю на відэакамеру. — А то дакладна станеш палітвязнем».
«Окей. Я зраблю так, што «ён» (Сандра прыкладае гарызантальна ўказальны палец да носа, імітуе асобу з вусамі — падгледзела, што мы так робім; улічваючы, што ў камеры ўвесь час працуе відэаназіранне, мы пазбягаем услых вымаўляць «гэтае» прозвішча) стане добрым чалавекам і не будзе больш нікому рабіць крыўды. Ёсць адзін дзейсны заклён», — падзялілася дэталямі свайго плана наша афрыканская сяброўка.
«Почему кружки стоят неровно? А ну, быстро поставьте на край стола! И с батареи быстренько все поснимать!» — загырчэў з-за дзвярэй прадольны.
У вачах Сандры бліснуў нядобры агеньчык.

Кніжка ад начальніка

Чарговы шэры дзень, нічога цікавага не адбываецца. Мне сумна. Вырашыла напісаць ліст супрацоўнікам гомельскай калоніі. Запытацца, чаму яны груба парушаюць дзеючае заканадаўства і пастфактум уляпілі мне яшчэ адну катэгорыю прафілактычнага ўліку — «схільнасць да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і праяў агрэсіі». Заадно прашу іх даслаць мне кніжку «Денискины рассказы».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Гэтая гісторыя бярэ пачатак у лістападзе 2021 года — у той час я адседжвала ў калоніі свае тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Адзінае, на што можна было пераключыць там увагу і што рэальна дапамагала забіваць час у гэтай катоўні — чытанне.
Зняволеным, што ўтрымліваюцца ў ПКТ, дазваляецца карыстацца бібліятэкай. Раз на тыдзень прыходзіла сімпатычная і даволі ветлівая дзяўчына-бібліятэкар, прыносіла кніжкі, пыталася пра мае літаратурныя густы і пажаданні.
Як ні дзіўна, але выбар ў каланійскай бібліятэцы быў даволі някепскі. Я ўвесь час замаўляла класіку і, вядома ж, Салжаніцына.
Думала, што будзе цяжка яго там перачытваць — аказалася, што наадварот. Калі перачытвала «Архіпелаг ГУЛАГ», мяне адпускала, рабілася лягчэй.
Я зразумела, што ў параўнанні з тым, гулагаўскім пакаленнем, нам яшчэ вельмі пашчасціла — калі можна, канечне, у кантэксце падобных страшных рэалій ужываць такое параўнанне.
Тады ў няшчасных людзей амаль што не было шанца выйсці з-за кратаў ды і выжыць увогуле, у нас гэты шанец быў трошачкі вышэйшы.
Апроч іншага, мы з Наташай Хершэ (яна таксама на той момант знаходзілася ў ПКТ) выкарыстоўвалі кнігі Салжаніцына як унутраную пошту. Вельмі акуратна алоўкам пісалі адна адной паведамленні.

«Дзякуй за падтрымку!» «І табе! Жыве Беларусь!»

Наталля Хершэ і Вольга Класкоўская

Наталля Хершэ і Вольга Класкоўская

Аднойчы дзяўчына-бібліятэкар прыйшла незапланавана і сказала здаць усе кніжкі — маўляў, інвентарызацыя…Настрой адразу заўважна сапсаваўся. Халера, што рабіць у гэтым каменным мяшку без кніжак?
Літаральна праз некалькі дзён мне нанёс візіт начальнік калоніі Талсцянкоў. Пачаў здалёк, пра палітыку, пра «кепскую Ціханоўскую» (гэта ўвогуле любімая фішка турэмнікаў — абліць брудам Святлану Ціханоўскую, такім чынам яны нас перавыхоўваюць, як яны лічаць, імкнуцца змяніць наш светапогляд; не разумеюць, што выглядаюць смешна, недарэчна і непераканаўча са сваёй «палітычнай аналітыкай»).
Талсцянкоў страшыў, што неўзабаве супраць мяне будзе заведзена новая крымінальная справа па артыкуле 411 («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі») і што гэта, маўляў, апошняе папярэджанне з яго боку. Няўзнак зрабіў выгляд, што вельмі заклапочаны адсутнасцю ў мяне кніжак і дадаў, што нібыта начальнік рэжымнага аддзела Сіўцоў вельмі перажывае з гэтай нагоды і ўжо падабраў адмыслова для мяне файную кніжку. Талсцянкоў паабяцаў, што ўвечары мне гэтую кніжку перададуць і што яна мне, маўляў, вельмі спадабаецца.
Увечары ДПНК (дзяжурны памочнік начальніка калоніі) папрасіў мяне затрымацца каля дзвярэй камеры і, сарамліва вымавіўшы «вот, тебе просили передать», працягнуў кнігу «Денискины рассказы». Здавалася б, ну што тут такога. Уласна, нічога — не ўлічваючы таго факта, што начальніка калоніі завуць Дзяніс.
Ай, думаю, як ёсць, так ёсць: выбару ніякага ўсё роўна няма, таму буду чытаць хоць што. Каб не звар’яцець. Адкрываю кнігу — і пад ногі падае цыдулка. Ого, цікава! Партызанская пошта? Аказалася, не — цыдулка ад людзей у пагонах: «Обязательно к прочтению» — далей ідзе пералік старонак. Што цікава, прадублявалі тэкст і па-беларуску.

Адкрываю першую пазначаную ў цыдулцы старонку: «Все тайное становится явным», другую — «Капля никотина убивает лошадь». І гэтак далей.

Кніжку прачытала з задавальненнем, прычым некалькі разоў. Увесь гэты час супрацоўнікі адміністрацыі (непасрэднае кіраўніцтва) падыходзілі да вочка камеры і назіралі за мной. Часамі запытваліся штосьці кшталту: «Ну что, нравится книжка?»
Нічога сабе ўзровень тролінгу, падумала я тады. Усе падпалкоўнікі і палкоўнікі ў курсе — відаць, разам распрацоўвалі гэтую спецаперацыю.
А з іншага боку, падумалася мне, лепей бы яны нас тролілі, чым прэсавалі.
Кніжку ў СІЗА адміністрацыя ПК-4 мне так і не даслала. Але даслала афіцыйны адказ: маўляў, катэгорыя прафуліку замацавана за мной правамерна, і мяне пра гэта праінфармавалі (?), а літаратуру ў следчыя ізалятары мы не дасылаем. Прыязджайце, маўляў, да нас і чытайце. Згадалася фраза са старой кінакамедыі: «Будете у нас на Колыме…»
Працяг будзе