Палітзняволеная Вольга Класкоўская: Хмары не могуць закрываць сонца вечна

Сёння, 30 студзеня, палітзняволеная Вольга Класкоўская сустракае свой Дзень народзінаў у СІЗА №1 на Валадарскага. Як адчувае яна сябе цяпер, знаходзячыся ўжо чацвёрты месяц за кратамі, пра што піша родным і блізкім — пра гэта распавяла яе маці Людміла Класкоўская.

volha_klaskouskaja_2017_hod.jpg


— Я загадзя адправіла віншаванні дачцэ з нагоды яе свята. Хочацца, каб менавіта ў гэты дзень яна адчула нашу падтрымку і клопат.
А ўвогуле мінулы месяц і пачатак гэтага выдаліся для Вольгі вельмі цяжкімі. Пра гэта яна пісала мне ў лістах, казала падчас адзінай сустрэчы ў СІЗА, якая адбылася пасля пасяджэння раённага суда над ёй. З гэтай нагоды я некалькі разоў сустракалася з доктарам ізалятара, і ён пацвердзіў, што стан Вольгі не зусім добры. Па яго словах, яна атрымлівае неабходнае лячэнне, ён папрасіў мяне перадаць ёй лекі, якіх на той час бракавала ў ізалятары. Таксама медык паведаміў, што хутка Вольгу адвязуць у гарадскую бальніцу для дыягностыкі і далейшага лячэння.
Ад самой Вольгі доўга не было лістоў. А потым я атрымала адказ на свой запыт у СІЗА і як дадатак — медыцынскую даведку ад начальніка медчасткі. Мне паведамілі, што Вольга была шпіталізаваная ў 5-ю бальніцу, дзе ёй правялі хірургічнае лячэнне і прызначылі лекі. Цяпер яе стан задавальняючы.
«Маці, ты не хвалюйся, — напісала Вольга, — Цяпер усё прыходзіць у норму».
Але канчатковы дыягназ будзе вядомы толькі праз месяц.
У лістах і падчас нашай сустрэчы я ўбачылаі адчула, як яна добра трымаецца і стараецца не паказваць выгляду, што яе нешта турбуе. Цікавіцца навінамі, бо, па яе словах, надта не хапае інфармацыі з волі. Пісала, што яшчэ ў Жодзіна атрымала адзін нумар «АіФ», у камеры чыталі навіны ўслых. Але газета «Новы Час», на якую яе падпісалі, да яе так і не даходзіць.

Вольга Класкоўская, 1991

Вольга Класкоўская, 1991

Вольга вельмі дзякавала за падтрымку ўсім нераўнадушным беларусам. Лісты, дарэчы, ідуць да яе не толькі з Беларусі, але і з замежжа.
«Людзі дасылаюць шмат мілых паштовачак і малюнкаў, нават засушаныя кветачкі, — адзначае яна ў лісце. — Нацыя вельмі аб'ядналася вакол агульнай мэты і дэманструе моцную салідарнасць».
Даходзяць да іх звесткі і пра тое, што беларусы не здаюцца, выходзяць на акцыі пратэсту.
«Вельмі балюча, што людзей так прэсуюць. Душа баліць за кожнага, бо мы ўсе ўжо сталіся не чужымі адзін аднаму», — піша Вольга.
Там яны радуюцца, па яе словах, самым звычайным рэчам. Дарэчы, пра турэмнае жыццё і быт яна амаль не піша — гэтая тэма забароненая. Нават падчас нашай сустрэчы, калі мы размаўлялі праз шкло, у кабінцы вісела даведка з пералікам, пра што можна размаўляць, а пра што не.
Шчыра дзякуе за перадачы. Напрыклад, ёй вельмі прыдаліся рукавічкі: гарбату і каву даводзіцца піць з алюмініевых кубкаў без ручак. Таксама вельмі дзякуе за гадзіннік, які я ёй перадала, бо, па яе словах, іншы раз здавалася, што час тут спыніўся назаўсёды.

Вольга з дачкой Мірай у Мастацкім музеі

Вольга з дачкой Мірай у Мастацкім музеі

Вользе нават адтуль удаецца падтрымліваць мяне. Яна вельмі хвалюецца за маё здароўе, піша, каб я сябе берагла і не сумавала.
«Беражы сябе і перадавай прывітанне ўсім, хто пра мяне памятае і дасылае лісты, — піша яна. — Сонца выйдзе з-за хмараў. Хмары не могуць закрываць сонца вечна. З гэтай упэўненасцю мы бавім тут час і чакаем перамен да лепшага».
Я пажадаю Волі ў дзень яе нараджэння, а таксама ўсім тым, хто зараз знаходзіцца за кратамі, як кажуць беларусы, трымацца і не журыцца. Няхай яны адчуваюць, што мы, іх блізкія, заўсёды побач.
Дарэчы, 2 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пройдзе паседжанне па разглядзе апеляцыі, якую Вольга падала на прысуд раённага суда.
Нагадаем, 22 снежня мінулага года ў Ленінскім судзе Мінска Вользе Класкоўскай прысудзілі два гады калоніі за перакрыванне дарогі ў Серабранцы 13 кастрычніка.
Вы можаце павіншаваць Вольгу, даслаўшы ёй ліст на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Класкоўскай Вользе Аляксандраўне.
 Фота прадастаўлена сваякамі Вольгі Класкоўскай