У Беларусі — чарговая праверка боегатоўнасці і «мабілізацыя». Прызавуць да тысячы чалавек

Непакоіцца трэба мужчынскаму насельніцтву Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Менавіта там, згодна з паведамленнем Мінабароны, праверка пройдзе «ў першую чаргу».

Ілюстрацыйнае фота з сайта journalchik.ru

Ілюстрацыйнае фота з сайта journalchik.ru


Этап комплекснай праверкі баявой гатоўнасці воінскіх часцей і падраздзяленняў закране тыя часткі, якія прыцягваюцца да рэагавання на крызісныя сітуацыі, паведамляе прэс-служба Мінабароны. Яна пройдзе ў траўні пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба УС — першага намесніка міністра абароны Віктара Гулевіча.

Выконваць задачы падраздзяленні будуць на некалькіх палігонах і ўчастках мясцовасці.

«Адпрацоўка практычных дзеянняў спланавана пры правядзенні вучэнняў і трэніровак рознага маштабу, падчас некаторых з іх прадугледжана ажыццявіць прызыў ваеннаабавязаных, агульная колькасць якіх не перавысіць 1000 чалавек», — гаворыцца ў паведамленні.

Адной з асаблівасцей комплекснай праверкі заяўлена «апрабацыя фарміравання атрадаў народнага апалчэння і выкананне імі вучэбна-баявых задач у інтарэсах падтрымання ваеннага становішча».

Нагадаем, што ў час папярэдняй праверкі, якая прайшла ўсяго месяц таму, улады зрабілі «мабілізацыю» ў Брэсцкай вобласці, якая больш нагадвала хапун. Людзей забіралі з прадпрыемстваў, з ложкаў уначы, звозячы іх у дамы культуры і «лядовыя палацы», і адпраўлялі ў нявызначаным кірунку, не гаворачы, куды яны едуць.

Падобную «мабілізацыю» зазналі Жыхары Лунінца, Мікашэвічаў, Баранавічаў, Пінска, Ляхавічаў. Па Брэсце рэпартаж нават дало афіцыйнае ТБ (здымкі якраз у спарткомплексе).

На «зборы» мужчын забіралі проста з працоўных месцаў на заводзе ААТ «Лідсельмаш».

«У Брэсцкай вобласці, мабыць, адпрацоўваюць механізмы раптоўнай мабілізацыі. Верагодней за ўсё, маем адпрацоўку алгарытму «загрэбці ўсіх, каго атрымаецца адлавіць» — гэта значыць з улікам расійскага вопыту мабілізацыі», пісаў аналітык Ігар Тышкевіч.