Мабілізацыя? У Лунінцы мужчын хапаюць паўсюль, нават забіраюць з ложкаў, і вязуць у войска
Жыхары Лунінца, што ў Берасцейскай вобласці, распавялі мясцоваму «М*дыя-Палессе» пра тое, што з аўторка ў райцэнтры, у суседніх Мікашэвічах і ўвогуле ў раёне пачалася так званая мабілізацыя. Мужчын забіраюць з дому, з вуліцы, з працоўных месцаў, камусьці ўручаючы позвы, а камусьці — не. Потым іх звозяць аўтобусамі ад Дома культуры ў невядомым кірунку.
— Майго калегу забралі проста з ложка, — паведаміў работнік
аднаго з прадпрыемстваў горада. — Як распавяла ягоная жонка, у дамафон раніцай
патэлефанавалі, прадставіўшыся суседзямі. Яна адкрыла. Далей невядомыя ўвайшлі
ў кватэру, паднялі мужа з ложка. Сабрацца толкам не далі і адвялі. Ніякай
даведкі для працы не пакінулі.
Далей стала вядома, што мужчыну з іншымі павезлі аўтобусам у
Слонім. Нібыта там знаходзіцца мабілізацыйны цэнтр. Там абвясцілі, што
месцаў няма, і адпусцілі, але ўжо з позвай.
Са слоў іншага лунінчаніна, мужчын збіраюць каля гарадскога
Дома культуры і грузяць у аўтобусы. Мужчыны не маюць пры сабе неабходных рэчаў
і санітарных прадметаў. Для большасці гэта поўны шок. Прычым, гэта розных
узростаў людзі. Па дакладных звестках, «трапіўся» і мужчына 1971 года
нараджэння.
Таксама выданню паведамілі, што па ўсіх населеных пунктах ёсць
план мабілізацыі. Асаблівы попыт на кіроўцаў і кухараў.
Паводле падлікаў крыніцы, з Лунінца за двое сутак павезлі
каля 200 мужчын. Толькі за 6 красавіка ад гарадскога Дома культуры адправіліся два вялікія аўтобусы.
Цяжка сказаць, наколькі на сёння гэта распаўсюджаная з'ява, але і дапусціць нейкую самадзейнасць у адным асобна ўзятым раёне немагчыма. Там больш што днямі медыя паведамлялі пра такую ж «мабілізацыю» ў іншых населеных пунктах краіны. У прыватнасці, у Баранавічах.
«Брат сышоў на працу, а там яму паведамілі, што прыйшлі позвы і трэба іх забраць. Уручылі яму і яшчэ дзесяці чалавекам з яго працы», — распавяла чатачка гарадскому выданню Intex-press.
«Мяне выклікалі на тры гадзіны ночы ў суботу ў Лядовы палац.
Турбуе, што зборы ноччу, не пазначаны іх дакладны тэрмін, а таксама тое, што ў
позве пазначаная мэта «мабілізацыя, мабілізацыйныя зборы, спецыяльныя зборы»,
але патрэбнае не падкрэслена», — падзяліўся сваімі думкамі з нагоды маючых
адбыцца збораў адзін з «прызыўнікоў».
Пра аналагічныя выпадкі ў Брэсце распавядала таксама «Л*стэрка».
Як вядома, Лукашэнка нядаўна абвясціў чарговую праверку боегатоўнасці беларускага войска. У тым ці іншым выглядзе гэтыя праверкі працягваюцца ад самага пачатку вайны 24 лютага мінулага года. Бясконца ў краіне праводзяцца зборы, вучэнні і іншыя вайсковыя мерапрыемствы, цывільных мужчын з вопытам службы пастаянна забіраюць «у салдаты».
Якія маштабы «мабілізацыя» мае гэтым разам, сказаць складана. Але мілітарызацыя ў грамадстве, прамовах лукашэнкаўцаў і прапагандыстаў відавочна ўзрастае.