«Будуць здавацца ў палон цэлымі падраздзяленнямі»: беларускі афіцэр пра настроі сярод вайскоўцаў
У Беларусі працягваецца так званая праверка боегатоўнасці. На зборы выклікаюць ваеннаабавязаных, у тым ліку — афіцэраў запасу. Шэраг апазіцыйных беларускіх палітыкаў заклікае ЕС адкрыць гуманітарныя калідоры для тых беларусаў, што бягуць ад прызыву.

Афіцэр запасу на ўмовах ананімнасці распавёў пра тое, што думаюць беларускія вайскоўцы аб магчымым уступленні ў вайну супраць Украіны і што зробяць у такой сітуацыі. Размову прыводзяць «Белнавіны».
Афіцэр падкрэслівае: ваеннаабавязаныя баяцца, што іх адправяць ваяваць.
— Калі паўтара гады таму ўсіх шпігавалі прапагандай пра «заходніх лялькаводаў», «пятую калону» і гэтак далей, то цяпер ідзе жорсткае прамыванне мазгоў пра Украіну, NATO, «напад палякаў», кожны дзень распавядаюць пра полк Каліноўскага. Пры гэтым больш за 80% адкрыта смяюцца з гэтага, у астатніх «не ўсё адназначна», але ніхто ваяваць не хоча.
Усе маладыя хлопцы, усе ўмеюць карыстацца інтэрнэтам, бачылі абгарэлыя трупы расійцаў ва Украіне. Калі ў кагосьці, магчыма, раней былі нейкія незразумелыя жаданні «пабразгаць зброяй», то цяпер такога жадання проста няма.
Самыя папулярныя размовы — хто і што будзе рабіць, калі ўсё-ткі адправяць ваяваць, распавядае ваенны.
— Скажам так, адсеў пачнецца яшчэ да моманту, калі будзе аддадзены загад. У многіх на руках пашпарты з візамі, хтосьці сказаў, што «будзе хавацца па падвалах» або ігнараваць загад. Ёсць адсотак тых, хто сказаў, што пры першай магчымасці здаецца ў палон украінцам. Былі больш радыкальныя адказы, маўляў, атрымаю зброю і далей не мінуць бяды тым, хто яе выдаў.

Ён адзначае, што вайскоўцы будуць здавацца ў палон УСУ цэлымі падраздзяленнямі.
— Я не магу гаварыць за тых, хто на кантракце. Магчыма, нехта з віцебскіх дэсантнікаў, хлопчыкаў і дзяўчынак з Сіл спецыяльных аперацый, будзе гатовы ісці ў атаку. Калі казаць пра салдат тэрміновай службы і тых, каго могуць мабілізаваць — нічога не выйдзе.
Так, ёсць размовы, што нас могуць неяк змяшаць з расійцамі, будуць загародатрады, але не магу ўявіць, каб з гэтага нешта выйшла. Будзе павальнае дэзерцірства, будуць здавацца ў палон цэлымі падраздзяленнямі.
