«Беларусь можа ператварыцца ў арэну ваенных дзеянняў, калі адсюль зноў паляцяць расійскія ракеты»

Пуцін у чарговы раз выклікаў да сябе Лукашэнку — меркавана, гэтая сустрэча адбудзецца 17 лютага, у пятніцу. Тым жа часам Францыя заклікае сваіх грамадзян пакінуць Беларусь. Ці чакаецца абвастрэнне ў гадавіну вайны? Пра гэта ў інтэрв’ю «Філіну» разважае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Фота Marko Djurica / «Reuters» / Scanpix / LETA

Фота Marko Djurica / «Reuters» / Scanpix / LETA


— Прэс-сакратар Крамля не выключыў, што 17 лютага адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. Вы адзначылі, што гэта свайго роду дэжавю. У 2022-м іх апошняя перадваенная сустрэча адбылася 18 лютага і папярэднічала нападу Расіі на Украіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Чым можа быць выклікана неабходнасць сустрэчы ў сённяшніх абставінах?

— Відавочна, гэта можа быць у пэўным сэнсе манеўр. Бо мы пакуль не ведаем напэўна, ці будзе гэтая сустрэча, Пяскоў сказаў, што, магчыма, яна адбудзецца. І ўкінута гэтая інфармацыя была ў дзень, калі ў Рамштайне праходзіць чарговая сустрэча праўкраінскай кааліцыі.

Так што гэта цалкам можа аказацца элементам прапагандысцкай вайны, і гэтая сустрэча зусім не адбудзецца або абернецца чымсьці фармальным. Гэтага, вядома ж, выключаць нельга.

Але пэўны сэнс у сустрэчы ёсць. Бо на наступным тыдні ў Расіі запланавана некалькі важных мерапрыемстваў. Гэта і выступленне Пуціна перад Федэральным сходам, і гадавіна вайны.

Пры гэтым і ўкраінскія, і заходнія эксперты адзначаюць, што да гэтай гадавіны расійцы паспрабуюць прасунуцца далей, напрыклад, захапіць Бахмут. У любым выпадку чакаецца абвастрэнне, яно ўжо пачынаецца. І ў такой сітуацыі Пуціну ёсць пра што пагаварыць з Лукашэнкам.

Пагаварыць на ўсялякі выпадак, абмеркаваць магчымае развіццё падзей. Калі казаць аб наступе з тэрыторыі Беларусі, то пакуль што я не бачу экспертаў, якія казалі б пра такую магчымасць сёння.

Тут няма падрыхтаваных сіл у дастатковай колькасці, групоўка войскаў маленькая. Дый мяжа з боку Украіны добра падрыхтаваная. Так што такі сцэнар сёння выглядае фантастычным.

Але ёсць і іншыя магчымасці. Можна ж наносіць удары з беларускай тэрыторыі, больш шчыльна яе выкарыстоўваць. У такім выпадку з вялікай доляй верагоднасці можна чакаць удараў у адказ з боку Украіны.

І тут ім было б важна абмеркаваць, як яны будуць дзейнічаць у падобных надзвычайных сітуацыях. Як сябе павядзе Лукашэнка ў момант абвастрэння, на што Масква можа разлічваць? А можа, яму нават адводзіцца нейкая роля?

Перад такімі сур'ёзнымі падзеямі гэтая сустрэча мае сэнс. Тым больш што ў Масквы болей няма такіх адданых хаўруснікаў. І калі ты рыхтуешся да чагосьці важнага, табе варта пагаварыць з тым, хто з'яўляецца тваім адзіным саюзнікам.

— Папярэдняе пасяджэнне кааліцыі Рамштайн прайшло пад знакам дыскусіі аб танках. Гэтая сустрэча дзякуючы медыя аказалася «самалётнай». Але многія ваенныя эксперты сцвярджаюць, што сёння Украіне патрэбна звычайнае ўзбраенне — артылерыя, боепрыпасы, бронемашыны. Ці не сыходзіць гэтая тэма ў цень танкаў і знішчальнікаў?

— Калі меркаваць па апошняй дыскусіі напярэдадні чарговага пасяджэння, то яна не была прысвечана танкам, гэтае пытанне ўжо вырашана. Абмяркоўвалася тэма самалётаў, з гэтай нагоды была пэўная палярызацыя меркаванняў. Гэта калі браць публікацыі ў СМІ і словы палітыкаў.

Калі казаць пра экспертныя меркаванні, то тут гаворка сапраўды ідзе аб боепрыпасах, артылерыі — аб тым, што цяпер украінцам трэба перш за ўсё.

Мне здаецца, тэма самалётаў ішла пэўным фонам. Яе, з аднаго боку, абмяркоўвалі, з другога боку — далі зразумець, што гэтае пытанне відавочна не вырашыцца сёння. І ўсё разам гэта адводзіла ўвагу ад галоўнага — боепрыпасаў і ўсяго неабходнага прама цяпер.

Тэма танкаў гучала ў заяве міністра абароны ЗША Лойда Осціна. Гэта было зроблена, каб пацвердзіць існаванне танкавай кааліцыі, бо гэтая тэма была шырока паднята ў прэсе.

Тэма боепрыпасаў менш медыйная, яна больш прадстаўлена ў экспертнай аналітыцы. Але Осцін і на гэтую тэму выказаўся. Канкрэтыкі пакуль няма, але, як мне здаецца, саюзнікі Украіны гэтым пытаннем займаюцца вельмі шчыльна.

Думаю, там лепш ведаюць пра сённяшнія патрэбы Украіны, куды больш, чым многія эксперты. Тэма танкаў на самай справе была другараднай, як і самалётаў. Бо калі ўявіць, што сёння будзе ўхвалена рашэнне паставіць Кіеву знішчальнікі, відавочна, што ўкраіцы не атрымаюць іх ні заўтра, ні паслязаўтра.

Гэта ж тычыцца і танкаў. А вось больш простае, але неабходнае ўзбраенне, боепрыпасы можна даставіць куды хутчэй. І гэта галоўнае сёння для саюзнікаў. Іншая справа, што гэта не медыйная падзея.

Бо ў вачах абывацеляў танк або самалёт куды больш зразумелы і цікавы, чым снарады або гаўбіцы. Адна справа, калі вам распавядаюць, колькі танкаў перадасць Кіеву, напрыклад, Партугалія ці Польшча. А ўсё астатняе не прыцягвае такой увагі. Але відавочна, што гэта галоўнае сёння. І я думаю, што для Украіны гэтае пытанне галоўным чынам будзе вырашана станоўча.

— Польшча закрыла адзін з найбуйнейшых памежных пераходаў з Беларуссю. Афіцыйная прычына — меркаванні бяспекі. І вось цяпер Францыя праз год пасля пачатку вайны заклікала сваіх грамадзян пакінуць Беларусь. Ці звязаны паміж сабой гэтыя падзеі і чым яны могуць быць выкліканы?

— Думаю, справа тут у тым, што на Захадзе ўважліва сочаць за падзеямі і разумеюць, што сітуацыя можа прыкметна змяніцца, нават калі беларускія войскі не перасякуць мяжы з Украінай. Бо Беларусь можа ператварыцца ў арэну ваенных дзеянняў у выпадку, калі адсюль зноў паляцяць расійскія ракеты. Гэта сцэнар, які нельга выключаць. І гэта разумеюць і ў Польшчы, і ў Францыі. Там бачаць, што напружанасць расце.

Услед за гэтым памежным пераходам могуць быць закрыты і іншыя. А можа, і Літва з Латвіяй падключацца, ёсць магчымасць таго, што мяжа зусім закрыецца, гэта зусім не выключана.

І ў такой сітуацыі, вядома ж, еўрапейскія краіны павінны рэагаваць. Таму французы і выдалі адпаведную рэкамендацыю.

Але тут трэба разумець, што гэтыя рэкамендацыі досыць умоўныя. Ну якая колькасць грамадзян знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі? Гаворка ж не ідзе пра нейкую сур'ёзную колькасць. А мы ж можам прасачыць і за іншымі краінамі, чыіх грамадзян у Беларусі куды больш, чым французаў.

Напрыклад, Ізраіль. У Беларусі пастаянна жывуць грамадзяне гэтай краіны. І іх, магчыма, нават некалькі тысяч. І пры гэтым ізраільскія ўлады не робяць ніякіх падобных заяў.

Калі яшчэ гаварыць аб прычынах, я б звярнуў увагу на адзін момант. Магчыма, гэта не галоўная прычына, хутчэй ускосная. Днямі ў французскай газеце «Le Figaro» выйшла вялікае інтэрв'ю прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. І яго словы, што без тэрміновай дапамогі Кіеву можа быць позна, галоўным чынам былі адрасаваны французскім і нямецкім чытачам. Можна дапусціць, што ў французскім МЗС звярнулі ўвагу на словы Дуды і зрабілі пэўныя высновы, таму і запусцілі гэтыя працэсы.

Іншыя краіны таксама актуалізуюць свае папярэджанні. У тых жа немцаў яшчэ з пачатку вайны існуе перасцярога аб непажаданасці наведвання Беларусі. Цяпер яны яе крыху мадыфікавалі, бо сітуацыя сапраўды змянілася і ў выпадку чаго выбрацца з Беларусі будзе больш складана.

З іншага боку, гэта ўмоўнасць, бо ў выпадку ператварэння беларускай тэрыторыі ў ваенную арэну Лукашэнка ў першую чаргу закрые межы. І тады і беларусы, і замежнікі не паспеюць з'ехаць з Беларусі.

Магчыма, ёсць і іншыя спецыфічныя фактары, складана сказаць. У французскай прэсе апублікавана афіцыйная інфармацыя, якая не дае ніякіх дадатковых тлумачэнняў. Мне не трапляліся якія-небудзь інсайды.

Я думаю, калі б яны былі, калі б у Парыжы ведалі, што нешта рыхтуецца, мы б убачылі ланцуговую рэакцыю — французскі прыклад перанялі б іншыя краіны. Але мы бачым, што нават усходнееўрапейскія краіны, якія значна бліжэй да Беларусі, на гэта не рэагуюць.