«Генералы гатовы пусціць на фарш дзясяткі тысяч салдат»

Генералы дзеля прыхамаці вышэйшага кіраўніцтва РФ не прымаюць у разлік відавочных небяспек новага манеўру.

Малюнак Яўгена Крана

Малюнак Яўгена Крана

Расія рыхтуецца да новага наступу ва Украіне, паведаміла крыніца «Новай газеты Еўропа» ў штабе расійскай групоўкі войскаў, якія ваююць на ўкраінскіх тэрыторыях.

Суразмоўца выдання не ўдакладніў, на якім менавіта кірунку РФ збіраецца наступаць. Апытаныя газетай эксперты лічаць, што войскі Расіі могуць паспрабаваць адсунуць лінію фронту ад анексаванай часткі Данбаса і Крыма, распачаць спробу наступу ў Запарожскай вобласці або ў бок Валыні з тэрыторыі Беларусі.

Са слоў крыніцы «Новай газеты Еўропа», расійскія генералы гатовы «пусціць на фарш» дзясяткі тысяч вайскоўцаў ва ўгоду капрызу вышэйшага камандавання. Пры гэтым яны не прымаюць у разлік відавочных небяспек новага манеўру.

«Украінцы атрымліваюць абсалютна дакладныя даныя аб усіх нашых рухах ад заходніх разведак, — кажа суразмоўца. — Назапасіць на пэўным участку дастатковую колькасць сіл і пры гэтым не падставіць іх пад удары «HIMARS» і дальнабойнай артылерыі — немагчыма».

Сярод іншых праблем падчас новага наступу РФ крыніца назвала складанасць захопу новых тэрыторый і гарадоў, іх далейшае ўтрыманне, а таксама непазбежнае расцягванне лініі фронту і цяжкасці з падвозам харчавання і боепрыпасаў.

«У выніку нападаў нам дастаецца замест населеных пунктаў ландшафт Месяца з рэшткамі насельніцтва, якое ненавідзіць нас. На захопленых тэрыторыях дзейнічаюць дыверсійна-выведвальныя групы ворага. Яны б'юць у спіну, наводзяць артылерыю, мініруюць дарогі, захопліваюць у палон «языкоў». У такой абстаноўцы ўтрымаць фронт можна толькі цаной велізарных страт», — заявіў расійскі ваенны.

У снежні галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны заявіў, што Расія збіраецца распачаць новы наступ ва Украіне, у тым ліку на Кіеў, у першыя месяцы 2023 года. Для гэтага нібыта ў расійскую армію маюць намер мабілізаваць яшчэ 500 тысяч вайскоўцаў, сцвярджалі ў ваеннай выведцы Мінабароны Украіны. У ведамстве чакаюць, што расійская армія будзе наступаць у Данецкай і Харкаўскай абласцях, а таксама, магчыма, у Запарожскай, а абараняцца — у Херсоне і Крыме.

Па словах кіраўніка ваеннай выведкі Украіны Кірылы Буданава, актывізацыя баявых дзеянняў можа пачацца да сакавіка. У сваю чаргу Украіна, казаў ён, таксама плануе буйны наступ па ўсёй краіне — «ад Крыма да Данбаса». Для гэтага прадстаўнікі ўкраінскіх улад актыўна просяць у заходніх саюзнікаў новае ўзбраенне. Яны ўжо дамагліся ўзгаднення паставак танкаў, а цяпер маюць намер атрымаць заходнія знішчальнікі.

Енс Столтэнберг падчас выступлення ў Інстытуце перспектыўных даследаванняў CHEY ў Сеуле заявіў, што, паводле ягоных звестак, Расія рыхтуе новы масіраваны наступ. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу дадаў, што Расія нарошчвае свой арсенал дзякуючы падтрымцы іншых аўтарытарных дзяржаў, такіх, як Іран і Паўночная Карэя.

Інстытут вывучэння вайны, у сваю чаргу, пацвярджае звесткі кіраўніка ўкраінскай выведкі: Пуцін загадаў захапіць цалкам Данецкую і Луганскую вобласці да канца сакавіка. 
Паводле «Медузы», novayagazeta-eu