Як «краіна для народа» ператвараецца ў краіну без народа

Часы цяпер цёмныя, сітуацыя нестабільная. Але ўлада хоча ўпэўніць усіх, што «ўсё ідзе па плане», і што трэба жыць, як раней. Маўляў, турбавацца няма пра што. Аднак рэчаіснасць усё ж уносіць у гэтыя казкі свае карэктывы.

Фота з klike.net

Фота з klike.net


На тыдні Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ аб развіцці Парку высокіх тэхналогій, падрыхтаваны па выніках праведзенай напярэдадні нарады аб развіцці IT-галіны ў краіне. Як заяўляюць, дакумент накіраваны на «стварэнне ўмоў для далейшага перспектыўнага развіцця ПВТ з апорай на сучасныя тэхналагічныя тэндэнцыі».

Дакумент прадугледжвае з'яўленне ў структуры ПВТ кіруючай кампаніі, якая зоймецца «інтэнсіўным стратэгічным развіццём ПВТ». У яе задачах — прадстаўленне ПВТ пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказанне рэзідэнтам парку садзейнічання ў пашырэнні экспарту, выхад на новыя рынкі і прыцягненне замежных інвестыцый.

Адзначаецца, што ўсе ўмовы дзейнасці ў парку — прававыя, падатковыя, фінансавыя — захоўваюцца на ранейшым узроўні без якіх-небудзь зменаў. Таксама ў поўным аб'ёме захоўваюцца і паўнамоцтвы назіральнага савета ПВТ, для забеспячэння дзейнасці якога будзе сфарміраваны сакратарыят.

Цікавая карціна вымалёўваецца. У ПВТ насадзілі дзве бюракратычныя структуры — сакратарыят і кіруючую кампанію, без якіх айцішнікі раней працавалі паспяхова і не парыліся. Апроч таго, выклікаюць пытанні словы пра тое, што «ўмовы дзейнасці парку застаюцца без зменаў». Таму што іх ужо змянілі на працягу мінулых гадоў — падвысілі айцішнікам падаткі, забралі частку ільготаў… А пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і ўвядзення новых санкцый для IT-кампаній ускладніліся ўмовы працы, у тым ліку разлікаў з замежнымі заказчыкамі. Многія перанеслі свой бізнес за мяжу, прычым, працэс рэлакацыі быў запушчаны яшчэ пасля падаўлення пратэстаў у 2020 годзе і пачатку масавых рэпрэсій. Лукашэнка нават абвінавачваў рэзідэнтаў ПВТ у арганізацыі змовы.

Толькі па афіцыйных звестках, у галіне ІТ за мінулы год на чыстай аснове было звольнена больш за 16,5 тысяч чалавек. Зразумела, яны не проста звольніліся, а з’ехалі туды, дзе ўмовы працы дазваляюць ім хаця б атрымліваць заробак.


Прычым няма ніякіх падстаў для таго, каб гэтая хваля эміграцыі спынялася. Цікавы ў гэтым плане быў «Маніторынг эканомікі Беларусі», які правёў даследчы цэнтр BEROC. Яны зладзілі анлайн-апытанне ў сакавіку 2023 года сярод дарослага гарадскога насельніцтва па рэпрэзентатыўнай па полу, узросце і рэгіёнах выбарцы.

Падчас апытання 79,7% рэспандэнтаў заявілі, што не плануюць з'язджаць. Падаецца, 80% — гэта шмат. Аднак 9,3% заявілі, што дакладна з'едуць, толькі не ведаюць калі, 2,2% сказалі, што збіраюцца з'ехаць цягам года. 8,9% рэспандэнтаў адмовіліся адказаць на гэтае пытанне.

«Калі мы экстрапалюем нашу выбарку на гарадское насельніцтва Беларусі, то можа ісці гаворка пра ледзь не 85 тысяч чалавек (якія збіраюцца з’ехаць — «НЧ»), што насамрэч не кажа пра тое, што хваля эміграцыі збіраецца спыняцца», — пракаментавала вынік апытання прадстаўніца BEROC Віялета Панасевіч.

Падчас апытання рэспандэнтаў таксама папрасілі ацаніць колькасць беларусаў, якія з'ехалі з краіны. Ацэнкі адрозніваюцца ў залежнасці ад пераважных крыніц інфармацыі. 33,9% адказалі, што з'ехала да 10 тысяч чалавек, а 23,5% пагадзіліся з варыянтам, што больш за 200 тысяч.

Але цікавы іншы факт: больш за палову рэспандэнтаў адказалі, што хтосьці з іх знаёмых і сяброў з’ехаў з краіны.

То-бок, насамрэч адток працоўнай сілы можа значна перавышаць нават максімальную лічбу ў 200 тысяч. Усяго, па Белстаце, «эканамічна актыўнага насельніцтва» ў краіне — крыху больш за 4 мільёны. І калі кожны другі ў апытанні заяўляе, што з’ехаў хаця б адзін ягоны сябра…

Прычым, з краіны валяць не толькі ж айцішнікі — але і будаўнікі, медыкі, настаўнікі… У Польшчы нават паднялі пытанне, каб не рэгістраваць новыя фірмы перавозчыкаў, якія адкрываюць беларусы, бо і так іх ужо занадта шмат, і яны дэмпінгуюць на рынку.


Але самую цікавую рэч нам расказаў Камітэт дзяржкантролю, які праверыў падрыхтоўку сельскагаспадарчых арганізацый да вясновай пасяўной.

КДК выявіў, што ў сельскай гаспадарцы такі недахоп механізатараў, які прывёў нават да спынення работ у некаторых прадпрыемствах!

«Адна з прычын нізкіх тэмпаў рамонту тэхнікі — недахоп механізатарскіх кадраў. У асобных сельгасарганізацыях праз іх адсутнасць тэхніка не рамантавалася, а ў некаторых з іх спраўныя трактары (у тым ліку энерганасычаныя) прастойвалі ўжо падчас распачатых палявых работ», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДК.

Механізатары! Уявіце сабе, у краіне зніклі звычайныя механізатары! Прычым настолькі, што «спраўныя трактары прастойвалі» — то-бок, няма каго было пасадзіць за стырно!

Якую выснову робяць з гэтага ўлады — асабліва падчас пасяўной? Можа, яны падымаюць заробкі, каб завабіць людзей на працу? Даюць нейкія ільготы, адтэрміноўкі? Якраз наадварот.

Па Брэсцкай вобласці пракаціўся «хапун» рэзервістаў. Жыхары Лунінца, Івацэвічаў, Мікашэвічаў, Баранавіч, Пінску, Ляхавіч, Брэста распавядалі, што людзей забіраюць з ложкаў, уначы, звозяць іх у дамы культуры і «лядовыя палацы» і адпраўляюць у няпэўным кірунку. На «зборы» мужчын забіралі проста з працоўных месцаў на заводзе ААТ «Лідсельмаш». Рабочым дазволілі толькі заскочыць дадому за рэчамі.

«У Брэсцкай вобласці, мабыць, адпрацоўваюць механізмы раптоўнай мабілізацыі. Верагодней за ўсё, маем адпрацоўку алгарытму «загрэбці ўсіх, каго атрымаецца адлавіць» — гэта значыць з улікам расійскага вопыту мабілізацыі», — казаў пра гэта аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Канечне, цяпер у сілавікоў у нас перавага, «браня моцная і танкі нашыя хуткія». Аднак наступствы гэтай мабілізацыі ў тым ліку — недахоп тых самых механізатараў. Калі на «Лідсельмашы» забраць у «партызаны» палову змены — хто будзе рамантаваць тыя самыя трактары, «у тым ліку энерганасычаныя», як пісаў КДК?

Ваенныя, канечне, адбрэхваюцца і кажуць, што пасля 9 траўня ўсе «мабілізаваныя» будуць дома. Але, бачна, што ім у пачатковай школе не распавядалі пра прыказкі і прымаўкі. У прыватнасці, што «вясною адзін дзень цэлы год корміць». Асабліва ўлічваючы, што Брэсцкая вобласць — паўднёвая, і напачатку траўня пасяўная там ужо заканчваецца.


Улады «загуляліся ў вайнушку» і паставілі пад удар сваю ж «свяшчэнную карову» — так званую «харчовую бяспеку». І не ўлічваюць, што ваяваць на пусты страўнік — такое сабе шчасце…

А яшчэ Дзяржаўны дэпартамент ЗША 12 красавіка перавыдаў рэкамендацыі па паездках у Беларусь для грамадзян Злучаных Штатаў. Для нашай краіны захаваны чацвёрты ўзровень — «не наведваць». Грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, таксама па-ранейшаму рэкамендуецца пакінуць краіну.

Нагадаю, што такія ж рэкамендацыі былі выданыя Дзярждэпам для амерыканцаў ва Украіне перад нападам на яе Расіі. Значыць, там лічаць, што рызыка ўступлення Беларусі ў вайну — хоць маленькая, але існуе.

Якое выйсце для тых, хто не хоча ваяваць? Правільна, выйсце — на мяжы.