Беларуская IT-сфера. Падзенне аднаго цуду

Як за паўтара года задушыць курыцу, якая нясе залатыя яйкі? Спытайце пра гэта ў беларускіх IT-шнікаў, яны раскажуць. Пяць гадоў прайшло ад таго 28 сакавіка 2018 года, калі набыў моц адзін з самых знакамітых дакументаў Лукашэнкі: дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

Фота 4esnok.by

Фота 4esnok.by


На шляху да поспеху

Зразумела, пачалося ўсё значна раней. У 2005 годзе быў створаны Парк высокіх тэхналогій. У адрозненне ад распаўсюджанага меркавання, ПВТ — гэта не толькі будынак, а яшчэ і спецыяльны падаткова-прававы рэжым для развіцця ІТ-бізнесу. Ён не з'яўляецца свабоднай эканамічнай зонай, але ўяўляе сабой юрысдыкцыю, якая функцыянуе па прынцыпе экстэрытарыяльнасці. Зарэгістраваныя ў Парку кампаніі і ІП могуць карыстацца прэферэнцыямі, якія ім прадастаўляюцца, незалежна ад месца размяшчэння іх беларускага офіса.

Магчыма, штуршком для развіцця ПВТ стаў арышт у 2015 годзе венчурнага бізнесоўца Віктара Пракапені. Ён быў абвінавачаны ў атрыманні даходу ў памеры $650 тысяч ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы продажу IT-тэхналогій без дзяржрэгістрацыі ў якасці суб'екта гаспадарання. Пасля з Пракапені знялі ўсе абвінавачванні, але гэтая гісторыя выклікала вельмі шырокі рэзананс. Высветлілася, што да IT-сектара проста не падыходзяць законы, якія рэгулююць афлайнавы рынак.

У 2017 годзе яны вырашылі нешта змяніць. Пачалося, вядома, з таго, што 2 сакавіка 2017 года ў адстаўку быў адпраўлены кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала. А праз 10 дзён, 13 сакавіка 2017 года Лукашэнка прыехаў у ПВТ, дзе сустрэўся з Віктарам Пракапенем і Міхаілам Гуцэрыевым. Яны абмяркоўвалі стварэнне Савета па развіцці інфармацыйных тэхналогій, які аб'яднаў бы прадстаўнікоў профільных ведамстваў, бізнесменаў і інвестараў.

Магчыма, на Лукашэнку станоўча паўплываў ягоны найлепшы сябар Міхаіл Гуцырыеў (з якім вёў справы той самы Пракапеня). І 21 красавіка, у штогадовым пасланні да парламента Лукашэнка даручыў распрацаваць новы дэкрэт аб Парку высокіх тэхналогій, які дазволіў бы прыцягнуць у краіну міжнародныя кампаніі, занятыя ў найбольш перспектыўных галінах — распрацоўцы беспілотнага транспарту, штучнага інтэлекту, блокчэйна, лічбавых валют.

Для распрацоўкі дакумента адміністрацыя ПВТ прыцягнула прадстаўнікоў IT і экспертнай супольнасці. Ключавым распрацоўшчыкам тэксту дэкрэта называюць беларускага юрыста Дзяніса Алейнікава, які сфармуляваў юрыдычную канцэпцыю смарт-кантракта як новага спосабу заключэння дагавораў, а таксама прапанаваў беларускія аналагі папулярных інстытутаў «англійскага права» для развіцця сферы венчурнага фінансавання.

Дэкрэт № 8 быў падпісаны Лукашэнкам 21 снежня 2017 года, уступіў у сілу 28 сакавіка 2018 года.

Увесь юрыдычны шлях — ад ідэі да падпісання, — дэкрэт прайшоў за 8 месяцаў.


Самы прагрэсіўны ў свеце

Дэкрэт № 8 даў ІТ вельмі шмат сучаснага і Еўрапейскага. З асноўнага адзначым:

  • Увядзенне для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій асобных інстытутаў англійскага права;
  • Падаўжэнне тэрміну дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ да 1 студзеня 2049 года і пашырэнне спісу напрамкаў дзейнасці;
  • Захаванне існуючых ільгот для кампаній-рэзідэнтаў ПВТ, уключаючы адмену падатку на прыбытак (замест якога прымяняецца ўзнос у 1% ад валавой выручкі на карысць адміністрацыі парка), зніжанай да 9% стаўкі падаходнага падатку і разліку ўзносаў у ФСАН па сярэднім па краіне, а не фактычным паказчыку заработнай платы.
  • Спрашчэнне рэжыму правядзення валютных аперацый для рэзідэнтаў ПВТ;
  • Дэкрэт № 8 зняў для кампаній-рэзідэнтаў абмежаванні на аперацыі з электроннымі грашыма;
  • Спрашчэнне працэдуры найму замежных спецыялістаў кампаніямі-рэзідэнтамі ПВТ;
  • Стварэнне прававой асновы для абароту криптовалют. За юрыдычнымі асобамі дэкрэт замацоўваў права ствараць і размяшчаць уласныя токены, фізічным асобам — права займацца майнингом, валодаць токенаў, набываць і адчужаць іх за беларускія рублі, замежную валюту і электронныя грошы, а таксама завяшчаць.

Вынік — у 2018 годзе да ПВТ у якасці рэзідэнтаў далучыліся амаль 200 кампаній, больш, чым за ўсю папярэднюю 12-гадовую гісторыю. Беларуская «айцішка» пачала імклівы рост.

Экспарт ІТ-паслуг за 2017-2019 гады года вырас у 2,4 разы. Экспарт ІТ-галіны ў першым паўгоддзі 2018 года павялічыўся больш чым на 40% у параўнанні з гэтым жа перыядам 2017 года. У 2019-м доля ІТ-сектара забяспечыла палову прыросту ВУП, агульны экспарт паслуг рэзідэнтаў ПВТ за 2019 год перавысіў $2 млрд.

Зразумела, не ўсё ішло гладка — у асноўным таму, што ІТ-шнікам хацелася «хутчэй, лепш і мацней». Напрыклад, ім так і не ўдалося запусціць нармальную праграму навучання ІТ-спецыялістаў у дзяржаўных ВНУ пад свае патрэбы. Таму што праграму навучання Мінадукацыі ўзгадняе па два гады, а ў ІТ-сферы падыходы і прыёмы састарваюцца ўжо праз паўгода. Але там, куды дзяржава не ўлазіла, яны дамагліся ўражлівых поспехаў. І ўжо ў 2019-м пра феномен беларускага ІТ-сектара загаварыў увесь свет.

А «айцішка» пачала цягнуць за сабой усе галіны эканомікі Беларусі. На «айцішныя» грошы пачыналася будаўніцтва кватэр, з'явілася Зыбіцкая, падцягнулася грамадскае харчаванне, пачалі развівацца культурныя прасторы... Беларусы нарэшце вырашылі выдаткоўваць грошы ў сваёй краіне. Уклад ІТ-сектара ў агульную беларускую эканоміку не ацаніць цяжка.


2020-ы, які ўсё змяніў

Аднак «лічбавая эканоміка», пра якую казаў Лукашэнка, змяніла беларускае грамадства ў самых нечаканых момантах. У краіне з'явіліся краўдфандынгавыя пляцоўкі, пачаліся распрацоўкі ўласных праграмных прадуктаў, і гэтыя ініцыятывы ў выніку балюча ўдарылі па рэжыме.

Падчас кавіду, калі Лукашэнка казаў, што «вірусы не лётаюць», грамадства з дапамогай тых жа краўдфандынгавых пляцовак паспяхова збірала сродкі медыкам, — на закупку неабходнага абсталявання, на маскі і сродкі індывідуальнай абароны. Пэўна, у гэты момант грамадства адчула, што яно здольнае жыць без дзяржавы, і нават дзесьці насуперак ёй.

Віктар Бабарыка збіраў сваю ініцыятыўную групу праз GoogleDoc, и набраў яе большую за ўсю гісторыю незалежных кандыдатаў, што дазволіла яму сабраць рэкордную колькасць подпісаў.

Напярэдадні дня галасавання з'явіліся ўнікальныя беларускія ІТ-прадукты — платформа «Голас», якая дазваляла шляхам фатаграфавання бюлетэняў вылічыць рэальныя вынікі галасавання, платформа «Зубр» для збору звестак аб парушэннях падчас выбараў, «Сумленныя людзі» — для арганізацыі назірання… Менавіта дзякуючы айцішнікам мы цяпер з поўным правам можам казаць пра тое, што Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары-2020, а Святлана Ціханоўская з'яўляецца абраным прэзідэнтам Беларусі.

Апрабаваныя падчас кавіду краўдфандынгавыя платформы паслужылі і пляцоўкай дапамогі для тых, хто пацярпеў падчас пратэстаў, буйныя IT-кампаніі заявілі, што будуць наймаць і перавучваць звольненых актывістаў. ІТ-сектар проста перарос «калгасную дыктатуру», стварыўшы падмурак сапраўднай грамадзянскай супольнасці — якая абапіраецца на грамадзян, фінансуецца грамадзянамі і ажыццяўляецца грамадзянамі без усялякага ўдзелу ўлады.

Менавіта таму Лукашэнка ўз'еўся на «айцішнікаў». Яны папросту разбуралі яго ўладу, паказваючы, што ён, насамрэч, не толькі не выйграў выбары, але і ў прынцыпе непатрэбны. І гэта вырашыла далейшы лёс ІТ-секрара — але не поўнасцю.

Канешне, пасля таго, як сілавікі прыйшлі ў ПВТ, ні пра якое «англійскае права» (зрэшты, як і пра права ўвогуле) гаворкі быць не магло. Сваіх супрацоўнікаў з Беларусі пачаў эвакуяваць расійскі «Яндэкс», Viber закрыў офіс у Мінску, не кажучы ўжо пра актыўныя кампаніі, такія як PandaDoc Мікіты Мікадо.

Канешне, ІТ-шнікі маглі «сцішыцца», і ўсё да гэтага ішло. Але тут Аляксандр Лукашэнка здзеёсніў фатальную памылку.


2022-ы, які ўсё дабіў (амаль канчаткова)

Пасля 2020-га багата ІТ-кампаній яшчэ заставаліся ў Беларусі, альбо ціха седзячы і «не адсвечваючы», альбо рэлакуючы ў бяспечныя месцы толькі частку супрацоўнікаў, якія асабліва засвяціліся ў пратэстах. Можа быць, так бы беларускі IT-сектар і існаваў — ціхенька і незаўважна прайшоўшы скрозь рэпрэсіі.

Але ж Лукашэнка выступіў суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны.

Санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі за гэта суагрэсарства былі знішчальнымі для арыентаванага на экспарт IT-сектара. Рэпрэсіі — рэпрэсіямі, але значна горш, калі ты не можаш атрымаць замову, бо з тваёй «таксічнай» краінай адмаўляюцца працаваць. Ці калі ты не можаш забраць ужо заробленыя грошы праз санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да беларускіх банкаў. Ці калі ты не можаш купіць абсталяванне, бо AMD i Intel адмаўляюцца пастаўляць працэсары ў Беларусь. Ды што там працэсары — не можаш нават абнавіць антывірус, бо ўсе буйныя антывірусныя кампаніі больш не працуюць з Беларуссю…

У 2021 годзе на сярэдніх і буйных прадпрыемствах IT-сферы (гэта значыць там, дзе працаўладкавана больш за 16 чалавек) працавала каля 52 тысяч работнікаў. У 2022 годзе гэтая катэгорыя прадпрыемстваў пазбавілася больш за 16 тысяч працоўных. То-бок, з’ехалі амаль 30%. І гэта не ўлічваючы больш дробныя кампаніі або ІП. І гэта не ўлічваючы «першую хвалю міграцыі» 2020 года.

Амаль палова IT-кампаній (49%) паменшыла колькасць супрацоўнікаў у Беларусі пасля 24 лютага 2022-га. Па стане на лістапад-2022 32% кампаній цалкам спынілі наём у краіне (вясной так паступілі 45%). Яшчэ 37% зменшылі тэмпы найму.

Па выніках 2022 года IT-сектар сышоў у адмоўную зону. Яшчэ ў мінулым годзе ІТ-шка дала беларускаму ВУП 7,3%. А ў гэтым годзе па выніках дванаццаці месяцаў яна прымудрылася сысці ў адмоўную зону — мінус 2,2%. «Выцягваць» беларускую эканоміку больш няма каму.

Пры гэтым кіруючы рэжым па-ранейшаму разглядае работнікаў галіны, як сваіх палітычных апанентаў. Пасля масавых акцый пратэсту 2020 года Лукашэнка называў работнікаў IT-сферы «авангардам пратэстаў», а філіялы замежных кампаній у ПВТ — фінансавымі донарамі апазіцыі. На думку дэпутата Сяргея Клішэвіча, айцішнікаў у выхаваўчых мэтах варта «адрываць ад кампутара і весці ў Хатынь, каб яны там папрацавалі лапатай на гэтым аб'екце». Клішэвіч лічыць, што час ўжо выпраўляць сітуацыю, калі айцішнік дзень і ноч сядзіць у кампутары, а дзяржава «не кіруе гэтымі кампутарамі, яго мэсэнджарамі і інфармацыйнымі патокамі».

Зразумела, ад такога з’едзеш падалей.


Што чакае беларускі ІТ?

На гэтае пытанне адказаць вельмі складана. Эксперты праекту «Кошт урада» нагадваюць, што большасць сфер бізнесу, якімі наш урад «руліць» у ручным рэжыме, у выніку сталіся ўрэгуляваным да стану «пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы». Былі грандыёзныя праекты па рэканструкцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічай галіны, — і кожны раз яны заканчваліся вялікім расчараваннем — нежыццяздольным, забюракратызаваным балотам з прадпрыемствамі, якія загразлі ў даўгах і карупцыі.

Па іх меркаванні, падобная доля чакае і IT-сферу.

Відавочна, што добрага нічога не будзе — прынамсі, пры гэтай ўладзе. Бо яна планамерна знішчае ўсё, што можа працаваць з цывілізаваным светам. І нядаўняя аб’ява Пуціна пра ядзерную зброю ў Беларусі са 100%-най упэўненасцю адгукнецца санкцыямі і яшчэ большай «таксічнасцю» Беларусі для замежных партнёраў. А менавіта гэта — сфера дзейнасці ІТ.

Так што беларускаму ІТ-сектару можна разлічваць толькі на змену курса краіны. І, падаецца, ніяк інакш.