«Рэспіратары дастаем з-пад зямлі». Як валанцёры дапамагаюць медыкам па ўсёй краіне
"Адгружаныя 6 тысяч аднаразовых хірургічных халатаў, адпраўляем тры канцэнтратары кіслароду для Глыбокага і Докшыц, закупленыя рэспіратары", — за кожным такім допісам у Facebook праваабаронцы і валанцёра Андрэя Стрыжака дзясяткі гадзін пошуку медыцынскіх тавараў, доўгіх перамоваў, выбудоўвання лагістыкі.
Сітуацыя незвычайная: грошы ёсць, але самога тавару на рынку няма. Стрыжак разам з іншымі валанцёрамі прымудраюцца "дастаць з-пад зямлі" халаты, рэспіратары, касцюмы і прывезці ў бальніцу, дзе б яна не знаходзілася. У Мінску ці ў Глыбокім, у Докшыцах ці ў Гомелі.
— Гэтая гісторыя пачалася пасля таго, як галоўны ўрач 3-й Мінскай гарадской дзіцячай бальніцы Максім Ачэрэтні ў Facebook папрасіў нас усіх застацца дома, каб ён мог спакойна рабіць сваю працу. Так ён падтрымаў сусветны флэшмоб лекараў, а я вырашыў высветліць: ці ўсё ёсць у лекараў для таго, каб яны заставаліся на працы. Аказалася, ёсць вострая патрэба ў сродках індывідуальнай абароны. Напрыклад, у рэспіратарах FFP3. Першапачаткова ішла гаворка, каб забяспечыць імі толькі ЛОР-аддзяленне, таму што яно больш за ўсё працуе з патэнцыяльнымі носьбітамі COVID-19. І для таго, каб абараніць лекараў, мы пачалі збор грашовых сродкаў. Першыя рэспіратары знайшлі ў Салігорску з дапамогай шахцёраў і паставілі партыю больш за 300 штук у 3-ю дзіцячую клінічную бальніцу. Гэта былі самыя класныя рэспіратары, якія ёсць на рынку, М3. З клапанамі і магчымасцю працаваць у іх цягам 8 гадзін, — распавядае TUT.BYАндрэй Стрыжак.
Наш суразмоўца адзначае, што кампанія дапамогі медыкам стартавала 26 сакавіка, але за гэты час "ўсе дні зліліся ў адзін, дзе на працу сыходзіла па 12 гадзін". Забяспечыць медыцынскі персанал усім неабходным зараз задача № 1 не толькі для Беларусі, многія краіны сутыкнуліся з праблемай неабароненасці медработнікаў. Ім не хапае рэспіратараў, камбінезонаў біялагічнай абароны, хірургічных халатаў. І рынак маментальна адрэагаваў на попыт — завышанымі ў некалькі разоў коштамі.
— Учора на мяне выйшаў пастаўшчык і прапанаваў рэспіратар М3 за 21 рубель за штуку, а мы куплялі за 3-6 рублёў, — прыводзіць канкрэтны прыклад Андрэй Стрыжак. — Наогул рынкавы кошт такога рэспіратара 3 долара, столькі ён каштуе ў ЗША, у Кітаі. У Беларусі іх проста няма, а тое, што з'яўляецца ў продажы, кантрабанда з вар'яцкай нацэнкай. І няма сэнсу іх купляць. Чаму? Зараз нашы калегі з Хакерспейс (клуб тэхнічнай творчасці, які аб'ядноўвае інжынераў-энтузіястаў — заўв. TUT.BY) перарабляюць маску для снорклінга ў поўнатваравую фільтрацыйную маску. Дык вось яна, шматразовая, каштуе 50 рублёў, а аднаразовая — 21. Гэта калапс кошта. Вядома, нават рэспіратары за 21 рубель прададуць, таму што вялікі попыт на рынку. Але я лічу, такія грошы шчасця не прыносяць.
"Грошы ёсць, але сам тавар адсутнічае на рынку"
— Андрэй, вы ж не спыніліся пасля таго, як паставілі рэспіратары ў дзіцячую бальніцу.
— У гэты ж час фітнэс-трэнер і блогер Андрэй Ткачоў даў кліч на закупку сродкаў індывідуальнай абароны, і мы аб'ядналіся, у кампанію #BYCOVID19 акрамя нас уваходзяць яшчэ дабрачынная медыяплатформа "Імёны", ініцыятыва Мінскі хакерспейс і ТДА "Глобал Тревел". І вось якая штука — з 2015 года я займаюся краўдфандынгавымі кампаніямі (аказваў дапамогу для грамадзянскага насельніцтва на Данбасе, дапамагаў медыкам у зоне канфлікту) і прывык да таго, што ў такіх кампаніях ёсць: кропка крызісу, дзе нешта адбываецца і куды трэба паставіць дапамогу, другая кропка — збор, калі трэба аб'явіць пра гэта і сабраць грошы, і трэцяя кропка — закупка. Усё гэта неабходна аб'яднаць лагістыкай. Але гэтая кампанія кардынальна адрозніваецца ад таго, што было. Гэта новы выклік. Грошы ёсць не толькі ў нас, а ў Дзяржаўным бюджэце, у бальніцах, але сам тавар адсутнічае на рынку. Крызіс, з якім мы сутыкнуліся, сусветны. Усе дзяржавы ў аднолькавым становішчы і кожная краіна клапоціцца пра сябе. Уведзеная забарона на вываз за мяжу тканін, фурнітуры для вытворчасці рэспіратараў. І тая краіна, якая не мае ўласнай вытворчасці, напрыклад, Беларусь, апынулася ў вельмі ўразлівым становішчы. Мы цяпер моцна залежым ад знешніх паставак.
— Выходзіць, пытанне не ў грошах?
— Не, на нас выходзяць прадстаўнікі буйнога бізнесу, дробныя прадпрымальнікі, проста валанцёры. Калі казаць пра сумы збору, то толькі на нашых двух зборах зараз 225 тысяч рублёў. А, калі палічыць усе грошы, якія на барацьбу з COVID-19 людзі пералічылі праз MolaMola, гэта яшчэ каля 300 тысяч рублёў. Да таго ж мільён еўра сабраны на спецрахунак Міністэрства аховы здароўя. Але ўсе грошы немагчыма выдаткаваць, таму што няма чаго купіць. Ільвіная доля нашых намаганняў — дастаць усё гэта з-пад зямлі, выгрызці, адкуль гэта магчыма. І ў нас гэта атрымліваецца.
— Нядаўна вы напісалі ў Facebook, што знайшлі 500 супрацьчумных касцюмаў. Як гэта магчыма ў перыяд дэфіцыту?
— Ключавыя персоны, якія задзейнічаныя ў гэтай кампаніі, дастаткова медыйныя людзі. Але ёсць яшчэ і непублічныя валанцёры з вялікімі кантактамі, у іх ёсць знаёмыя ўсюды, і зараз наша сетка кантактаў раскідана па ўсім свеце: у Германіі, У Канадзе. Мэта адна — абараніць беларускіх медыкаў. Таксама мы стараемся падключаць усе магчымасці беларускага бізнесу, іх міжнародныя кантакты, каб пастаўляць у нашу краіну хоць што-небудзь. Зразумела, што 10 канцэнтратараў кіслароду, якія мы купілі для бальніцы ў Глыбокім, РНПЦ пульманалогіі і Мінскай абласной бальніцы не пакрываюць патрэбы нават аднаго буйнога горада. Але яны з'яўляюцца тут і цяпер. І могуць працаваць прама сёння.
— Дарэчы, дзе знайшлі канцэнтратары кіслароду?
— Знайшлі пастаўшчыка ў Мінску, у якога было ў наяўнасці 10 штук і мы ўсе купілі. На нашым сайце bycovid19.com ёсць некалькі формаў: нам можа напісаць сам лекар і расказаць, што неабходна купіць, а таксама ёсць формы звароту для пастаўшчыкоў і бізнесу.
"Градуснікі старыя і новыя шукаем на Куфары"
— Андрэй, калі кожная краіна спрабуе забяспечыць сваіх медыкаў, якім чынам вам удаецца закупіць нешта за мяжой? Напрыклад, у Германіі ваша каманда здолела набыць пульсоксіметры.
— Складаныя часы патрабуюць крэатыўных рашэнняў. Напрыклад, рэспіратар М3, FSP3 коштам 4 рублі — гэта тое, што трэба нашым медыкам, каб спакойна працаваць у іх 8 гадзін. Бярэм рэальную сітуацыю — рэспіратараў проста няма. Шукаем іншыя варыянты і знаходзім. Рэспіратары выкарыстоўваюцца не толькі ў медыцынскай галіны, але і ў прамысловасці, на самых шкодных вытворчасцях. Напрыклад, у хімічным, ліцейным, лакафарбавым. Па сутнасці гэтыя рэспіратары аналагічныя па ступені абароны, але зроблены не для медыкаў. Улічваючы, што сёння не даводзіцца выбіраць, закупляем прамысловыя рэспіратары.
Больш за ўсё паставілі ў бальніцы "пялёсткаў" FFP3, гэта сапраўды такі ж рэспіратар, які выкарыстоўваўся пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
— Гэтыя рэспіратары вы знайшлі ў Беларусі, гэта наша вытворчасць?
— Не, наколькі мне вядома, у нашай краіне ёсць адна невялікая кампанія, і яе аб'ёмы вытворчасці не адказваюць нашым патрэбам. Многія людзі памылкова лічаць: маска рэспіратар — гэта адно і тое ж. На самай справе — няма. Сапраўды маскі мы можам пашыць самі, а вось вырабляць рэспіратар — не. Для яго выкарыстоўваецца спецыяльная тканіна, клапаны.
— Наколькі я разумею, цяпер вы закупляеце рэшткі прамысловых рэспіратараў, а што далей? На рынку яны наўрад ці з'явяцца.
— Мы спадзяемся, гэты ручаёк не вычарпаецца і ў будучыні. Пакуль сапраўды ёсць перабоі з пастаўкай рэспіратараў, учора мы адгрузілі апошнюю партыю ў Шуміліна і да канца тыдня яны наўрад ці з'явяцца. Ёсць шанец паставіць рэспіратары з-за мяжы, але пакуль без падрабязнасцяў.
— У сацыяльных сетках натыкнулася на ваша паведамленне, што градуснікі для закупкі шукаеце на куфары.
— У нас база валанцёраў больш за 800 чалавек, мы падлучаем іх да розных задач. Напрыклад, з іх дапамогай паставілі канцэнтратары кіслароду ў РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі ў Мінскую абласную бальніцу, а таксама ў Докшыцы і ў Глыбокае. Што тычыцца градуснікаў, мы разглядаем варыянты закупкі і новых, і ўжываных. Валанцёры тэлефануюць па ўсіх аб'явах, складаюць карту коштаў, каб разумець, якая цяпер рэальная цана на рынку. На ўсе тавары медыцынскага прызначэння ўзляцела цана. Тыя ж капеечныя маскі ў аптэках ужо па 1,5 рубля, у пастаўшчыкоў-70-90 капеек.
"Мара ўсіх лекараў-рэспіратары"
— Раскажыце, як Андрэй Ткачоў вартаваў з самай раніцы чаргу на складзе, каб забраць хірургічныя халаты.
— Дарэчы, мы гэтыя халаты бралі відавочна даражэй, чым яны каштавалі раней, 3 рублі за адзінку, але была магчымасць выкупіць вялікую партыю — 6 тысяч. Андрэю прыйшлося дзяжурыць з самай раніцы, таму што стаяць вялізныя чэргі на пагрузку тавараў медыцынскага прызначэння. А цяпер нам іх прапануюць ужо па іншай цане, больш высокай. Аналагічна з канцэнтратамі кіслароду, замест цаны ў 2430 — на рынку ёсць ужо і па 4000 рублёў.
— На вашым сайце любы лекар можа пакінуць заяўку, калі яму патрэбна дапамога. Вам часта пішуць медыкі?
— За сем дзён мы атрымалі больш за 560 заявак ад медыкаў.
— І аб чым просяць лекары?
— Мара ўсіх лекараў-рэспіратары. Іх катастрафічна не хапае. На мінулым тыдні гучала інфармацыя: у нас ёсць 90 тысяч рэспіратараў. Напрыклад, мы паставілі яшчэ 22 тысячы. Але гэтага мала. У той жа Мінскай інфекцыйнай бальніцы, па маіх дадзеных, у дзень па нарматывах павінны выкарыстоўваць 1-1,5 тысячы рэспіратараў. Яшчэ адна праблема: недахоп супрацьчумных касцюмаў, дакладней іх элементаў — рэспіратара і акуляраў. Тое, што цяпер ёсць на рынку, гэта касцюм без рэспіратара і акуляраў.
Калі ключавыя бальніцы больш ці менш забяспечаны, то раённыя цэнтры — няма. Ужо пачынаюцца ўспышкі ў рэгіёнах, прыклад у тых жа Докшыцах паказвае, што вірус паспеў распаўсюдзіцца па ўсёй краіне, нават па глухіх вёсках, але раённыя бальніцы голыя. Яны проста не гатовыя да прыёму такіх хворых. Сітуацыя драматычная. Статыстыка паказвае, што большасць людзей пераносяць каронавірус у лёгкай форме і нават могуць не здагадвацца, што хварэюць. Але пытанне ў тым, што нашых медыкаў трэба абараніць. Па-першае, ёсць некамплект медыцынскіх тавараў. Па-другое, шмат лекараў ва ўзросце і аўтаматычна трапляюць у групу рызыкі. Калі медыкі пачнуць хварэць, то хто нас будзе лячыць?
Калі вы хочаце дапамагчы беларускім медыкам, напрыклад, пералічыць грошы ці стаць валанцёрам, пераходзіце на сайт bycovid19.com.
Кацярына Барысевіч, tut.by Пераклад НЧ