Думай пра лепшае, рыхтуйся да горшага

Кажуць, у Расіі дзве бяды: дурні і дарогі. У нас жа цяпер два клопаты — нафта і каронавірус. Па абодвум Аляксандр Рыгоравіч на тыдні правёў нарады. І калі з нафтай усё больш-менш зразумела, то з вірусам ніякага разумення не атрымліваецца.

lukashenko_640x360_1280x720.jpg

Найперш, варта зазначыць, што краіны АПЕК+ усё ж дамовіліся пра зніжэнне здабычы сыравіны. У выніку ф’ючарсныя цэны на нафту пайшлі ўверх, і складаюць ужо каля 34 долараў за барэль нафты маркі Brent. Расійская Urals каштуе танней, і мы, гледзячы па ўсім, паспелі ўскочыць у самы прывабны цэнавы калідор. Прынамсі, раней прэм’ер Сяргей Румас казаў, што Беларусь у красавіку будзе купляць нафту па цане ў 4 долары за барэль.

Пастаўкі ў красавіку складуць 2 мільёны тон толькі ад расійскіх пастаўшчыкоў. Аднак на нарадзе Лукашэнка запатрабаваў стварыць сур’ёзны запас нафты і нафтапрадуктаў. «На непрадбачаныя выпадкі неабходна ствараць сур’ёзны запас сыравіны (як нафты, так і паліва), які дазволіць не парушаць працу галін і не перарываць тэхналагічныя працэсы», — сказаў ён. Пры гэтым, як перадае прэс-служба кіраўніка краіны, ён таксама «паставіў пытанне аб наяўнасці сховішчаў для нафты і нафтапрадуктаў і нарошчванні іх магутнасці».

Дзіўна, канешне: запатрабаваць стварыць запас нафты, і толькі потым пацікавіцца тым, куды мы будзем яе згружаць. У вёдрах насіць?

Між тым, аналітыкі расійскага «Ашчадбанка» лічаць, што казаць пра поўнае ўрэгуляванне нафтавых спрэчак паміж Беларуссю і Расіяй яшчэ рана. Яны звяртаюць увагу, што на бягучы момант дамоўленасці распаўсюджваюцца толькі на месяц. Не вырашана і пытанне пра наяўнасць і памер прэміі да цаны нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь без пошліны.

Атрыманне нафты і выхад НПЗ на поўную магутнасць у «Ашчадбанку» лічаць крытычна важнай умовай для зніжэння цяжару эканамічных праблем Сінявокай, і зазначаюць, што адмова ад жорсткіх мер барацьбы з каронавіруснай інфекцыяй абумоўленая менавіта неспрыяльным эканамічным становішчам краіны. «Цалкам верагодна, што падобная стратэгія паменшыць глыбіню рэцэсіі ў гэтым годзе, але дакладна не дазволіць яе пазбегнуць», — лічаць у «Ашчадбанку». Да таго ж хуткі рост колькасці хворых усё ж можа падштурхнуць улады на ўвядзенне жорсткіх мер з адпаведнымі наступствамі для эканомікі.

З каронавірусам пытанне ўвогуле больш складанае. Падавалася б, рэцэпт даволі просты: казаць праўду, аператыўна і сумленна паведамляць лічбы захварэлых, пазначаць нядобранадзейныя рэгіёны, весці няспынную тлумачальную працу, як пазбегнуць захворвання. Замест гэтага на тыдні мы пачулі эмацыйныя выказванні кіраўніка краіны наконт «каронапсіхозу», а таксама даведаліся, што ад віруса ратуюць козачкі, што Лукашэнка асабіста гатовы пайсці лячыць людзей і што перамагчы хваробу мы павінны «прыгожа».

«Кожны павінен займацца сваёй справай. Без панікі, спакойна і прыгожа. Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа, мы павінны выратаваць людзей годна. Чалавек не павінен думаць, што ён туды трапіў з гэтым вірусам, ён смяротнік. Не. Усіх выратуем, каго толькі можна. І мы для гэтага павінны зрабіць усё», — заявіў Лукашэнка.

Пакуль гэта «ўсё» выліваецца ў дзіўныя рэчы. Мы чакалі, што ўрад распрацуе захады для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, увядзе падатковыя і крэдытныя канікулы — каб людзі, што працуюць аддалена альбо ў самаізаляцыі, не страцілі ў грошах, каб ім было за што карміць сем’і. Замест гэтага атрымалі звыклы кантроль над цэнамі і таварамі.

Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю паглядзець на цэны, і кіраўнік КДК Леанід Анфімаў адразу ж заявіў: неабгрунтаванае павышэнне цэн на тавары, асабліва на тыя, якія карыстаюцца павышаным попытам, можа абярнуцца для бізнесу крымінальнай справай. «Калі дзесьці ў рознічных гандлёвых сетках пачнецца вольніца з цэнамі, асабліва на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у гэты перыяд, рэакцыя будзе аж да ўзбуджэння крымінальных спраў», — сказаў ён.

Адначасова ўзрушылася Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. МАРГ увяло дзяржрэгуляванне коштаў на маскі і дэзінфікуючыя рэчывы. Згодна з дакументам, гранічны нарматыў рэнтабельнасці на гэтыя тавары ўстанаўліваецца ў памеры 10%. Таксама ўсталёўваецца лімітавая максімальная надбаўка імпарцёра на маскі і дэзынфікуючыя сродкі ў памеры 10% і гранічная максімальная гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) да адпускной цаны вытворцы (імпарцёра) — 15%.

На вялікі жаль, такія захады не могуць прывесці ні да чаго, апроч узнікнення дэфіцыту. Таму што асноўны эканамічны закон — закон попыту і прапановы — ніхто не адмяняе. Калі вытворцам усталяваць «гранічны нарматыў рэнтабельнасці», то вытворчасць тых самых масак можа аказацца нявыгаднай і… маскі проста перастануць вырабляць. Калі «лімітавая максімальная надбаўка імпарцёра» будзе дзейнічаць, можа ўзнікнуць недахоп дэзынфікуючых сродкаў: бо ў іх канцавы кошт укладаецца не толькі вытворчасць, але і транспарціроўка, размытненне, сертыфікацыя і шмат што яшчэ.

Больш за тое, такія захады спрыяюць ажыятажнаму попыту. Адна справа — ведаць, што ты заўсёды можаш набыць тую ж маску, хай і нятанна. Іншая справа — калі ты не ведаеш, ці будуць гэтыя маскі ў продажы, бо МАРГ абмежаваў цэны на іх, што можа зрабіць вытворчасць нерэнтабельнай. А раптам «лавачка прыкрыецца»?

Таму захады МАРГ і КДК яшчэ больш распальваюць той самы «каронапсіхоз», пра які грэбліва выказваецца Аляксандр Рыгоравіч.

З той жа серыі — пастанова Саўміна №184, якой забараняецца павышаць цэны (тарыфы) больш чым на 0,5% штомесяц. Прычым, забараняецца ўсім — юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам-вытворцам, імпарцёрам, аптавікам, а таксама тым, хто аказвае любыя віды паслуг. Горш за тое: як напісана ў пастанове Саўміна, павышаць цэны больш дапушчальнага ў сувязі з ростам кантрактнай цаны, курсавых ваганняў, расходаў і па іншых прычынах з гэтага часу дазваляецца «толькі пасля ўзгаднення з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў».

У такім разе, варта долару зноў узляцець — і з паліцаў крамаў адразу ж знікне імпарт. Такім чынам і ўтвараецца дэфіцыт.

Можа, нам рыхтавацца да ўзнікнення «чорных рынкаў»?