Вялікі зыход ІТ з Беларусі — як мазгі і грошы ўцякаюць з краіны. Што мы страцілі?
IT-сфера ў Беларусі імкліва расла, пакуль яе не чапалі. Пры гэтым у IT дзяржава не ўклала абсалютна нічога. Дапамога дзяржавы на той момант хутчэй палягала ў тым, што яна не перашкаджала развіццю — і паралельна атрымлівала за сваю бяздзейнасць велізарныя бонусы.
IT-сфера сёння для Беларусі — лакмусавая папера, якая паказвае, што адбываецца з эканомікай краіны ў цэлым. Чаму?
IT — гэта досыць новая сфера, якая апынулася найбольш інтэграванай у замежныя эканомікі і стала своеасаблівым францірам, якім у апошнія гады можна было заслужана ганарыцца і разлічваць на тое, што менавіта інвестыцыі ў «мазгі» — будучыня нашай краіны. Здаецца, пакуль не лёс, піша «Кошт Урада».
Галіна, якая яшчэ нядаўна бурна развілася, цяпер здзімаецца — і, мяркуючы па ўсім, мы і далей будзем з сумам назіраць, як «мазгі» і заробленыя з іх дапамогай грошы выцякаюць з краіны.
Айцішка, вядома, не сыдзе з Беларусі цалкам, але ўжо цяпер мы бачым, што яна трансфармуецца ў нешта абсалютна іншае, зусім не падобнае на перспектыўны пункт росту.
Каб зразумець маштабы трагедыі і зрабіць высновы, важна ацаніць і палічыць страты, якія ўжо здарыліся, і паразважаць, што можа адбыцца найбліжэйшым часам.
Першае, з чым прыйдзецца змірыцца: падзенне, якое адбылося ў 2022 годзе, — гэта не выпадковасць і не разавая гісторыя. На жаль, гэта тэндэнцыя, якая расцягнецца на бліжэйшую аглядную будучыню.
Страты з пункту гледжання працоўных рэсурсаў
У Беларусі ёсць натуральная, як казаў адзін кіраўнік, «Богам дадзеная» перавага, дзякуючы якой айцішка імкліва расла, пакуль яе не чапалі. Мы гаворым пра чалавечы капітал — рэсурс, за які адчайна канкуруюць усе развітыя краіны свету. Пачынаючы з 2012 года, на працягу дзесяцігоддзя, доля сферы «інфармацыя і сувязь» у ВУП краіны стабільна расла, пачынаючы са сціплых 2,2% у 2012-м да ўражлівых 7,3% у 2021-м. Беларуская айцішка вельмі хутка стала брэндам, які добра ведалі і шанавалі за мяжой.
Пры гэтым у IT-сферу дзяржава не ўклала абсалютна нічога. Наадварот, яна старанна знішчала сферу адукацыі, так неабходную для развіцця сферы высокіх тэхналогій. Ніхто за гэты час не стварыў новыя, спецыялізаваныя навучальныя ўстановы, каб забяспечыць галодны рынак новымі спецыялістамі. ВНУ са скрыпам перапісвалі старыя, напісаныя яшчэ па савецкіх лякалах навучальныя праграмы, пад новыя рэаліі. Высокатэхналагічныя кампаніі былі вымушаныя вылоўліваць перспектыўных студэнтаў на першых курсах, матэматычных алімпіядах і самастойна іх гадаваць і навучаць, часам канфліктуючы з кіраўніцтвам універсітэтаў.
Байка пра «выкармленую левую цыцку» галіны — не больш чым папулісцкая фантазія, якая не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Дзяржава не дапамагала расці IT, яна хутчэй не перашкаджала развіццю, паралельна атрымліваючы за сваю бяздзейнасць велізарныя бонусы.
ПВТ стаў паспяховым не дзякуючы, а насуперак — толькі таму, што ў адной, малазразумелай для сярэднестатыстычнага чыноўніка галіны, атрымалася працаваць не па ўнутраных беларускіх гора-традыцыях, а па агульнапрынятых міжнародных нормах.
Толькі паводле афіцыйных звестак за 2022 год, сфера «Інфармацыя і сувязь» страціла каля 16,5 тысяч спецыялістаў. Адразу расставім кропкі над «i»: па-першае, мы разумеем, што пераважная частка гэтых людзей сышла менавіта з ІТ, а па-другое — гэтыя спецыялісты не проста звольніліся, а з'ехалі з краіны.
Можна з вялікай доляй верагоднасці выказаць здагадку, што рэальныя лічбы значна большыя. Але нават калі ўзяць за кропку адліку 16,5 тысячы, то гэта страта 11% ад шырокай галіны, або 16% — ад непасрэдна IT.
А калі мы дадамо, што статыстыка не ўлічвае даныя малых арганізацый, то можна смела выказаць здагадку, што сітуацыя нашмат больш сумная, і са сферы высокіх тэхналогій сышло не менш за 25% спецыялістаў.
Дадайце да гэтага, што нямала беларускіх айцішнікаў пакуль фізічна знаходзяцца ў Беларусі, але ўжо цалкам перасяліліся ў замежныя кампаніі. Таксама часта здараецца, што юрыдычна айцішнікі яшчэ лічацца ў Беларусі, хоць рэальна ўжо жывуць у Польшчы, Грузіі, Казахстане ці Літве.
Што гэта значыць для Беларусі?
Па-першае, гэта рэальныя страты чалавечага капіталу. За мяжу з’ехалі светлыя розумы, аднаўляць толькі гэтую страту прыйдзецца многія гады.
Па-другое, гэта — дэмаграфічная катастрофа, бо краіну пакінулі маладыя людзі, якія ствараюць сем'і, якія нараджаюць дзяцей, і што важна — яны валодаюць усімі фінансавымі і інтэлектуальнымі рэсурсамі, каб гэтых дзяцей якасна вырасціць і выхаваць. Пры сітуацыі, калі ў краіне няўмольна расце доля пажылога насельніцтва, гэта двойчы катастрофа.
Страты з пункту гледжання эканомікі
Калі мы палічым, колькі прыносіць у эканоміку адзін айцішнік і экстрапалюем гэтую лічбу на 16,5 тысяч тых, хто з'ехаў, то атрымаем страты ў выручцы парадку 1,5 мільярда рублёў. Наша логіка падліку такая: уклад сферы «Інфармацыя і сувязь» у ВУП краіны за 2022 год складае 12,7 млрд., пры занятасці ў сферы ў 144 тысяч чалавек гэта — па 888,6 тыс. рублёў даданага кошту на аднаго занятага ў год. У гэтым выпадку страта 16 500 чалавек за год – гэта 1 млрд 455 млн рублёў. Гэта вельмі шмат.
Прычым гэтая сума, у асноўным — зарплата спецыялістаў (сярэдні заробак у ІТ у мінулым годзе — 6500 рублёў у месяц, ці 78 000 рублёў у год, пры страце 16 500 чалавек — гэта 1 млрд 287 млн рублёў).
Гэта вельмі важны момант. Чаму? Для таго, каб зрабіць выручку мільярд дзе-небудзь у прамысловасці або будаўнічай галіне, трэба выдаткаваць у сярэднім ад 700 да 900 млн — гэта грошы, якія сыдуць на матэрыялы, абсталяванне і гэтак далей. А ў айцішцы вялікая частка згенераваных фінансаў — чыстыя грошы, якія траціліся ў Беларусі, можна сказаць, адразу ўкладваліся ў беларускія тавары і паслугі, насычалі эканоміку.
Іншымі словамі, добраму токару для паспяховай працы патрэбны станок з лічбавым праграмным кіраваннем, пабудаваны цэх, складскія памяшканні і цэлы парк аўтатранспарту, які будзе прывозіць матэрыялы і пасля развозіць вырабы.
Айцішніку для працы патрэбен ноўтбук, кава, стол і якасная медыцынская страхоўка. Выдаткі значна меншыя, а профіт для краіны — несувымерна вышэйшы. Літаральна: прыняў яго на працу, і на наступны месяц грошы ўжо пацяклі ў бюджэт шырокім раўчуком ад прамых і ўскосных падаткаў. Зыходзячы з гэтага, утылітарнага пункту гледжання, страту аднаго айцішніка можна прыраўняць па значнасці для эканомікі краіны да страты дзясятка спецыялістаў у іншых галінах. Мы не зніжаем значнасць іншых не менш важных прафесій і галін. Проста ў сучаснай эканоміцы сфера паслуг у цэлым і ІТ у прыватнасці прыносяць эканоміцы вельмі высокую дабаўленую вартасць адносна ўкладзеных рэсурсаў.
Нават калі мы палічым падаходны падатак па льготнай стаўцы (які пакуль яшчэ існуе для ПВТ), чыстая страта складае 115 мільёнаў рублёў. А яшчэ гэта страта ФСАН — нават па льготнай стаўцы каля 110 млн рублёў. Дадайце да гэтага, што, умоўна, палову сваіх даходаў айцішнікі праелі ў крамах і прагулялі на Зыбіцкай, а гэта значыць, што страта ПДВ (20%) склала каля 130 млн.
Значыць, калі толькі разам палічыць асноўныя падатковыя паступленні, мы бачым, што за год толькі бюджэт недаатрымае мінімум 350 мільёнаў падаткаў!
А калі паглыбіцца далей, мы ўбачым, што айцішнікі купілі прадукцыю ў беларускіх прадпрыемстваў, дазволіўшы ім далей паспяхова існаваць, а супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў таксама плацяць ФСАН, прычым не па льготнай стаўцы, а ўсе паўнаважкія 34%. Працягваць пералічваць астатнія ўскосныя страты можна вельмі доўга, спрацоўвае эфект мультыплікатара.
Дадамо да гэтага менш відавочныя, але вельмі значныя страты. Напрыклад, страты ў рэпутацыі — рынак, з якога ўцякаюць спецыялісты, наўрад ці зацікавіць інвестараў. А яшчэ страты ў кааперацыі — IT-сфера ў апошнія гады актыўна праточвалася ў сумежныя і нават зусім далёкія ад яе галіны, насычаючы іх інвестыцыямі і перадавымі тэхналогіямі: ад медыцыны і будаўніцтва да сельскай гаспадаркі і адукацыі.
Нашы страты — гэта нечыя выгады
Па законе захавання энергіі, калі ў адным месцы зменшылася, то ў іншым — абавязкова прыбудзе. На жаль, меншае цяпер у Беларусі, і мы можам назіраць, як гэта адбіваецца на эканоміцы суседніх краін. Мы бачым рэзкі рост высокадаходных кампаній у Літве, Польшчы, Грузіі, Арменіі. Там нечакана для саміх суседзяў, як быццам ніадкуль, з'явілася вельмі шмат людзей, якія плацяць вялікія падаткі. Беларускія IT-кампаніі ўжо сталі топавымі падаткаплацельшчыкамі ў Прыбалтыйскіх краінах.
Напрыклад, літоўская дачка EPAM заплаціла ў мясцовую казну 10,4 мільёна еўра падаткаў і стала найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам IT‑галіны Літвы за 2022 год, абышоўшы дата-цэнтр амерыканскага плацёжнага сэрвісу Western Union, які даў казне 9,1 мільёнаў еўра. І гэта толькі адзін з прыкладаў. У лік найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў краіны ўжо ўваходзяць кампаніі са знаёмымі нам назвамі Wargaming Vilnius (8,5 мільёна еўра), Melsoft LT (4,1 мільёна еўра) і Gurtam (2,5 мільёна еўра).
У Варшаве, Тбілісі і Вільні беларускія айцішнікі — жаданыя арандатары жылля, якія ўзнялі кошты на арэнду да небывалых вышынь. Тое ж датычыцца і продажу жылля — маленькай сенсацыяй на літоўскім рынку нерухомасці ў 2021 годзе стала аднаразовая купля кампаніяй Wargaming 76 кватэр у прэстыжным жылым комплексе Tower. Паводле ацэнак экспертаў, сума гэтай здзелкі можа даходзіць да 20 млн еўра.
Міжнародная кансалтынгавая кампанія CBRE паведамляе, што на дадзены момант існуюць ужо больш за 2600 польскіх кампаній, у якіх адным з акцыянераў з'яўляецца беларуская кампанія або асоба з беларускім грамадзянствам.
Мы бачым, што беларускія айцішнікі не проста выязджаюць з краіны, яны пакідаюць яе надоўга, многія, на жаль, назаўжды.
***
Вернемся ў Беларусь. У што ж трансфармуецца сёння наша IT-галіна? Нагадаем вам, што большасць сфер бізнесу, якія наш урад узяўся «руліць» у ручным рэжыме, у выніку апынулася ўрэгуляваным да стану «пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы». Былі грандыёзныя праекты па рэканструкцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічай галіны, — і кожны раз яны заканчваліся вялікім расчараваннем — нежыццяздольным, забюракратызаваным балотам з прадпрыемствамі, якія загразлі ў даўгах і карупцыі.
Мяркуючы па ўсім, падобная доля чакае і IT-сферу.
Пераклад НЧ