Хто будзе карміць пенсіянераў ужо ў найбліжэйшай будучыні?

У 2022 годзе беларуская эканоміка страціла больш за 70 тысяч чалавек. Што стала з гэтымі людзьмі?

imgl0555_logo.jpg

Тэмпы, з якімі наша краіна губляе працоўныя рукі, прымушаюць задумацца, хто будзе карміць пенсіянераў ужо ў найбліжэйшай будучыні.

Сітуацыя вельмі трывожная, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». Насельніцтва агулам старэе, нараджальнасць нізкая, прычым настолькі, што новыя пакаленні не могуць аднавіць тыя, што сыходзяць. Каэфіцыент нараджальнасці каля 1,4, у той час як для росту трэба значэнне большае за 2.

На гэтым фоне рынак працы імкліва губляе кадры — і відавочна, што гэты адток мае далёка не толькі натуральныя прычыны.

У 2022 годзе розніца паміж прынятымі і звольненымі ў эканоміцы Беларусі перавысіла 74 тысячы чалавек. Годам раней назіралася аналагічная карціна. Да гэтага адток быў у паўтара разы ніжэйшы, але з 2020 года мясцовы рынак працы зведаў на сабе цэлую чараду шокаў.


Па-першае, пандэмія. Covid-19 перафарматаваў рынак працы ў свеце і прынёс з сабой рост смяротнасці, збой ланцужкоў паставак, зніжэнне глабальнага попыту, рост дыстанцыйнай працы, фрагментацыю рынкаў і змяненне міграцыйных патокаў. Беларусь не стала выключэннем і напоўніцу адчула на сабе гэтыя глабальныя змены.

Па-другое, эканамічных крызіс, які запаволіў тэмпы росту вядучых эканомік і разагнаў інфляцыю. Пандэмія толькі ўзмацніла яго негатыўнае ўздзеянне і зрабіла больш працяглым.

Па-трэцяе, палітычны крызіс, які, акрамя ўсяго іншага, істотна ўзмацніў адток насельніцтва з краіны. Асабліва пацярпелі найбольш развітыя і адчувальныя галіны эканомікі. Адны, як сфера інфармацыйных тэхналогій, сталі падаць. Іншыя, як ахова здароўя, губляць найбольш кваліфікаваныя і канкурэнтаздольныя кадры.

94495731759495f6d72d8.jpg


Асаблівасцю праблем рынку працы Беларусі становіцца больш істотны адток кадраў са сталіцы. Так, калі ў 2017 годзе на Мінск прыпадала толькі 2% сумарнага адтоку кадраў, то ў 2022 годзе ўжо 38%! У выніку ў мінулым годзе рэгіёны страцілі па 6–9 тысяч работнікаў, а сталічны рынак працы амаль 30 тысяч.

За папярэднія пяць гадоў не было і года, каб сталіца і рэгіёны не гублялі кадры. Усяго ж за папярэднія пяць гадоў рэгіёны згубілі 33–37 тысяч занятых, а сталіца — 66 тысяч.

Пытанне ў тым, куды дзеліся дзясяткі тысяч супрацоўнікаў і кім яны з'яўляліся, хутчэй рытарычнае. Немалая частка з іх — айцішнікі: маладыя, забяспечаныя, мабільныя і крэатыўныя. Значная іх частка з’ехала за мяжу і цяпер працуе на карысць Польшчы, Літвы, Грузіі ды іншых краін.