Азбука паліталогіі: Страты чалавечага капіталу раней, чым праз 7–10 гадоў, не аднавіць
«Абвалу эканомікі і краху прамысловасці не адбылося». Такім бачыцца галоўнае дасягненне беларускай мадэлі ў 2022 годзе яе архітэктарам.
З гэтай арыгінальнай ацэнкай варта пагадзіцца, бо крах, на думку людзей, якія ў эканоміцы разбіраюцца, — гэта калі спыняецца грамадскі транспарт і перастае працаваць ЖКГ у гарадах. Усё астатняе да гэтага моманту — папросту цяжкі крызіс.
Пра ступень крызісу на трэцім годзе чарговай пяцігодкі можна спрачацца. Колькі людзей — столькі і меркаванняў, а ў макраэканоміцы, зрэшты, як і ў палітыцы, разбіраюцца далёка не ўсе. Аднак для прадукцыйнага абмеркавання праблемы неабходна прыйсці да згоды наконт крытэрыяў.
Так, адным з агульнапрызнаных крытэрыяў лічыцца баланс імігрантаў (якія выязджаюць на ПМЖ) і эмігрантаў (якія ўязджаюць на ПМЖ) у краіну.
Растлумачу на прыкладзе Еўропы, пра крызісны стан якой у дзяржаўных СМІ не піша хіба што лянівы. Пісаць, канешне, яны пішуць, але што з таго? У 2022 годзе агенцтва Еўрасаюза па бежанцах зарэгістравала каля 330 тысяч незаконных перасячэнняў меж ЕС — рост на 64% у параўнанні з папярэднім пандэмійным годам.
Што да тых, хто законна перасек мяжу, — гэта асобная статыстыка. За час так званай расійскай «спецаперацыі» толькі ўкраінцаў у краіны ЕС уехала больш за 7,8 мільёна чалавек. На канец года колькасць бежанцаў з Украіны, якія атрымалі статус часовай абароны, складала 4,9 мільёна.
А як на гэтым фоне выглядае наша краіна, якая, калі верыць тэлевізару, зручная для жыцця і прэтэндуе на статус донара еўрапейскай стабільнасці?
Афіцыйныя меркаванні разыходзяцца. Абмяжуюся крайнімі. Першае прагучала 6 лютага падчас даклада генеральнага пракурора Андрэя Шведа: «Вось яны крычаць, што “мільён з Беларусі збег, вось яны ў Польшчы, Літве і Украіне, як гіены, стаяць па перыметры і ляскаюць зубамі”. Ніякіх там мільёнаў няма. Хтосьці называе дзве тысячы, хтосьці — да чатырох тысяч».
Як дзесяць кіламетраў для шалёнага сабакі не круг, так і 4 тысячы імігрантаў для эканомікі, у якой занята больш за 4 мільёны чалавек, не страта. Прынамсі, неспецыяліст без мікраскопа яе не разглядзіць.
Аднак зямля наша на спецыялістаў традыцыйна багатая, і кіраўнік галоўнай адміністрацыі краіны Ігар Сергяенка — адзін з іх. Амаль тыдзень таму, 8 лютага, на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама ён нагадаў, што эканоміка — усяму галава, аднак для яе эфектыўнага функцыянавання «важна не дапусціць крытычнага ўзроўню неабгрунтаванай унутранай і знешняй працоўнай міграцыі. Важна захаваць працоўную сілу ў вытворчых галінах эканомікі».
Невясёлыя сацыялогія і статыстыка
У сакавіку 2016 года НІСЭПД у апошні раз спытаў у беларусаў, ці хацелі б яны пераехаць у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства, калі б мелі такую магчымасць. Колькасць ахвочых пераехаць склала тады 41,8%. Тых, якія хацелі застацца, было 50,2%, і 8,3% не здолелі адказаць.
Такім чынам, пра жаданне застацца ў Беларусі заявілі 46,3% мужчын і 53,6% жанчын, 28,5% ва ўзросце 18–29 гадоў і 77,3% — ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых, 87,2% з пачатковай адукацыяй і 43,4% — з вышэйшай.
«У чарговы раз пацвердзілася залежнасць узроўню патрыятызму ад асобасных рэсурсаў людзей. Таму для таго, каб прэтэндаваць на званне «сапраўднага патрыёта» Беларусі, трэба быць сталага веку, неадукаваным і, пажадана, жанчынай», — рэзюмавалі сацыёлагі.
Зразумела, што ад дэкларацый, якія былі зафіксаваны падчас апытанняў, да іх рэальнага ажыццяўлення пераходзяць далёка не ўсе. Тым не менш, у 2021 годзе, паводле паведамлення «Eurostat», від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза атрымалі 149 тысяч беларусаў (а, напрыклад, у 2014 годзе такіх было 80 тысяч).
Яшчэ адна «зручная для жыцця» краіна — Расія. Толькі да верасня яе эканоміка страціла 600 тысяч чалавек працаздольнага ўзросту (даныя Мінэканамразвіцця РФ), а пасля абвяшчэння мабілізацыі ў верасні краіну пакінулі яшчэ 1,1 мільёна чалавек.
Такая афіцыйная статыстыка. Пракаментую яе з дапамогай расійскага эканаміста Аляксандра Аўзана: «Да паўтара мільёна чалавек пакінулі краіну і звезлі з сабой вельмі істотныя кваліфікацыі. Як чалавек, заняты вытворчасцю чалавечага капіталу, і як універсітэцкі прафесар і дэкан я вам хачу сказаць, што чалавечы капітал вырабляецца павольна. Аднавіць тое, што мы страцілі, наўрад ці зможам раней, чым праз 7–10 гадоў».
Манцёр Мечнікаў і прыватныя інвестыцыі
Разумныя людзі сцвярджаюць, што наш час характарызуецца трыма ключавымі выклікамі: нявызначанасцю, складанасцю і разнастайнасцю.
На гэту трыяду беларуская мадэль выпрацавала ўніверсальны адказ — спрашчэнне. У яго аснове ляжыць уладная «вертыкаль», на якую, як кавалкі мяса на шампур, нанізаны дзяржаўныя інстытуты.
Эканоміка, калі хто забыўся, усяму галава. Рынкавая эканоміка — прыклад канцэнтрацыі нявызначанасці, складанасці і разнастайнасці ў адным флаконе. Рынкавай эканоміцы супрацьстаіць эканоміка камандна-адміністрацыйная. Але ў чыстым выглядзе нават у СССР яе не існавала. Прыгадаем манцёра Мечнікава з «12 крэслаў» Ільфа і Пятрова: «Раніцай — грошы, вечарам — крэслы, ці вечарам — грошы, а на другі дзень раніцай — крэслы».
Упэўнены, што «Эканомікс» Самуэльсана змучаны нарзанам чалавек не чытаў. Ён ішоў ад жыцця — і ішоў у правільным кірунку, бо на інтуітыўным узроўні разумеў: нішто так не спрыяе даверу паміж людзьмі, як 100-працэнтная перадаплата.
Аднак у эканоміках, схільных да спрашчэння, усім кіруюць прамыя карысныя ўказанні. Растлумачу на прыкладзе інвестыцый, якія не абышоў увагай Ігар Сергяенка на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама.
У свеце манцёра Мечнікава пераважаюць прыватныя інвестыцыі, роля ж дзяржаўных інстытутаў зводзіцца да стварэння ўмоў для іх прыцягнення. У свеце ўладных «вертыкалей» розным Ігарам Сергяенкам даводзіцца ўвесь час нагадваць «кіраўнікам райвыканкамаў, што да канца года ў кожным раёне вобласці і краіны павінны быць рэалізаваны па 1–2 інвестыцыйныя праекты». Інакш забудуць, што «стварэнне вытворчасцей па выпуску прадукцыі з высокім дабаўленым коштам і новых працоўных месцаў — гэта базавае даручэнне кіраўніка дзяржавы».
Вынікі 2022 года наяўнасць праблем з памяццю ў кіраўнікоў Магілёўскай вобласці пацвярджаюць: замест запланаванага тэмпу росту ў 103,3% інвестыцыі скараціліся на 12,9%. Аднак на фоне астатніх абласцей Магілёўская выглядае яшчэ годна — яна на другім прызавым месцы. У лідарах жа — Брэсцкая вобласць, якая скараціла інвестыцыі за год на сціплыя па беларускіх мерках 10,3 працэнта.