Не толькі лекары і ІТ-шнікі. Беларуская культура і спорт страцілі 6 тысяч чалавек
Калі кажуць пра ад’езд беларусаў за мяжу, часцей за ўсё згадваюць ІТ-шнікаў, лекараў, прадпрымальнікаў, будаўнікоў… Так, гэта важна, бо, губляючы кадры, асабліва ў высокапрадукцыйных галінах, эканоміка асуджана на стагнацыю.

Але гэтым разам тэлеграм-канал «Нашы грошы» звярнуў увагу на менш папулярныя сферы — спорт, культура, адпачынак. На жаль, іх стан мала чым адрозніваецца ад астатніх: бачна агульнае зніжэнне занятасці, сезонныя адтокі і недастатковы прыход новых кадраў восенню.
За тры гады гэтыя сферы страцілі амаль 6 тысяч чалавек, калі лічыць розніцу паміж прынятымі на працу і звольненымі. Для галіны, дзе агульная занятасць каля 80 тысяч, гэта вельмі значная страта. У названым перыядзе асноўны адток кадраў прыпадае на 2020 год — момант, калі беларускае грамадства ў вачах улады падзялілася на «сваіх» і «чужых». У далейшым адток стабілізаваўся і складае каля тысячы чалавек на год.
Але тут мы пагаворым толькі аб грашах. Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата за мінулы год у творчай дзейнасці была на 39% ніжэйшай за сярэднюю па краіне. У дзейнасці бібліятэк і архіваў — на 51%, а ў сферы фізкультуры і спорту — на 26%.
Санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненні да Беларусі, распаўсюджваюцца і на спартыўную сферу. Хваравіта ўспрынялі адмову ад правядзення хакейнага чэмпіянату свету ў Мінску ў 2021 годзе. Пад пытаннем удзел беларускіх атлетаў у Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы.
Нагадаем, што, па падліках экспертаў, за апошнія гады Беларусь пакінулі (і працягваюць пакідаць) да 500 тысяч чалавек. Толькі ў 2021 годзе, паводле паведамлення «Eurostat», від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза атрымалі 149 тысяч беларусаў. Але ж беларусы едуць не толькі ў Еўропу, і не ўсе з іх атрымліваюць від на жыхарства.

Лукашэнка імкнецца не заўважаць праблемы: 6 лютага падчас даклада генеральнага пракурора Андрэя Шведа ён сказаў: «Вось яны крычаць, што "мільён з Беларусі збег, вось яны ў Польшчы, Літве і Украіне, як гіены, стаяць па перыметры і ляскаюць зубамі”. Ніякіх там мільёнаў няма. Хтосьці называе дзве тысячы, хтосьці — да чатырох тысяч».
Аднак кіраўнік галоўнай адміністрацыі краіны Ігар Сергяенка 8 лютага на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама ўскосна прызнаў праблему, кажучы, што для эфектыўнага функцыянавання эканомікі «важна не дапусціць крытычнага ўзроўню неабгрунтаванай унутранай і знешняй працоўнай міграцыі, важна захаваць працоўную сілу ў вытворчых галінах эканомікі».
