Гурт РСП: «Калі-небудзь усё атрымаецца вярнуць назад»
Культавы беларускі гурт «Разбітае сэрца пацана» ўжо два гады не мае магчымасці ладзіць канцэрты ў роднай краіне. Але Беларусь цяпер не прывязаная да канкрэтнай лакацыі: музыкі знаходзяць сваю аўдыторыю і ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Берліне. Пра эміграцыю, уцёкі ад вайны і пра сваю творчасць удзельнікі гурта паразмаўлялі з «Нямецкай хваляй».
Напрыканцы лютага 2022 года беларускі музыка і акцёр Дзяніс Тарасенка, які толькі за год да таго эміграваў з Мінска ў Ірпень, пад'ехаў на сваёй машыне да запраўкі, якая цудам, нягледзячы на вайну, працавала на ўскраіне горада. Расійскія войскі ўжо спрабавалі ўвайсці ў Ірпень, у некалькіх сотнях метраў ад запраўкі разрываліся снарады, але яму ўдалося заправіць машыну і пакінуць раён баявых дзеянняў.
«Мы адседжваліся ў падвалах, хаваліся ад артабстрэлаў. І ў перапынку паміж імі нам удалося вырвацца. Але бензіну не было, і калі б не тая запраўка, я б тут не сядзеў. Яна выратавала мне жыццё», — расказвае ён журналісту «Нямецкай хвалі» ў грымёрцы перад берлінскім канцэртам. Цяпер Дзяніс жыве ў Варшаве, і пра яго жыццё, як і пра жыццё яго напарніка па гурце «Разбітае сэрца пацана» Паўла Гарадніцкага, можна здымаць кіно.
«Я паўсюль — часовы пасажыр»
Зрэшты, такое кіно ўжо ёсць. У сакавіку 2021 года ў Берліне на кінафестывалі «Берлінале» паказалі дакументальны фільм Аляксея Палуяна пра беларускія пратэсты 2020 года «Кураж», сярод галоўных герояў якога былі Дзяніс і Павел. Падчас здымак яны толькі разважалі пра эміграцыю, але пакінуць родную краіну тады не адважыліся. 13 лютага 2021 года музыкаў затрымалі на канцэрце «Разбітага сэрца пацана» — разам з усімі гледачамі. Яны правялі 15 сутак у СІЗА Жодзіна і праз месяц пакінулі Беларусь, з'ехаўшы ў Кіеў. Пасля расійскага ўварвання ім давялося рухацца далей.
«Я вынес з гэтага ўсяго лайфхак: галоўнае — не забарахляцца. Каб рэчаў было няшмат. Каб іх можна было зручна ўзяць і перанесці кудысьці ў іншую краіну. Я да гэтага часу не асеў нідзе, я паўсюль часовы пасажыр», — кажа Дзяніс.
«Еду я на ровары, а ў кармане долары»
Беларускія праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі на пару гадоў раней пражылі той досвед, які чакаў шматлікіх расійскіх праціўнікаў Пуціна — неабходнасць пакінуць сваю краіну, тугу па ёй і немагчымасць вярнуцца. Яшчэ ва Украіне гурт «Разбітае сэрца пацана» запісаў песню «Ровар» пра эміграцыю.
Гэта адначасова вясёлая і сумная песня, у якой ёсць і сапраўдны боль, і каханне, і нежаданне адказваць злом на зло, а герой яе голым едзе на ровары назад у Беларусь праз усе межы: «Пусць мяне цалуюць в зад, но блясцяць слязой глаза — я на гэтым ровары ўсё хачу вярнуць назад».
«Пасля пачатку вайны, у Вільні, Дзяніс напісаў злую песню. З мацюкамі. Набалела — і яна склалася. Але мы вырашылі нават не публікаваць яе, каб не пладзіць агрэсію. Мы стараемся знаходзіць у творчасці пазітыўную эмоцыю — нават у такія часы», — тлумачыць Павел Гарадніцкі.
Трасянка ўзроўню B2
Калі карэспандэнт «Нямецкай хвалі» распытваў музыкаў пра трасянку, задаючы наіўны пытанне пра тое, як яны яе асвоілі, тыя не змаглі стрымаць смеху. «У школе дзесяць гадоў вучылі», — кажа Павел. «У мяне узровень B2 па трасянцы», — пацвярджае Дзяніс.
«У нас рускую слаба ведаюць, і беларускую слаба ведаюць. І размаўляюць ужо як атрымліваецца. Што маем — тое маем. Раней на трасянцы спявалі даволі шмат гуртоў, але мы адзіныя засталіся на плаву. Мы дыназаўры. Час паказаў, што самая жыццяздольная трасянка — у РСП», — тлумачаць музыкі.
Гурт у яго цяперашнім складзе і электрычным гучанні сапраўды з'явіўся ў далёкім 2005 годзе, але доўгі час быў хутчэй хобі, чым прафесіяй. Сапраўдны поспех прыйшоў да калектыву незадоўга да пандэміі — яго 15-годдзе меркавалася адзначыць грандыёзным канцэртам у Мінску. Цяпер грандыёзныя канцэрты даводзіцца ладзіць у Варшаве, Вільні і Берліне.
«Варшава — гэта Мінск на минималках», — кажа Павел. «На максімалках, — папраўляе Дзяніс. — Ты граеш канцэрт, і сёння зусім няма розніцы, робіш ты гэта ў Беларусі ці Варшаве. Усе тыя ж людзі, якіх ты бачыў у Мінску, стаяць перад табой. Усе з'ехалі».
Недаступныя канцэрты РСП толькі для жыхароў Мінска. Абодва музыкі прызнаюць, што «нагаварылі і напелі ўжо на 25 гадоў» — але «ровары» змазаныя і заўсёды пад рукой. Калі-небудзь усё сапраўды атрымаецца вярнуць назад.