Сын і бацька Кузнечыкі, якія ў 2020 годзе хаваліся ў амбасадзе Швецыі, атрымалі прытулак у Латвіі

Пра гэта «Народнай Волі» паведаміў адвакат беларусаў, якія амаль два гады жылі ў пасольстве Швецыі ў Мінску.

Фота з адкрытых крыніц

Фота з адкрытых крыніц

Нагадаем, што ў 2020 годзе жыхары Віцебска бацька і сын Кузнечыкі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Калі яны зразумелі, што ім пагражае затрыманне, мужчыны перабраліся праз плот дыпламатычнага прадстаўніцтва і засталіся на тэрыторыі пасольства.

У мінулым годзе стала вядома, што Кузнечыкі змаглі збегчы ў Латвію.

«Не так даўно Віталь і Уладзіслаў атрымалі статус бежанцаў і зараз будуць вырашаць, што ім рабіць далей, — распавёў «Народнай Волі» іх адвакат Вадзім Драздоў. — Яны даволі доўга чакалі атрымання гэтага статусу, працэдуру зацягнулі, хаця, як мне падаецца, там і так усё было зразумела».

Паводле слоў адваката, гэты статус дазваляе Кузнечыкам перасоўвацца па ўсёй Еўропе.

«Таксама пасля атрымання статусу бежанцаў улады Латвіі не могуць да іх адносіцца горш, чым да любога іншага замежнага грамадзяніна, які пражывае на тэрыторыі Латвіі, — дадае Вадзім Драздоў. — Раней Віталь і Уладзіслаў былі заблакіраваны ў краіне, напрыклад, не маглі з’ездзіць у суседнія Літву ці Эстонію.

Зараз Кузнечыкі могуць мабільна перасоўвацца па Еўропе, атрымаюць праязны дакумент і дазвол на працу. Не выключана, што з часам з’едуць у іншую краіну, але, натуральна, канчатковае рашэнне яны будуць прымаць самі».

Таксама бацька і сын Кузнечыкі плануюць напісаць кнігу пра свае прыгоды ў апошнія два гады.

«Віталь і Уладзіслаў пастаянна вялі дзённік, запісвалі ўсё тое, што з імі адбывалася штодзень, а зараз у іх ёсць жаданне ўсё гэта літаратурна аформіць і выдаць кнігу», — кажа іх адвакат.