Як жывуць Кузнечыкі, якія ўцяклі з-пад носа КДБ і ГУБАЗіК?
Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі распавялі, ці прынялі б зноў рашэнне лезці праз плот у амбасаду Швецыі.
Віцябляне Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі ў мінулым годзе ўцяклі са шведскай амбасады, дзе хаваліся ад беларускіх сілавікоў. Беларусы дабраліся да беларуска-латвійскай мяжы, перасеклі яе і апынуліся ў Рызе. І ўсё гэта яны змаглі ажыццявіць нягледзячы на тое, што сілавікі назіралі за амбасадай пастаянна. Прайшло восем месяцаў. Як цяпер справы ў бацькі і сына, высвятляла «Люстэрка».
«Дачка, калі мяне ўбачыла, плакала»
Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі вось ужо некалькі тыдняў не жывуць у лагеры бежанцаў, куды іх адправілі пасля перасячэння мяжы. Два месяцы таму яны атрымалі статус бежанцаў у Латвіі на пяць гадоў і здолелі зняць кватэру ў Рызе.
— Фактычна, статус бежанца — гэта пастаянны від на жыхарства ў Латвіі. Ён дае такія ж правы, як у грамадзяніна, толькі мы не маем права працаваць на дзяржаўных пасадах і галасаваць, — расказвае Уладзіслаў, з якім журналісты размаўлялі па тэлефоне. — У лагеры бежанцаў да нас ставіліся, як і да ўсіх. Ніякіх лішніх пытанняў і нейкага асаблівага стаўлення не было. Праўда, нашу заяву разглядалі даўжэй, чым звычайна, працягнулі тэрмін на два месяцы. Мы здзівіліся, здавалася б, у нас быў самы моцны кейс. Ды і беларусам звычайна статус бежанцаў даюць без праблем. Напрыклад, былі людзі з крымінальнымі справамі за каментары. Яны атрымалі статус хутчэй, чым мы. Як патлумачылі ўлады, па нас звяралі нейкія звесткі.
Што да здароўя (нагадаем, Уладзіслаў перанёс рак), то ў верасні віцяблянін змог прайсці абследаванне і выдыхнуць: рэмісія працягваецца і са здароўем усё добра.
— У бацькі ёсць пытанні са зрокам. Але нічога сур’ёзнага пакуль, на шчасце, усё адносна нармальна, — адзначае мужчына.
Цяпер Кузнечыкі вырашаюць пытанні з працай, а пакуль жывуць на дапамогу, якую ім плаціць Латвія. Сам Уладзіслаў займаўся валанцёрствам у адной з украінскіх арганізацый.
— У планах адкрыць уласны бізнес. Будзем глядзець, атрымаецца ці не атрымаецца, — кажа Кузнечык-малодшы (у сям'і ў Віцебску было некалькі пунктаў па продажы жаночага адзення). — Яшчэ — перавезці сям’ю ў Еўропу. Цяпер вось займаюся гэтымі пытаннямі.
З роднымі, дарэчы, Кузнечыкі бачыліся ўжо двойчы. Уладзіслаў кажа, што першая сустрэча пасля амаль двух гадоў знаходжання ў амбасадзе была вельмі эмацыйнай.
— Дачка, калі мяне ўбачыла, плакала, — успамінае беларус. — Вядома, былі задаволеныя і шчаслівыя — столькі не бачыліся.
Уладзіслаў дадае, што пасля іх інтэрв'ю «Люстэрку» адгукнулася вельмі шмат беларусаў, якія пісалі словы падтрымкі і дапамагалі, але не толькі яны.
— З'явілася вельмі шмат добрых знаёмых. І з Украіны, і з Расіі, — адзначае наш суразмоўца.
Пасля ад’езду беларускія спецслужбы перасталі трывожыць Кузнечыкаў і іх родных. Уладзіслаў кажа, што пасля ўцёкаў ніхто з сілавікоў не спрабаваў выходзіць на сувязь ні з ім, ні з бацькам: напэўна, вырашылі забыць. Пачуўшы афіцыйную версію, што сілавікі адпусцілі ўцекачоў, мужчына толькі ўсміхаецца.
— Праз знаёмых даведаліся ў людзей, якія працуюць у органах, што ўсё закруцілася пасля інтэрв'ю «Люстэрку». Тады пачаўся рух вакол амбасады, сілавікі пачалі хадзіць, правяраць. Трэба было яшчэ пераканацца, што нас там няма насамрэч. Яны нават і блізка не заўважылі нічога. То-бок усё было талкова і беспамылкова зроблена, — адзначае Кузнечык.
З супрацоўнікамі амбасады Швецыі, з якімі яны жылі разам столькі месяцаў, Кузнечыкі практычна не камунікуюць.
— Кантактаў асаблівых са Швецыяй мы не трымаем. Былі б і не супраць, але, можа быць, ім нельга, — кажа Уладзіслаў. — Я думаю, яны толькі выдыхнулі, што мы з’ехалі і ў нас усё атрымалася.
«Цяпер не верыцца, што такое з намі здарылася»
— Адышлі ад усяго ўжо? Ці сніцца, што зноў у амбасадзе седзіце?
— А вы ведаеце, не сніцца. Адносна хутка прывыкаеш да свабоды. Калі адразу мы трапілі ў Латвію, не ўсведамлялі месяц-два, што можна пайсці куды заўгодна, рабіць што заўгодна. А цяпер амбасада — гэта нібы сон быў. Тыя адчуванні, калі ты думаў, што вось гэта твой нейкі маленькі свет і ты з яго выбрацца не можаш. Ад безвыходнасці я ўжо не ведаў, што рабіць і як. Успамінаеш і думаеш: ну вось, у нас усё атрымалася. Тады не верылася ў гэта. А цяпер не верыцца, што такое магло быць і такое з намі здарылася. Рэальна, як у кіно ўсё адбылося.
— На сённяшні розум вы б прынялі такое рашэнне — лезці праз плот у амбасаду, а потым бегчы адтуль праз мяжу ў Латвію?
— Так разважаць таксама няпроста. Шмат момантаў, якіх тады мы не ведалі. Напрыклад, мы думалі, што трапіць у амбасаду і папрасіць бежанства можна. Але потым аказалася, што нельга. Калі б ведалі, то дзейнічалі б па-іншаму. Зноў жа, мы тады думалі, што праз мяжу вось так вось проста прайсці нерэальна, што там усё закрыта і не пралезці. А потым, ужо седзячы ў амбасадзе, пагутарыўшы з людзьмі, пачытаўшы навіны, мы зразумелі, што перайсці мяжу не так ужо і складана. Галоўнае — да яе дабрацца.
Ды і на той момант было адчуванне, што рэжым доўга не пратрымаецца. Здавалася, у амбасадзе пасядзім два-тры месяцы. Ну максімум да Новага года гэта ўсё пратрымаецца. А там выйдзем і пойдзем да сваёй сям'і. Зразумела, што ні ў якую Швецыю мы б не паехалі, нам гэта і не трэба было.
— На вашу думку, рызыка таго каштавала?
— Так, вядома. Мы ў любым выпадку трапілі б у турму, нас маглі катаваць. Невядома, што было б. Мы ўжо тут, у Еўропе, пазнаёміліся з чалавекам, які быў у той дзень (6 верасня 2020 года. — Заўв. рэд.) у Віцебску на акцыі пратэсту і трапіў разам з намі на відэа. Мы тады ўцяклі, а яго затрымалі. Дык вось ён расказаў, што яго на два гады пасадзілі. Проста за тое, што ён дубінку міліцыянта падняў і адкінуў убок. Казаў, што ў яго пра нас пыталі нават у калоніі, калі мы ўжо ў амбасадзе былі.
— Думалі, што было б, калі б не адважыліся ўцякаць з амбасады?
— Мы маглі б застацца ў амбасадзе. Але самае страшнае было тое, што ты ўжо не ведаеш, колькі там трэба будзе знаходзіцца. І чым больш мы там знаходзіліся, тым лепей разумелі, што рэжым няхутка сыдзе. Дайшлі да такога ўзроўню, што ўсведамлялі: рызыка, што нас схопяць, ёсць, але ёсць і шанец неяк выбрацца.
Праўда, спецслужбы таксама не сядзелі на месцы. Правакацыі прадумвалі. Да нашага знаёмага, які раней сядзеў у турме, прыходзілі беларускія кадэбэшнікі, каб мяне неяк выцягнуць. Гэтую інфармацыю нам перадалі праз знаёмых. Мы былі як стрэмка для іх. Яны збіраліся дастаць з амбасады хаця б аднаго. Другі, маўляў, сам выйдзе. Інфармацыі шмат, але пра ўсё гаварыць пакуль не магу.
«Не мы павінны прасіць прабачэння, а ў нас, у беларускага народа, які пацярпеў»
— Цяпер улады Беларусі клічуць усіх, хто з’ехаў, назад. Вы б вярнуліся дадому?
— Ведаеце, калі мы знаходзіліся ў амбасадзе, былі людзі, якія прапаноўвалі: «Давайце, папрасіцеся. Выходзьце з амбасады, папрасіце прабачэння, магчыма, вам даруюць». Мы катэгарычна казалі: «Не». Не мы павінны прасіць прабачэння, а ў нас, у беларускага народа, які пацярпеў. У Беларусь вяртацца цяпер сэнсу ніякага не бачу. Нават калі б мне сказалі, маўляў, усё, прыязджайце, з вас зняты ўсе абвінавачанні. Пры гэтай незаконнай уладзе я б не паехаў. Асабліва бачачы тое, што цяпер адбываецца.
— Ваш адвакат казаў, што вы цяпер пішаце кнігу. Пра што яна будзе?
— Я вёў дзённік, калі знаходзіўся ў амбасадзе. Цяпер шукаю людзей, якія б маглі дапамагчы мне напісаць кнігу, бо ў мяне няма досведу. Назвы пакуль няма. Яна будзе аўтабіяграфічная. Пра тое, як мы трапілі ў амбасаду, як жылі, пра што я думаў. Як з сябрамі мы размаўлялі, як яны рэагавалі. У гэтай сітуацыі я зразумеў, хто ёсць хто. Былі людзі, якія напісаць і патэлефанаваць мне ў амбасаду баяліся. Вось гэта дзіўна. У іх такі быў страх. А іншыя, ад якіх я не чакаў, наадварот, пісалі і тэлефанавалі. Тыя, з кім бачыліся раз на паўгода, можа, і камунікацыя была на ўзроўні «прывітанне-пакуль». Увогуле, пра ўсе свае перажыванні, а потым пра тое, як я адтуль выбраўся. Шмат чаго цікавага ёсць расказаць, чаго раней зусім не расказваў. Усё гэта можна будзе ў кнізе прачытаць.